Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадатая кугакаўка з атраду соваў – птушка 2005 году ў Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск Птушкай 2005 году ў Беларусі будзе барадатая кугакаўка. Такое рашэньне прыняла грамадзкая арганізацыя “Ахова птушак Беларусі”. Што гэта за птушка і чаму ёй патрэбная грамадзкая ўвага?

Найперш, хацелася б нагадаць, што кампанія “птушка года” праводзіцца ў Беларусі зь 2000 году. Яе мэта – прыцягнуць увагу беларусаў да птушак як да аднаго з найважнейшых элемэнтаў навакольнага асяродзьдзя. Сёлета, напрыклад, “птушкай году” зьяўляецца гарадзкая ластаўка, а перад ёю такога ж гонару былі ўдастоены белы бусел, белая сітаўка, дамовы верабей. Усіх іх, як патлумачылі мне ў арганізацыі “Ахова птушак Беларусі”, зьядноўвае агульная бяда. А менавіта: неспрыяльныя ўмовы існаваньня, у выніку чаго папуляцыі гэтых прадстаўнікоў жывёльнага сьвету Беларусі маюць тэндэнцыю да зьмяншэньня.

Барадатая кугакаўка, якая абвешчана птушкай 2005 году – не выключэньне. У Беларусі яе, паводле зьвестак навукоўцаў, усяго ад 50 да 100 параў. Вось што паведаміў пра гэта прадстаўнік “Аховы птушак Беларусі” Сяргей Зуёнак:

(Зуёнак: ) “Кугакаўка мала каму вядомая. Гэта птушка адносіцца да соваў. А совы, кожны іх від, зараз мае пэўныя праблемы. Яны цягнуцца яшчэ з той пары, калі палявалі на драпежных птушак. Адстрэльвалі і соваў, і дзённых драпежнікаў. І таму стан большасьці відаў пагаршаецца. Па-другое, гэта адзін з самых рэдкіх у Беларусі відаў соваў, занесены ў Чырвоную кнігу. Па-трэцяе, яна вельмі прыгожая, і калі паляўнічыя яе дзесьці сустракаюць, то абавязкова, як я мяркую, зь 10 паляўнічых 9 чалавек у яе стрэляць, каб забіць яе ды зрабіць пудзіла”.

Як вядома, у Беларусі ініцыятывы грамадзкіх арганізацыяў, як правіла, рэдка знаходзяць падтрымку ўладаў? Як яны ставяцца да абвяшчэньня барадатай кугакаўкі “птушкай году”? У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя мне паведамілі, што нічога адмоўнага ў ініцыятыве грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” яны не бачаць. Аднак актыўна спрыяць практычнаму ўвасабленьню гэтай ініцыятывы міністэрства наўрад ці будзе.

Як вынікае з тлумачэньня яго прадстаўніка Віталя Караньчука – дарэчы, арнітоляга – тут “не да птушкі года”. Галоўнае, паводле яго, належным чынам падрыхтавацца да нарады перад Аляксандрам Лукашэнка, якая заплянавана на бліжэйшы час. Нагадаю, Лукашэнка ў мінулую пятніцу абвясьціў, што неўзабаве ён зьбіраецца разгледзець, як функцыянуе ў Беларусі мэханізм аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

Паводле яго папярэдняй ацэнкі, дадзенай на нарадзе, дзе разглядалася паляўніча-гаспадарчая дзейнасьць, парушэньняў прыродаахоўнага заканадаўства – хоць адбаўляй. На паляўнічых угодзьдзях разьвялося мноства браканьераў, сярод якіх, як вынікае з тлумачэньня Лукашэнкі, і шмат чыноўнікаў розных рангаў.

Дарэчы, падчас разгляду пытаньняў паляўнічай сфэры, ягоныя ўдзельнікі не зьвярнулі аніякай ўвагі на праблему захаваньня рэдкіх відаў птушак. Таму біць у званы, каб уратаваць тую ж барадатую кугакаўку, будуць, хутчэй за ўсё, хіба што грамадзкія актывісты ды навукоўцы. Напрыклад, арнітоляг Юры Багуцкі, які працуе навуковым супрацоўнікам ў Бярэзінскім запаведніку, пацьвердзіў надзённасьць ініцыятывы актывістаў арганізацыі “Ахова птушак Беларусі”:

(Багуцкі: ) “Гэты від наагул вельмі рэдкі. На гнездаваньні ў запаведніку ў нас сустракаюцца адзінкавыя пары. Адзін з аспэктаў аховы – гэта захаваньне іх асяродзьдзя, дзе яны жывуць. Для таго, каб колькасьць расла, патрэбныя спрыяльныя ўмовы. А каб стварыць спрыяльныя ўмовы, трэба ахоўваць той участак лесу альбо ўчастак лесу з балотам, дзе яна будзе гнязьдзіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG