Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Шантаровіч аднаўляе выхад “Местной газеты”


Галіна Абакунчык, Менск Ад 17 лістапада ў Ваўкавыску аднаўляецца выхад незалежнай “Местной газеты”. На знак пратэсту супраць прыпыненьня выхаду газэты рэдактар выданьня Андрэй Шантаровіч дваццаць дзён трымаў галадоўку. Цяпер ён рыхтуе чарговы нумар і чакае новых захадаў з боку ўлады. На знак падтрымкі газэты і супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў шаснаццаты дзень працягвае галадаць ваўкавыская пэнсіянэрка Вера Салдатава.

У першым пасьля перапынку нумары “Местной газеты” зьявяцца матэрыялы палітычна-выбарчай тэматыкі, выхад якіх быў забаронены, — кажа Андрэй Шантаровіч. Адначасна ён не выключае магчымасьці яшчэ больш жорсткіх захадаў уладаў супраць газэты і ўсяго недзяржаўнага сэктару рэгіёну.

Паводле спадара Шантаровіча, яму стала вядома, што на аўторак у горадзе заплянаванае выязное паседжаньне Гарадзенскага аблвыканкаму з парадкам дня “Нядобранадзейнае палітычнае становішча ў раёне”. А днямі тут адбылася нарада ўсіх сілавікоў раёну. Вось як гэта камэнтуе Андрэй Шантаровіч:

(Шантаровіч: ) “Прагноз надзвычай нядобры на будучыню. Калі зьбіраюцца цэлымі камандамі думаць, пэўна, сапраўды нешта будзе сур’ёзнае: будуць з намі распраўляцца ці нешта яшчэ рабіць. Відаць, яны прынялі рашэньне прыбраць усіх і ўсё. Гэта цынізм найвышэйшай катэгорыі, найвышэйшай”.

Каб падтрымаць Андрэя Шантаровіча, гэтымі днямі ў Ваўкавыску знаходзіцца гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка, які быў зьняволены і таксама трымаў галадоўку пратэсту цягам сямі дзён. Яшчэ адна ваўкавыская галадоўніца Валянціна Салдатава адмаўляецца прымаць ежу шаснаццаты дзень. Яна пратэстуе супраць перасьледу незалежных журналістаў, супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і іншых дзеяньняў уладаў. Жанчына хварэе на цукровы дыябэт, і лекары настойваюць на шпіталізацыі ў зьвязку з пагаршэньнем здароўя, але яна адмаўляецца, бо адна выхоўвае непаўнагадовую ўнучку. Спадарыня Салдатава кажа, што не намерваецца адступацца ад сваіх патрабаваньняў нават у самым горшым выпадку.

(Салдатава: ) “Буду яшчэ змагацца. Няможна так жыць, каб улада не глядзела ні на што, што 70-гадовая старая галадуе каторы ўжо дзень. Няма справядлівасьці, таму буду змагацца да канца. Памру, дык памру — мне ўсё роўна паміраць”.

Паводле Веры Салдатавай, гэтымі днямі яе наведваюць мэдыкі, сваякі й журналісты. Прадстаўнікі мясцовых уладаў зь ёй не сустракаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG