Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ацэньваюць ролю Расеі ў апошніх украінскіх палітычных падзеях?


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне задаваў людзям на менскіх вуліцах карэспандэнт беларускай Свабоды.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як Вы ацэньваеце ролю Расеі ў апошніх украінскіх палітычных падзеях?”

(Спадар: ) “Адмоўна, адназначна адмоўна. Ведаеце, ніяк яны ня могуць расстацца са сваімі імпэрскімі амбіцыямі, я так лічу, і ўсё ж такі Ўкраіну яны разглядаюць не як самастойную дзяржаву, а як сваю калёнію”.

(Спадарыня:) “Я лічу, правільна. Яны, уласна кажучы, ня ўмешваюцца, ня ўлазяць у іх стасункі. Я падтрымліваю”.

(Спадар: ) “Вельмі нэгатыўна ацэньваю. Я лічу, што няма чаго лезьці ў справы Ўкраіны альбо нашай Беларусі. Трэба пазбаўляцца гэтага”.

(Дзяўчына: ) “Правільную пазыцыю, я лічу, Расея займае. Я хачу, каб Украіна была арыентаваная менавіта на Ўсход, то бок, на Расею, на Беларусь. Натуральна, Расея бароніць гэтыя інтарэсы свае, і я яе падтрымліваю”.

(Спадар: ) “Дрэнна. Кожная краіна мае права жыць сваім жыцьцём. Без усялякіх пасярэднікаў. Наколькі я разумею, то Амэрыка ў рэфэрэндум па Квэбэку ў Канадзе ня ўмешваецца. Так што я лічу, што ня трэба надта ўлазіць Расеі ва ўкраінскія справы”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што тое, што зараз адбываецца ва Ўкраіне – гэта толькі іх справы, таму я лічу, што ні Амэрыка, ні Расея не павінны ўмешвацца ў гэтыя справы. Я лічу, што Ўкраіна здольная сама вырашыць свае праблемы”.

(Спадар: ) “Я лічу, што Расея на такім патаемным узроўні дзейнічае досыць актыўна, таму што нельга ня бачыць, што зараз яна прасоўвае ў Данбасе, але гэта аб’ектыўна, таму што тым данецкім саўковым жыхарам было лепей жыць менавіта ў Расеі”.

(Спадар: ) “Ня надта разумная палітыка з боку Расеі. Недальнабачная, калі шчыра, бо для Расеі зараз трэба будаваць вельмі добрыя стасункі з суседнімі краінамі”.

(Спадарыня: ) “Роля Расеі? Я думаю, што Расея – вядучая дзяржава, і ад Расеі залежыць уратаваньне ўсіх людзей на зямной кулі. Я хімік і біёляг, вышэйшая адукацыя”.

(Юнак: ) “Нэгатыўна. Таму што яна не павінна ўмешвацца ў праблемы Ўкраіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG