Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі зь Міністэрства адукацыі тлумачаць арганізатарам чарнобыльскіх праграм для дзяцей, чаго патрабаваў Лукашэнка


Ул. інф. “Ніякай забароны на масавы адпачынак беларускіх дзяцей за мяжой няма. У сваёй лістападаўскай прамове беларускі прэзыдэнт меў на ўвазе больш адказныя падыходы ў працы з чарнобыльскімі дзецьмі” – такія адказы на запыты прадстаўнікоў замежных чарнобыльскіх ініцыятываў даюць супрацоўнікі беларускіх дыпляматычных місіяў. Цяпер пакрысе высьвятляецца тое, што менавіта маецца на ўвазе пад словамі “ новыя адказныя падыходы ў працы зь дзецьмі”.

Навучаньне кіраўнікоў дзіцячых групаў новым падыходам працы зь беларускімі дзецьмі ў замежжы ўскладзенае на Міністэрства адукацыі Беларусі. 25 студзеня на занятках, якія праходзілі ў былым памяшканьні менскай школы № 67, прысутнічалі прыкладна 50 перакладчыкаў з розных беларускіх дзіцячых фондаў, якія традыцыйна суправаджаюць чарнобыльскіх дзяцей за мяжу.

Адна зь іх – настаўніца нямецкай мовы Сьвятлана Марголіна прадстаўляе дабрачынны фонд “У будучыню з надзеяй” і возіць чарнобыльскіх дзяцей на адпачынак у Нямеччыну і Швайцарыю з 1990 году.

Паводле Сьвятланы, перакладчыкі дзіцячых групаў – заўсёды ня толькі пасярэднікі паміж дзецьмі й прымаючым бокам. Сярод іхных абавязкаў –псыхалягічная падтрымка беларускіх дзяцей за мяжой, вырашэньне самых розных спрэчных сытуацыяў, якія могуць паўстаць у выніку моўных і мэнтальных праблемаў.

Ступень адказнасьці й якасьць працы перакладчыкаў звычайна ацэньваюць самі арганізатары. Апошнім часам, паводле дамоўленасьці абодвух бакоў у склад дзіцячых групаў разам зь перакладчыкамі зьявіліся і беларускія лекары, псыхолягі, і нават кухары, бо, адпачываючы ў замежных моладзевых лягерах беларускай дзеці, не заўсёды ўспрымаюць мясцовую ежу.

І вось пасьля 14 гадоў супрацоўніцтва паміж няўрадавымі чарнобыльскімі арганізацыямі Беларусі і Эўразьвязу беларуская дзяржава вырашыла прапанаваць свае арыгінальныя мэтодыкі. У часе сёньняшніх заняткаў першым пра іх распавёў адказны супрацоўнік міністэрства.

Гаворыць выкладчыца Сьвятлана Марголіна:

(Марголіна: ) “Ён нам расказаў пра ўказы прэзыдэнта, што тычацца паездак за мяжу, якія дзеці могуць езьдзіць, у якім узросьце і г.д.. Ён гадзіну выступаў, потым псыхоляг таксама гадзіну выступаў, расказваў, якія гульні зь дзецьмі праводзіць, потым доктар выступала, расказала, як аказваць першую дапамогу і г. д.”

Паводле кіраўнікоў дзіцячых групаў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі запэўнілі, што дзяржава ўсяляк падтрымлівае замежны адпачынак чарнобыльскіх дзяцей. Аднак ў адпаведнасьці з загадам прэзыдэнта такое аздараўленьне мусіць стаць яшчэ лепшым. Таму гэткія заняткі павінны прайсьці прадстаўнікі ўсіх чарнобыльскіх арганізацыяў у Беларусі, калі яны і надалей хочуць вывозіць за мяжу беларускіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG