Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўганскай вайне загінула амаль 800 беларусаў, яшчэ 700 чалавек вярнуліся дадому інвалідамі


Ігар Карней, Менск Гэтымі днямі чвэрць стагодзьдзя таму ў сярэднеазіяцкія рэспублікі Савецкага Саюзу пачалі сьцягвацца значныя вайсковыя сілы. У адпаведнасьці з рашэньнем Палітбюро ЦК КПСС, апэрацыя на ўвод савецкага вайсковага кантынгенту ў Аўганістан пераводзілася ў практычнае рэчышча.

Аўганская тэма заўсёды існавала ў напаўадкрытым фармаце, а праз 25 гадоў ад яе пачатку і ўвогуле мала хто памятае: што менавіта паслужыла падставай да рашэньня ўвесьці ў Аўганістан савецкія войскі?

Сутнасьць аўганскай кампаніі зводзілася да адхіленьня ад улады самаабвешчанага ў выніку ваеннага перавароту кіраўніка Аўганістану Хафізулы Аміна і прызначэньня на ягонае месца прасавецкага Бабрака Кармаля. Ад сярэдзіны сьнежня ва Ўзбэкістан, Таджыкістан і Казахстан перакідваліся значныя вайсковыя злучэньні, якія 25 сьнежня 1979 году ў складзе 40-й арміі ўвайшлі ў Аўганістан. Яшчэ праз два дні, у выніку штурму ўрадавага палацу Тадж-Бэк, Амін быў забіты, але прысутнасьць савецкага вайсковага кантынгенту ў Аўганістане расьцягнулася амаль на дзесяцігодзьдзе.

Практычна ўсе ўдзельнікі той кампаніі, з кім давялося пагутарыць, былі перакананыя: сілавая апэрацыя зойме максымальна тыдзень, пасьля чаго ўсе вернуцца на старыя пазыцыі. Вось што прыгадвае Андрэй Івонін, які быў закінуты ў Аўганістан у ліку першых:

(Івонін: ) “Нават прыляцеўшы туды, мы лічылі, што дзён на некалькі. Зойдзе пяхота, мы ім усё перададзім, а самі адляцім назад. Нашая ж задача была канкрэтная – захапіць палац Аміна… Цюбік зубной пасты за некалькі дзён скончыўся – і ўсё. Ні мыла, ні цыгарэтаў, ні хлеба. Іншымі словамі, не зусім усё было прадумана, але затое сама апэрацыя прайшла хутка і, як па цяперашнім розуме, за 10 гадоў у Чачні болей людзей загінула, чым за такі ж тэрмін там”.

Скінуўшы тыранію Аміна, Савецкі Саюз дапамог усталявацца аўтарытарнаму кіраўніцтву Кармаля. Новая ўлада адразу ж распачала рэпрэсіі супраць прыхільнікаў Аміна, што выклікала новую хвалю супрацьстаяньня. А неўзабаве апазыцыя абвясьціла Рэвалюцыйнаму савету Аўганістана і савецкай арміі сьвяшчэнную вайну – “джыхад”.

Як сьведчыць статыстыка, у аўганскай вайне загінула амаль 800 беларусаў, а яшчэ 700 чалавек вярнуліся дадому інвалідамі. Відавочна, гэта і ёсьць самыя страшныя выдаткі савецкай палітычнай авантуры?

Гэта толькі зьнешні бок статыстыкі. Прадстаўнікі аўганскіх арганізацый канстатуюць: у сярэднім воіны-“аўганцы” паміраюць у веку 40-45 гадоў. Цяпер у Беларусі жыве 21 тысяча воінаў-інтэрнацыялістаў. Усяго ж беларускія камісарыяты накіравалі ў Аўганістан 32 тысячы чалавек. Іншымі словамі, больш за 10 тысячаў сьведкаў тых падзеяў ужо няма.

Некалькі дзён таму я сустрэўся зь немаладымі ўжо жанчынамі, якія ў першыя гады акупацыі Аўганістану згубілі там сваіх сыноў. Гэта Ніна Навічонак, Валянціна Магілеўчык і Ларыса Ладуцька. Іх, дагэтуль паміж сабой не знаёмых, ужо 20 гадоў яднае вайна, якую яны лічаць найвялікшым няшчасьцем.

(Маці забітых: ) “Каму яна патрэбная была? Нікому! Але хто нам праўду сказаў? Ці мы тую праўду ведаем – як нашыя дзеці загінулі? Ведаем, што прывезьлі цынкавыя труны... І вінаватымі апынуліся мы самі. Быццам, мы самі адправілі туды сваіх сыноў... Дагэтуль Міністэрства абароны нам плаціла тры мінімалкі, а потым забралі і гэта. “Прыручылі” да пэнсіі, заробленай па старасьці. Міністэрства нас проста адкінула, каб мы яму не перашкаджалі. Цяпер толькі вэтэраны на ўліку стаяць. А мы для іх ужо ніхто, як і хлопцы-“аўганцы”, якія самі пакутуюць, але зьявіцца ў іх штосьці – дапамагаюць нам. І за тое дзякуй. Як быццам ад сваіх сыноў атрымліваем”.

Якія настроі зараз пануюць у асяродку вэтэранаў той вайны? Як сьведчыць досьвед, бальшыня жыве менавіта тым часам, і нават часьцяком чуюцца выказваньні, што ў Аўганістане было прасьцей: там яны выконвалі баявую задачу, а тут даводзіцца выслухваць прэтэнзіі ды абразы. Адзін з рэдкіх прыкладаў іншага стаўленьня выказвае мастак Алесь Пушкін, які свае ўзнагароды зьмяніў на сьцяг пацыфізму. Цяпер ён, відавочна – адзіны аўганец, які публічна заяўляе: яго з той ваяўнічай кампаніяй нічога ня зьвязвае. А сапраўдную ваяўнічасьць разумее так:

(Пушкін: ) “Я “за” здаровую ваяўнічую дзяржаўную палітыку – абараняць сваю Радзіму. Я за тое, каб вучылі з аўтаматаў страляць, але каб нармалёвы, псыхічна здаровы чалавек мог зарэгістраваць зброю. Вось гэта нармалёвая ваяўнічая палітыка. У нас самастойная дзяржава, трэба быць здаровымі мужчынамі, бараніць сваё – сваю хату, свайго сына, свае землі. Ваяўнічасьць жа “аўганцаў” – яна ўжо далёка не ваяўнічая. Гэта ўжо карпаратыўнасьць і клянавасьць. Гэта ўжо матэрыяльная зацікаўленасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG