Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратызм усходніх абласьцей Украіны ўжо асудзіла большасьць палітычных сілаў, у тым ліку ў Хэрсоне, Харкаве й Данецку


Валер Каліноўскі, Кіеў Дзявятыя суткі цягнецца палітычнае супрацьстаяньне ва Ўкраіне паводле вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. 30 лістапада Вярхоўная рада Ўкраіны мае разгледзець пытаньне аб даверы ўраду Віктара Януковіча, а Вярхоўны суд Украіны працягне разгляд скаргі кандыдата на прэзыдэнты Віктара Юшчанкі на парушэньні падчас другога туру выбараў.

Якіх рашэньняў можна чакаць ад сёньняшняга дня? Фармальна Вярхоўная рада будзе разглядаць пытаньне аб сацыяльна-палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне. Але ў сувязі з гэтым паседжаньнем Віктар Юшчанка палічыў магчымым падоўжыць час адрасаванага Леаніду Кучме ультыматуму камітэту нацыянальнага выратаваньня аб звальненьні Віктара Януковіча і генэральнага пракурора Васільева. Гэтыя пытаньні блёк “Наша Ўкраіна” спрабуе самастойна вырашыць у парлямэнце.

Па-другое, Вярхоўная рада павінна сказаць сваё слова адносна спробы кіраўнікоў усходніх рэгіёнаў – Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і іншых абласьцей – адносна аўтанамізацыі ды сэпаратызму. І па-трэцяе, блёк “Наша Ўкраіна” будзе дамагацца адстаўкі міністра ўнутраных справаў краіны Белаконя, які ня здолеў забясьпечыць ахову ўдзельнікаў мітынгаў у Луганску і Данецку, дзе ўчора й пазаўчора былі сур’ёзныя інцыдэнты і невядомымі бандытамі была пабітая досыць вялікая колькасьць людзей.

У суботу Вярхоўная рада ўжо выказала недавер ЦВК, прызнала вынікі другога туру выбараў нядзейснымі – але Ўкраіна ёсьць усё ж такі прэзыдэнцкай рэспублікай, і Вярхоўная рада сама па сабе ня можа нават зьняць чальцоў выбарчай камісіі: гэта можа зрабіць толькі прэзыдэнт Леанід Кучма. У пагаджальным савеце Вярхоўнай рады сёньня раніцай будуць разглядацца тры варыянты пастановы парлямэнту наконт адказнасьці ўрада і недаверу яму. Першы варыянт: з патрабаваньнем, каб прэзыдэнт Кучма накіраваў урад у адстаўку. Другі варыянт: каб гэта зрабіў сам урад. І трэці варыянт скасоўвае ранейшае адабрэньне парлямэнтам праграмы дзейнасьці ўраду.

У апошнім выпадку адкрываецца шлях да адстаўкі ўраду ўжо самім парлямэнтам. Але сьпікер Вярхоўнай рады Ўладзімер Літвін учора выказаўся, што хутчэй за ўсё ўрад сам пойдзе ў адстаўку. Урад, і ў прыватнасьці Віктар Януковіч, іншыя сябры ўраду, віцэ-прэм’еры – дэмаралізаваныя. Нядаўна пра магчымасьць такой адстаўкі выказаўся першы віцэ-прэм’ер Мікола Азараў.

Сёньня Вярхоўная рада будзе таксама разглядаць пытаньне аб сэпаратызьме. Трэба сказаць, што штучныя спробы ініцыяваньня сэпаратызму сталіся надзвычай няўдалым ходам Віктара Януковіча, які асабіста падтрымаў гэты зьезд у Северскаданецку – гэта лёсавызначальная памылка, многія аб гэтым гавораць цяпер у Кіеве.

Сэпаратызм ужо асудзіла большасьць палітычных сілаў ня толькі ў цэнтры й на захадзе Ўкраіны, але і ў такіх гарадах як Хэрсон, Харкаў, Данецк. Выказаліся супраць і міністар замежных справаў, міністэрства юстыцыі, і хоць пакуль ніякіх захадаў да губэрнатараў-раскольнікаў прэзыдэнт Кучма не прадпрымаў, апошнія ўжо самі пачалі скасоўваць свае незаконныя рашэньні й апраўдвацца, што рабілі гэта пад узьдзеяньнем эмоцыяў пасьля выбараў.

У прыватнасьці, губэрнатар Харкаўскай вобласьці Яўген Кушнароў скасаваў усе ранейшыя рашэньні наконт таго, што ня будзе плаціць грошы ў бюджэт, што будзе стварацца нейкі выканкам, незалежны ад Кіева. Адзін з намесьнікаў генэральнага пракурора Ўкраіны падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць таго, што дзеяньні “раскольнікаў” не атрымалі жорсткай прававой ацэнкі генэральнай пракуратуры. Жорстка асудзіў спробы сэпаратызму нават былы кіраўнік выбарчага штабу Віктара Януковіча Сяргей Цігіпка, які ўчора пайшоў з гэтай пасады, а таксама з пасады старшыні Нацбанку Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG