Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лашавічы (з фотагалерэяй)


Ягор Маёрчык, Лашавічы, Сьвіслацкі раён, Гарадзеншчына (эфір 23 сьнежня). Калядная перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Апрануўшы чырвоную шапку Дзеда Мароза, начапіўшы штучную бараду, я ўваходжу ў вёску. Вырашыў, што калядныя падарункі атрымаюць толькі тыя, хто будзе вылучацца нечым арыгінальным. Такім чынам, нашае спаборніцтва пачынаецца.

Па пустой вуліцы цягнуцца двое старых. За сьпіною дзеда — ношка саломы, баба ж учапілася за яе. Адразу і ня ўцяміш: ці то кабеціна такім чынам дапамагае свайму спадарожніку, ці то яна трымаецца, каб не паваліцца. Ніна і Мікалай Халеўскія паглядзелі на мой строй без аніякіх эмоцыяў і пакрочылі далей. Уражаны такой абыякавасьцю, я дагнаў іх праз колькі крокаў.



(Халеўская: ) “Ой, дзіце, ведаеш, якое нашае жыцьцё? Мы старыя, па 77 гадоў маем. Удвох па салому, удвох па бульбу, двое па ваду. Я адна не магу хадзіць, бо рукі і ногі баляць. І ён такі ж. Як маладыя былі, тут хадзіў аўтобус. Выйшаў за агарод, сеў і паехаў. А цяпер трэба ісьці аж у суседнюю вёскі Празьнікі — два кілямэтры. Як дзіця не прыедзе і мяне не забярэ, я туды і не зайду”.

(Карэспандэнт: ) “А папрасіць, каб сюды хоць час ад часу хадзіў аўтобус?”

(Халеўская: ) “Колькі ўжо прасілі! Ня ходзяць тыя аўтобусы”.

(Карэспандэнт: ) “Як Каляды і Новы год сьвяткаваць будзеце?”

(Халеўская: ) “Пасядзем, паямо і спаць ляглі”.

(Карэспандэнт: ) “А гуляць? А песьні сьпяваць?”

(Халеўская: ) “Дзіцятка… У мяне ў сорак гадоў сын памёр, то я цяпер за сьлязьмі сьвету ня бачу”.

(Карэспандэнт: ) “Свайму дзеду які падарунак падрыхтавалі?”

(Халеўская: ) “Дзіцятка, за што яму той падарунак куплю? Навару яму бульбы, паесьці — вось яму і падарунак!”

Сям’я Халеўскіх атрымлівае аж дзьве жмені цукерак за самае нечаканае стаўленьне да Дзеда Мароза.

Іншая жыхарка Лашавічаў баялася ня столькі размаўляць са мною, колькі назваць сваё імя. Дасьведчаная ў жыцьці старая ўзяла падарунак ў намінацыі “Самае арыгінальнае пажаданьне і самая разумная парада”.

(Спадарыня: ) “Дай Божа вам здароўя і шчасьця ў жыцьці і Калядкі сустрэць!. Ёсьць дзеткі ці яшчэ няма?”

(Карэспандэнт: ) “Не, яшчэ малады”.

(Спадарыня: ) “Дай Божа вам добрую жонку, каб яна ня піла і не паліла! Глядзіце! Будзеце зь ёй знаёміцца, калі будзе пах з роту, не бярыце яе. Ужо як мужчынка п’е, яшчэ так-сяк, а як жонка — труба!”



Да гэта моманту падзеі разьвіваліся такім чынам. Я працягваў сваю вандроўку па адзінай вуліцы Лашавічаў. Заўважыў, як нехта выглядае з-за рога хаты. На твары адначасна было зьдзіўленьне і насьцярожанасьць.

(Спадарыня: ) “А чаму гэта ў вас такое ўбраньне? Барада…”

(Карэспандэнт: ) “Дык Дзед Мароз я! Каляды ды Новы год хутка. Вось я хаджу па вёсцы ды распытваю пра жыцьцё”.

(Спадарыня: ) “Грэх наракаць! Пэнсіі хапае. А ўсё адной хапіла, але дзеці зь мяне жывуць. Працоўным людзям жыць цяжка, бо іх ніхто ня цэніць. І пры любой уладзе рабочы ёсьць рабочы. Выбачайце, што так кажу, бо вы — не рабочы. Але ў нас вось якое гора — вады няма. Пагляньце! Трэці год у мяне вады няма”.



(Карэспандэнт: ) “А куды вада падзелася?”

(Спадарыня: ) “Равы пакапалі й вада пайшла.”

(Карэспандэнт: ) “Дзе ваду бераце?”

(Спадарыня: ) “У суседкі. Але каму хочацца на чужы падворках хадзіць? У сельсавет тэлефанавалі, але яны пакуль нічога не абяцаюць. Гаварылі, каб пісалі ў райвыканкам. А дзе мы туды пісаць будзем?”

(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні Калядаў ды Новага году прынята падсумоўваць стары год”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, мне кепска было, зяць памёр, сваячка памерла”.

(Карэспандэнт: ) “Прыедуць дзеці з унукамі. Што вы ім падрыхтавалі?”

(Спадарыня: ) “Такія падарункі… Цяпер вельмі дорага плаціць за кватэру. Я ім аплачваю, дапамагаю. А лішніх падарункаў мы не набываем”.

(Карэспандэнт: ) “А яны вам што падараць?”

(Спадарыня: ) “Я ім забараню дарыць!”

(Карэспандэнт: ) “На Новы год і Каляды звычайна здараюцца нейкія цуды. Каб прыйшоў да вас чараўнік і сказаў, што выканае ўсё, што заўгодна, чаго б вы ў яго папрасілі?”

(Спадарыня: ) “Што-небудзь патрэбнае: парашок, каб посуд чысьціць. Ну і каб вада была!”



Пэнсіянэрка Зінаіда Гарошчык не турбуецца за сваіх няродных дзяцей — тыя выехалі ў гарады. Там панараджалі ўжо сваіх сыноў і дачок. Працуюць з адной толькі мэтай — забясьпечыць сем’і. Баба Зіна зарабіла порцыю цукерак за самую нязбытную навагоднюю мару:

(Гарошчык: ) “Каб толькі на зямлі не было гарэлкі! І больш мне нічога ня трэба. Яна мне ўжо надакучыла, як горкая рэдзька! Паглядзіце, куды маладых гарэлка давяла! На магілкі. Палова сяла пайшла на той сьвет праз гэтую праклятую гарэлку!”

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, што я не чараўнік. На жаль, не магу зрабіць так, каб на зямлі не было гарэлкі. Як у вас год прайшоў?”

(Гарошчык: ) “Ой! Нічога кепскага, але і нічога добрага. Жылі і рабілі. А пра што мы можам яшчэ распавесьці, апроч працы? А ўжо на пэнсіі дванаццаць гадоў, але хаджу дзялкі палоць. Мушу дапамагаць, рабіць — такое нашае жыцьцё”.



Соня Шыманіца ў пэўным сэнсе супрацьлегласьць бабе Зіне. Яна таксама на пэнсіі. І клопатаў ў яе болей, чым у суседкі, бо апроч хатняй гаспадаркі яшчэ даглядае спаралізаванага сужанца. На ўяўнай цырымоніі каляднага ганараваньнья спадарыня Шыманіца аказалася найлепшай з тых, хто ўмее адпачываць карысна і з асалодай.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Дзед Мароз да вас прыйшоў!”

(Шыманіца: ) “І гэта добра!”



(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні Новага году вырашыў пахадзіць ды людзей папытаць, як пражылі 2004-ы?”

(Шыманіца: ) “Добра пражылі. У вёсцы так: вясна прыйдзе — весялей, зіма — у хаце”.

(Карэспандэнт: ) “Затое ўзімку і адпачыць можна”.

(Шыманіца: ) “Ой! Адпачынку ўжо даволі! Вясною няма калі глядзець тэлевізара, а цяпер ўжо ўсё выгляджу. Гляджу кіно “Клон”. Гэта вельмі цікава! Там пра тое, як жэняцца, як па тры жонкі маюць. Яны вучаць гэтаму нашых беларусаў, бо адной, мабыць, мала. Паглядзіце, і вы такому навучыцеся. Мужык наняў сябра, каб той ажаніўся зь ёю. Але аддае яму назад тую жонку. А яна захацела ўцячы да свайго палюбоўніка. Ды ўсыпала яму, каб заснуў. Што яны там пілі — халера іх ведае! А той хітыр пабачыў і перамяніў келіхі, даў ёй выпіць. Яна заснула, і не ўцяклі яны з тым палюбоўнікам”.



(Карэспандэнт: ) “Такія прыгожыя кросны ў вас на двары стаяць...”

(Шыманіца: ) “Ткалі дываны і настольнікі — усё было тканае!”

(Карэспандэнт: ) “А цяпер такога ня робіце?”

(Шыманіца: ) “Нашто? Цяпер набыць магчыма. У мяне дываноў поўна, але дзеці ў горад ня хочуць браць, бо там такое ня модна”.

Падарунак за самае цікавае тлумачэньне майго вонкавага выгляду атрымала вяскоўка, якая адмовілася прадставіцца.

(Карэспандэнт: ) “Дзень добры! Дзед Мароз да вас!”

(Спадарыня: ) “То ж я і бачу, зьвярнула ўвагу на вас. Думаю, што гэта за людзі, бо ў нас тут людзей мала ў вёсцы. Тут у адно імгненьне пабачыш, што чужыя ходзяць. Падумала, што гэта ў вас на барадзе? Можа вы там якую балячку прыкрываеце”.

Каляды і Новы Год — сьвяты для ўсіх. Але гэты панятак не заўсёды азначае “добры настрой”. Менавіта такую выснову я зрабіў з выказваньняў гэтай кабеты — маладой паводле ўзросту, але пэнсіянэркі праз інваліднасьць.

(Спадарыня: ) “Добра, што жывыя. Уся бяда ў тым, што няма сілы”.

(Карэспандэнт: ) “А настрой добры ёсьць?”

(Спадарыня: ) “Ніякага аптымізму няма”.

(Карэспандэнт: ) “Як сьвяты будзеце адзначаць?”

(Спадарыня: ) “Дачка цягне, каб да маёй сястры ў Сьвіслач ехаць. Можа, на Новы год і паедзем. Толькі дзеля яе”.

(Карэспандэнт: ) “Які дачцэ падарунак падрыхтавалі? Што яна вам падарыць?”

(Спадарыня: ) “Грошай у нас мала, таму нешта сьціпленькае, што-небудзь патрэбнае. Прыкладам, панчохі”.

(Карэспандэнт: ) “Вядома, што Каляды і Новы год — час для цудаў. Каб тут зьявіўся сапраўдны Дзед Мароз і прапанаваў выканаць адно вашае жаданьне, чаго б вы папрасілі?”

(Спадарыня: ) “Не хачу ні золата, ні дыямэнтаў! Ні мяса! Я хачу, каб дачка мая старалася вучыцца. Я хачу, каб яна паступіла. Спадзяюся, што Бог мяне пашкадуе і яна ў гэтым жыцьці прыстроіцца”.

Пасьля ранішняй зьмены на фэрме Алег вяртаўся дадому. Я тармазнуў раварыста. Пазяхаючы, хлопец нетаропка адказваў на пытаньні. Мяне зьдзівіла ягонае стаўленьне да калядных падарункаў. У гэтым ён аказаўся самым арыгінальным.

(Карэспандэнт: ) “Як Каляды ды Новы год сьвяткаваць будзеце? Вы нейкіх падарункаў чакаеце?”



(Алег: ) “Не чакаю і сам не дару. Па праўдзе кажучы, я не люблю, каб мне штосьці дарылі. Трэба зарабляць самому і мець усё сваё”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што на Каляды ды Новы год здараюцца цуды. Каб перад вамі зараз зьявіўся сапраўдны Дзед Мароз і сказаў бы: “Выканаю любое жаданьне!” Што б вы яму загадалі?”

(Алег: ) “Мабільны тэлефон. Па ім тэлефанаваць добра, бо звычайна сувязь увесь час ламаецца. Манцёры сюды езьдзяць і езьдзяць літаральна празь дзень”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўду мне расказалі, што з вашае вёскі паходзіць галоўны ідэоляг Гарадзенскай вобласьці спадарыня Бірукова?”

(Алег: ) “Вось ейная хата”.

(Карэспандэнт: ) “А там нехта жыве?”

(Алег: ) “Няма нікога. Яна ўжо развалілася”.

(Карэспандэнт: ) “Хоць ейных сваякоў ужо няма, няўжо яна для сваёй вёскі ня можа зрабіць сувязь, паставіць добрую краму, пракапаць нармалёвыя калодзежы?”

(Алег: ) “Яна пакрыўдзілася, што яе ў свой час не абралі дэпутатам”.

(Карэспандэнт: ) “І пасьля гэтага на вас забылася?”

(Алег: ) “Так”.



Вакол хаты бацькоў намесьніцы старшыні Гарадзенскай аблвыканкаму Марыі Біруковай шчыльная агароджа з голага кустоўя і высахлага пустазелу. Сьцены яшчэ стаяць, але комін ужо разваліўся. Парадзела і дахоўка. Да гэтай архітэктурнай адметнасьці вяскоўцам няма вялікае справы. Яны больш заклапочаныя ўласнымі праблемамі. Выйсьця часьцяком ня бачаць, а таму з усьмешкай кажуць, што гатовыя спадзявацца нават на Дзеда Мароза.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG