Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сядзібе БНФ адбыўся круглы стол “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў гістарычным кантэксьце”


Галіна Абакунчык, Менск У менскай штаб-кватэры Беларускага народнага фронту адбыўся круглы стол “Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў гістарычным кантэксьце”, прысьвечаны міжнароднаму Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які адзначаўся 30 кастрычніка. Арганізатарам імпрэзы выступіла беларускае прадстаўніцтва Міжнароднага гістарычна-асьветніцкага таварыства “Мэмарыял” і грамадзкая ініцыятыва “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, а ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі рэлігійных, праваабарончых арганізацыяў, а таксама навуковая грамадзкасьць.

Сярод абмеркаваных пытаньняў – праблема пошуку імёнаў і ўшанаваньне памяці ахвяраў дзяржаўнага тэрору, а таксама стаўленьне цяперашніх уладаў Беларусі да тэмы палітычных рэпрэсіяў. Паводле аднаго з арганізатарў круглага стала, навукоўца Ігара Кузьняцова, гістарычныя паралелі паміж пэрыядам рэпрэсіяў і сёньняшнім днём усё больш заўважныя апошнімі гадамі. І засяродзіць на гэтым увагу грамадзкасьці – адна з мэтаў круглага стала. Гаворыць Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Можна сказаць, што мы прайшлі своеасаблівы рубікон: 17 кастрычніка з аўтарытарнай дзяржавы мы адной нагой ступілі ў таталітарызм. Таму сёньня ўзгадкі рэпрэсіяў 30-40-х гадоў – надзвычай актуальныя. Гэта спроба праз гісторыю асэнсаваць тыя крывавыя ўрокі, якія мы прайшлі, каб ня здарылася так, што ў іншай форме й маштабах, але ў 21 стагодзьдзі яны паўтарыліся ізноў”.

У дыскусіі за круглым сталом сярод іншых прыняў удзел выкладчык пэдунівэрсытэту прафэсар Эмануіл Іоффэ, кіраўнік габрэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Якаў Басін, старшыня Асацыяцыі ахвяраў палітрэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч. Аднак паседжаньне ня сталася шматлюдным у зьвязку з тым, што адначасна ў гэты дзень праходзіла жалобнае шэсьце у Курапаты, прымеркаванае да сьвята “Дзядоў”. Чаму гэтыя акцыі супалі, адна з арганізатарак дыскусіі Валянціна Трыгубовіч патлумачыла гэтак:

(Трыгубовіч: ) “Аднымі шэсьцямі нічога ня зробіш – гэтак жа, як і аднымі навуковымі дасьледаваньнямі, а таму неабходныя розныя формы гэтай працы. І яшчэ: у Расеі дзень памяці палітрэпрэсіяў адзначаецца дзяржавай, а ў Беларусі гэтая дата адзначаецца толькі грамадзкасьцю й насуперак уладам. Ніякага спрыяньня мы ня маем, а таму мы вельмі радыя, што хоць партыя БНФ гатовая прапанаваць сваё памяшканьне для гэткіх імпрэзаў”.

Сярод іншых акцыяў, прысьвечаных Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, якія праводзяць грамадзкія арганізацыі краіны – ўсталяваньне памятных знакаў, крыжоў і добраўпарадкаваньне месцаў масавых рэпрэсіяў у Курапатах, Лошыцкім яры й іншых месцах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG