Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне адкрылася выстава пра ліквідацыю Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Франкфурце-на-Одэры, у адным з памяшканьняў Эўрапейскага ўнівэрсытэту Віядрына адкрылася фотавыстава “Мы працягваем”, прысьвечаная гісторыі закрыцьця ўладамі ў Менску Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Выстава адбываецца ў рамках канфэрэнцыі бэрлінскага зьвязу ўсходнеэўрапейскіх экспэртаў “JOE-fixe”. На ёй прадстаўлены некалькі дзесяткаў фотаздымкаў пра апошнія падзеі, зьвязаныя з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам. Замест подпісаў – загалоўкі артыкулаў дзяржаўнай і незалежнай прэсы. Арганізатары выставы – былыя студэнты ЭГУ, якія цяпер вымушаныя працягваць адукацыю ў нямецкім унівэрсытэце Віядрына, і студэнцкі зьвяз гэтай навучальнай установы “Лагода”, які займаецца беларускай тэматыкай.

Дзякуючы выставе “Мы працягваем”, можна пабачыць, як адбывалася ліквідацыя недзяржаўнай навучальнай установы ў Менску, аднаго з партнэраў унівэрсытэта Віядрына. Распавядае прадстаўніца “Лагоды”.

(Прадстаўніца “Лагоды”: ) “Мы паказваем фотаздымкі, аўтарамі якіх зьяўляюцца беларускія студэнты, якія мінулым летам бралі ўдзел у акцыях пратэсту перад будынкам ЭГУ, а таксама ў флэшмобе ля Палаца рэспублікі. На іх таксама адлюстраваныя моманты, калі студэнты пакідаюць унівэрсытэт. Частка здымкаў зробленая ўжо ў першыя дні знаходжаньня былых студэнтаў ЭГУ ў Нямеччыне.”

Былыя студэнты ЭГУ, што цяпер вучацца ў Франкфурту-на-Одэры цьвердзяць, што ня могуць прымірыцца з тым, што іх унівэрсытэт быў зачынены ўладамі Беларусі і таму хочуць нагадаць пра падзеі лета 2004 года, якія называюць “гуманітарнай катастрофай”. Перад выставай яны даслалі лісты на адрас міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Радзькова.

Фотавыстава “Мы працягваем” будзе знаходзіцца ў Віядрыне да 10 лютага. Але яе арганізатары спадзяюцца, што гэта будзе доўгатэрміновы праект і фотаздымкі пабачаць ва ўнівэрсытэтах – Баўгарыі, Нямеччыны, Ірляндыі, Італіі, Расеі, ЗША, Францыі і Чэхіі – дзе на гэты час працягваюць навучаньне былыя студэнты ЭГУ.

Нагадаю, што ў ліпені 2004 года загадам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова была скасаваная ліцэнзія ЭГУ на адукацыйную дзейнасьць. Прэзыдэнцкая адміністрацыя запатрабавала ад унівэрсытэту пакінуць памяшканьні. У студзені 2004 года ўлады запатрабавалі адстаўкі рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. Рэктар гэта зрабіць адмовіўся. Акадэмік Міхайлаў адзначае, што ў выніку ліквідацыі ўнівэрсытэта аказаліся разбуранымі лёсы тысяч людзей, нанесены непапраўны ўрон прэстыжу Беларусі. Сотні студэнтаў расьсеяныя па ўнівэрсытэтах розных краін, многія выкладчыкі згубілі працу. У 2004 годзе Беларусь сталі называць краінай, у якой зачыняюць унівэрсытэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG