Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША досыць спакойна адрэагавалі на заяву Пуціна пра новую ядзерную зброю


Кастусь Бандарук, Прага Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея распрацоўвае новую генэрацыю ядзерных ракетаў, якіх пакуль ня мае ніводная ядзерная дзяржава. Некаторыя аглядальнікі выказваюць боязь, што гэта можна азначаць пачатак новай гонкі ў галіне ўзбраеньня. Аднак рэакцыя Злучаных Штатаў на заяву расейскага прэзыдэнта была даволі спакойнай.

Прамаўляючы на сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства абароны і вайсковымі камандзірамі ў Маскве Пуцін сказаў, што Расея рыхтуе такія ядзерныя ракеты, зь якімі ня можа раўняцца зброя, якой валодаюць іншыя ядзерныя дзяржавы.

(Пуцін: ) "Мы і далей будзем настойліва і пасьлядоўна займацца пабудовай узброеных сілаў ў цэлым, у тым ліку іх ядзернага кампанэнту. У нас ня толькі праводзіцца дасьледаваньні і пасьпяховыя выпрабаваньні найноўшых ракетных, ядзерных сыстэмаў. Я ўпэўнены, у найбліжэйшыя гады яны стануць на ўзбраеньне. Пры чым гэта такія распрацоўкі, такія сыстэмы, якіх няма і ў найбліжэйшы час ня будзе ў іншых ядзерных дзяржаваў”.

Пуцін не паведаміў ніякіх падрабязнасьцяў. Гэта выклікала здагадкі, чаму з такой заявай Пуцін выступіў якраз цяпер, і што насамрэч ён меў на ўвазе.

Расейскі аналітык ў пытаньнях абароны Павал Фэльгэнгаўэр лічыць, што прамова Пуціна была адрасаваная ў першую чаргу расейскаму народу. У сытуацыі, калі Расея на самой справе прайграе сваю ваенную кампанію ў Чачэніі і сама становіцца аб’ектам тэрактаў кшталту таго, які адбыўся ў Бэслане, расейскі прэзыдэнт хоча падбадзёрыць расейцаў, запэўніць іх, што Расея застаецца “вялікай дзяржавай”.

(Фэльгэнгаўэр: ) “Якасьць нашых сілаў, у тым ліку і ядзерных, усё часьцей і часьцей ставіцца пад сумнеў. Таму важна, каб Пуцін і Міністэрства абароны гаварылі пра “вялікія дасягненьні” і казалі расейскаму народу, што мы ўсё яшчэ “вялікая дзяржава”, зь якою ўсе ў сьвеце павінны лічыцца”.

На ягоную думку, гэта таксама адказ Расеі на тое, што тры гады таму ЗША выйшлі з Дамовы аб процібалістычных ракетах 1972 году, і ў аднабаковым парадку вырашылі пабудаваць так званы “супраць-ракетны шчыт”.

Выглядае, што Расея прымае выклік з боку Вашынгтону і спрабуе апярэдзіць Злучаныя Штаты ў пабудове найноўшых ядзерных ракетаў.

Вашынгтон адрэагаваў на гэту заяву Пуціна, як быццам нічога сур’ёзнага не здарылася. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі сказаў наступнае:

(Эрэлі: ) “Мы не ўспрымаем падмацаваньня і мадэрнізацыі расейскіх ядзерных арсэналаў як пагрозу, а тое, што Расея робіць цалкам адпавядае нашым двухбаковым дамоўленасьцям ў рамках Маскоўскага дагавору”.

Хачу дадаць, што ў адпаведнасьці з Маскоўскім пагадненьнем ад 2002 году, Расея і Злучаныя Штаты павінны да 2012 годзе скараціць колькасьць сваіх ядзерных боегаловак да дзьвюх тысяч. Аднак дамова не забараняе мадэрнізацыі ядзерных арсэналаў.

На думку амэрыканскага экспэрта ў галіне абароны Стэфана Бланка, у заяве расейскага прэзыдэнта істотнае нешта цалкам іншае: насамрэч Расея не патрабуе ані болей, ані лепшых балістычных ракетаў, бо ЗША ўжо не зьяўляюцца ворагам Расеі, а ядзерныя ракеты не абароняць Расею ад іншых пагрозаў сучаснасьці, такіх як тэрарызм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG