Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля двухгадовага рамонту адчыняецца Белдзяржфілярмонія


Галіна Абакунчык, Менск 26 студзеня пасьля капітальнага рамонту для наведнікаў адчыняецца будынак Белдзяржфілярмоніі. Увечары ў абноўленай залі філярмоніі адбудзецца канцэрт Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру й Акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы.

Пра настроі слухачоў і іхнае чаканьне адкрыцьця філярмоніі красамоўна сьведчыць той факт, што квіткі на сёньняшні канцэрт разышліся яшчэ два тыдні таму. Для аматараў музыкі гэта сапраўды вялікая падзея, бо гэты канцэрт – першы за апошнія два гады. Менавіта гэтулькі доўжыўся капітальны рамонт, прычым ягонае завяршэньне некалькі разоў адтэрміноўвалася з-за фінансавых праблемаў.

Урачыстасьць плянавалася яшчэ ў мінулым годзе, але нават на сёньня тут зробленае ня ўсё: да прыкладу, не адрэстаўраваным застаўся арган. Але зараз кіраўніцтва філярмоніі стараецца аб праблемах не ўзгадваць, а больш зьвяртаць увагу на вынік рэканструкцыі: што ў будынку зьявілася дадатковая малая заля на 4-м паверсе, што ў пэрспэктыве заплянаваная трансьляцыя канцэртаў на вулічны экран. Вось што пра рэканструкцыю паведаміў у інтэрвію нашаму радыё намесьнік дырэктара Анатоль Кравец.

(Кравец: ) “Задаволены, і калі вы прыйдзеце, таксама будзеце задаволеныя. Карэнныя зьмены: лёгкасьць інтэр’еру, акрыленасьць. Калі заходзіш і цябе сустракае гэткі храм, то хочацца слухаць музыку. Вельмі арыгінальна зрабілі, і на ўзроўні ўсясьветных стандартаў”.

Як вядома, яшчэ вясной урад краіны прыняў адмысловую пастанову, якая прадугледжвае праграму рэканструкцыі шэрагу буйных тэатральных пляцовак краіны. Асобны параграф у ёй прысьвечаны Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру опэры й балета, які ад часу будаўніцтва ў 1937 годзе яшчэ ніводнага разу ня бачыў капітальнага рамонту.

Пра рамонт-рэканструкцыю опэрнага тэатру гаворка вядзецца не адзін год. Але на сёньня вядома толькі тое, што ягоная чарга настане пасьля завяршэньня будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Як вядома, кіраўнік краіны загадаў завяршыць яе ўзьвядзеньне да 1 верасьня. Пасьля гэтага ў стары будынак бібліятэкі пераедзе адміністрацыя тэатру й касьцюмерная. Вядома таксама, што на рамонт опэрнага адведзены гэткі ж мінімум часу, як і на будаўніцтва бібліятэкі – тры гады. А вось на якіх пляцоўках будуць праходзіць у гэты час спэктаклі – пакуль невядома. Вось што паведаміла ў інтэрвію нашаму радыё адна з адміністратарак тэатру Рэгіна Сарока:

(Сарока: ) “Нас павінны зачыніць, цалкам усё перарабіць: і грымёркі, і ў фае, і ў глядацкім зале – усё гэта плянуецца, але гэта вымагае вялікіх грошай. Гады чатыры дык дакладна ўсё гавораць пра рамонт, але ўсё ніяк ня могуць распачаць, паставілі на чаргу і ўсё чакаем. А праблема ў грашах. Пакуль мы працуем да ліпеня, а далей невядома. Як толькі даюць грошы на рамонт, то нас адразу зачыняюць, але калі гэта што будзе – ня ведаем”.

Паводле ўзгаданай урадавай праграмы, усяго ў Беларусі мусіць быць рэканструявана каля 20 тэатраў цягам бліжэйшых трох гадоў. Два зь іх у Менску – Новы драматычны й моладзевы тэатры. А 4 сакавіка пасьля капітальнага рамонту адбудзецца адкрыцьцё Беларускага дзяржтэатру лялек. З-за недахопу сродкаў ягоная рэканструкцыя замест заплянаваных 10 месяцаў доўжылася амаль два гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG