Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да канца сёлетняга году Сяргей Скрабец будзе перабіраць бульбу


Уладзімер Глод, Менск Перамога ўкраінскай апазыцыі на чале зь Віктарам Юшчанкам на прэзыдэнцкіх выбарах дала глебу для пошуку лідэра беларускіх дэмакратычных сілаў. Усё больш людзей задаецца пытаньнем: ці ёсьць у Беларусі свой Віктар Юшчанка? А калі ёсьць, дык хто гэты чалавек?

Адзін наш калега ўчора спытаў мяне, ці чуў я пра тое, што намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук ужо аб’явіў пра сябе як пра патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты. Я адразу зьвязаўся са спадаром Раманчуком, і той сказаў мне, што гэта жарт. Магчыма, гэта і так, але ж добра вядома, што ў кожным жарце ёсьць пэўная доля праўды. І як мне падаецца, гэта якраз такі выпадак. Я прапаную зараз паслухаць запіс маёй размовы зь Яраславам Раманчуком, а потым зноў вярнуцца да тэмы.

(Раманчук: ) “Справа ў тым, што ў нас першым нумарам ідзе Анатоль (Лябедзька), а я зь ім разам у камандзе. Калі Анатоля здымаюць, то будзем разглядаць гэтае пытаньне. Але гэта ня вырашана, што я ўжо буду ісьці. У нас будзе адзіная стратэгія й тактыка ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Я лічу, што гэта галоўнае, каб у нас № 1 быў Анатоль, а тактычна паглядзім, як гэта ўсё будзе, чаму не?”

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць сёньня у Беларусі палітык, які мог бы выканаць такую ролю, як Юшчанка ва Ўкраіне?”

(Раманчук: ) “Безумоўна, ёсьць. Юшчанка, як мы ведаем, такі спакойны, кабінэтны чалавек, вельмі добры адмысловец у справе манэтарнай палітыкі. Яго зрабіла лідэрам асяродзьдзе. Яго зрабілі тыя людзі, якія хацелі зьмяніць сытуацыю ва Ўкраіне. Я лічу, што і ў Беларусі існуюць такія людзі, якія зрабіліся б сымбалямі пераменаў. Тое, што патрэбна беларусам сёньня, гэта ня толькі зьмена “бацькі”, а зьмена каманды, зьмена мэнтальнасьці, зьмена падыходаў у адносінах да чалавека й дзяржавы. І вось такую каманду мы прадставім. А пасьля, калі ёсьць каманда, яна раскручвае лідэра, пэрсаніфікуе чалавека ў тых рэформах і пераменах, якія яна прапануе для людзей”.

Якія яшчэ прозьвішчы патэнцыйных лідэраў дэмакратычных сілаў называюцца цяпер у Беларусі? Аднаго кандыдата на прэзыдэнты я ўчора знайшоў на складзе гародніны Завадзкога раёну Менску. І гэта зусім не жарт. Пасьля таго як два міністэрствы – прамысловасьці і юстыцыі – адмовілі былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабцу ў працаўладкаваньні, ён стаў на ўлік на біржы працы. І да канца сёлетняга году спадар Скрабец будзе перабіраць бульбу. Да гэтага, дарэчы, ён ставіцца вельмі спакойна, паколькі, паводле ягоных словаў, адносіцца сур’ёзна да любой працы. Дый ёсьць магчымасьць паразмаўляць з новымі людзьмі, даведацца, што яны думаюць пра жыцьцё.

Сяргей Скрабец упэўнены, што ў Беларусі ёсьць годныя людзі, якія могуць стаць лідэрамі дэмакратычнага руху.

(Скрабец: ) “Фралоў, потым Вайтовіч, Парфяновіч, я... Ёсьць такія людзі, якія маюць у сабе сілы ісьці да канца, да перамогі. Так, як гэта зрабіў Юшчанка, ён вельмі добры для нас прыклад, бо ён змагаўся да апошняга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG