Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучыня біятэхналёгіяў – трывожныя прагнозы Фрэнсыса Фукуямы – у інтэрвію Радыё Свабода


Фрэнсыс Фукуяма стаўся адным з найбольш вядомых палітолягаў і філёзафаў канца 20-га стагодзьдзя пасьля публікацыі кнігі “Канец гісторыі і апошні чалавек”. Ад часу публікацыі шмат хто крытыкаваў галоўную тэзу гэтай кнігі – пра тое, што лібэральнай дэмакратыі ў сучасным сьвеце не засталося альтэрнатываў.

На пачатку 21-га стагодзьдзя Фукуяма сам паставіў пад сумнеў свае ранейшыя цьверджаньні. Аднак, на ягоную думку, галоўныя выклікі найбольш прасунутым грамадзтвам хутка кінуць не старыя радыкальныя ідэалёгіі, такія як камунізм ці фашызм, і нават не ісламскі фундамэнталізм. Ён папярэджвае, што сучасныя біятэхналёгіі могуць зьмяніць прыроду чалавека і прывесьці да нечаканых і небясьпечных зьменаў у грамадзтве.

Пра трывожныя прагнозы амэрыканскага дасьледчыка – у перадачы, якую падрыхтаваў Аляксей Знаткевіч. У перадачы гучаць фрагмэнты інтэрвію Фрэнсыса Фукуямы беларускай Свабодзе і ўрыўкі зь ягонай кнігі “Наша пост-чалавечая будучыня”.

“...заможныя людзі рэгулярна правяраюць эмбрыёны перш чым правесьці імплянтацыю, каб атрымаць у выніку аптымальных дзяцей. Вы ўсё часьцей можаце вызначыць сацыяльнае паходжаньне маладога чалавека паводле яго ці яе выгляду і розуму; калі нехта не адпавядае сацыяльным стандартам, ён звычайна вінаваціць у гэтым кепскі генэтычны выбар сваіх бацькоў, а не самога сябе. Чалавечыя гены перасаджваюць жывёлам і нават расьлінам для дасьледчых мэтаў і для новых мэдычных прадуктаў, а жывёльныя гены дадаюць некаторым эмбрыёнам, каб падвысіць іх фізычную устойлівасьць і супраціў хваробам. Навукоўцы пакуль яшчэ не наважыліся стварыць паўнавартасную хімэру – напалову чалавека, напалову малпу – хоць гэта і магчыма – але маладыя людзі пачынаюць падазраваць, што іх аднаклясьнікі, у якіх усё атрымліваецца нашмат горш чым у іх, генэтычна не зусім людзі. Бо, па праўдзе, так яно і ёсьць”.

Гэты ўрывак з кнігі Фрэнсыса Фукуямы “Наша пост-чалавечая будучыня” некаму можа падацца проста змрочнай фантазіяй. Аднак Фукуяма, якія акрамя дасьледчыцкай і выкладчыцкай працы мае пасаду ў Радзе біяэтыкі пры прэзыдэнце ЗША, упэўнены, што сучасныя біятэхналёгіі могуць прывесьці да нечаканых і небясьпечных зьменаў у грамадзтве.

(Фукуяма: ) “Найбольшая праблема зьвязаная з нашымі поглядамі на правы чалавека. На маю думку, наша разуменьне правоў чалавека грунтуецца на веры ў тое, што пад паверхняй усіх нашых другасных характарыстык мы ўсе падзяляем нейкую чалавечую сутнасьць, якая дае нам годнасьць. Менавіта з гэтай прычыны мы надзеленыя правамі ў палітычнай сфэры. Але калі ў вас ёсьць тэхналёгія, якая можа зьмяніць гэтую чалавечую сутнасьць, вы таксама можаце зьмяніць і правы чалавека. Другая падстава для заклапочанасьці – гэта пытаньне "сацыяльнай інжынэрыі". У дваццатым стагодзьдзі чалавецтва паспрабавала шмат "сацыяльнай інжынэрыі" – асабліва камуністы, якія спрабавалі стварыць новага савецкага чалавека і стварыць ідэальнае грамадзтва на грунце новай мадэлі чалавека. На маю думку, гэта мела вельмі трагічныя і адмоўныя наступствы. І біятэхналёгія можа стварыць магчымасьць зноўку рабіць нешта падобнае”.

У кнізе “Наша пост-чалавечая будучыня” Фукуяма піша пра прынцыповае адрозьненьне прыходу біятэхналёгіяў ад ранейшых тэхналягічных рэвалюцый. Напрыклад, ядзерныя тэхналёгіі ад самага пачатку ўспрымаліся людзьмі як небясьпечныя. У апошнія дзесяцігодзьдзі зьявіліся новыя боязі – у шматлікіх галівудзкіх фільмах малекулярныя машыны, здольныя да самааднаўленьня і рэплікацыі, выходзяць з-пад кантролю і зьнішчаюць сваіх стваральнікаў – людзей.

Біятэхналёгіі таксама маюць некаторыя аспэкты, дзе небясьпека відавочная – новыя вірусы, жывёлы-мутанты ці генэтычна мадыфікаваныя расьліны, якія могуць выклікаць таксычныя рэакцыі.

На думку Фрэнсыса Фукуямы, з такімі пагрозамі змагацца якраз лягчэй, бо яны ясна акрэсьленыя. Куды цяжэй зразумець небясьпеку, калі яна зьмяшаная зь відавочнымі пазытыўнымі наступствамі.

Фукуяма піша: “Мэдычныя тэхналёгіі шмат у якіх выпадках прапануюць нам д’ябальскую ўгоду: даўжэйшае жыцьцё, але з меншымі разумовымі здольнасьцямі, свабоду ад дэпрэсіяў разам са свабодай ад творчага духу, тэрапію, якая размывае рысу паміж нашымі ўласнымі дасягненьнямі й дасягненьнямі, атрыманымі, дзякуючы узроўням розных хімічных рэчываў, якія патрапляюць нам ў мозг”.

Вось што Фрэнсыс Фукуяма гаворыць пра такія прыхаваныя небясьпекі:

(Фукуяма: ) “Няма нейкага адзінага кашмарнага сцэнару. Але я дам вам пару прыкладаў. Можа стаць магчымым гадаваць чалавечыя істоты, якія сапраўды будуць мець перавагу над іншымі. Гэта не палепшыць агульны стан чалавецтва, але прывядзе да падзелу паміж людзьмі, які будзе грунтавацца на іх выглядзе, фізычнай сіле і розуме ды іншых вельмі відавочных характарыстыках. Другі сцэнар у нейкай ступені ўжо разгортваецца з псыхатропнымі лекамі. У Злучаных Штатах, напрыклад, вельмі распаўсюдзілася ўжываньне стымулятараў, кшталту "Рыталіну" для кантролю за паводзінамі хлопчыкаў. Гэта можа стварыць магчымасьці для злоўжываньня. Нарэшце, апошні прыклад, гэта падаўжэньне жыцьця. Мы ўжо маем вялікую колькасьць людзей з хваробай Альцгаймэра. Гэта наўпроставае наступства дасягненьняў біямэдыцыны. Людзі жывуць больш за 80-90 гадоў, і у наступным пакаленьні можа скласьціся сытуацыя, калі дзесьці 30% насельніцтва будзе жыць у дамах састарэлых з рознай ступеньню інваліднасьці, няздольныя памерці, але пры гэтым няздольныя жыць нейкім больш-менш задавальняючым жыцьцём”.

Асобны разьдзел у кнізе “Наша пост-чалавечая будучыня” Фукуяма прысьвяціў двум папулярным псыхатропным лекам сучаснасьці – “Празаку” і “Рыталіну”. “Празак”, як і некаторыя іншыя падобныя лекі, дазваляе падвысіць у мозгу ровень рэчыва сэратаніну, якое дае чалавеку адчуваньне задавальненьня. Такія лекі ўжываюць супраць дэпрэсіі. У Злучаных Штатах “Празак” ды іншыя лекі такога тыпу прымаюць каля 28 мільёнаў чалавек – гэта каля 10% амэрыканскага насельніцтва.

Легальны “Празак” многія параўноўваюць зь нелегальным наркотыкам “Экстазі” – той таксама стымулюю паступленьне ў мозг сэратаніну і стварае адчуваньне эўфарыі. Фармаколягі тлумачаць, што “Экстазі” прыводзіць да нэгатыўных пабочных эфэктаў для здароўя. Некаторыя дасьледчыкі таксама гавораць і пра кепскія пабочныя эфэкты “Празаку”.

Але Фрэнсыса Фукуяму больш турбуе агульны ўплыў гэтага леку на асобу. Рэч у тым, што незадаволенасьць сабой заўсёды была адным з найважнейшых рухавікоў для чалавека. Цяпер жа здабыць самапавагу можна без асаблівых намаганьняў – схадзіўшы да доктара і купіўшы таблеткі.

Натуральна, у сьвеце ёсьць мільёны людзей з клінічнымі дэпрэсіямі, якім патрэбныя лекі, піша Фукуяма, але вельмі цяжка вызначыць, які менавіта ўзровень самапавагі ёсьць нормай. Таму многія людзі захочуць карыстацца і ўжо карыстаюцца лекамі, каб адчуваць сябе лепш, чым звычайна.

Калі “Празак” можна назваць гэткай “пігулкай шчасьця”, дык іншы лек, “Рыталін,” наўпрост выкарыстоўваецца для сацыяльнага кантролю.

“Празак” у асноўным прымаюць жанчыны, а “Рыталін” найчасьцей даюць хлопчыкам у якіх узьнікаюць праблемы з навучаньнем. Хваробы, ад якой дзяцей лечаць “Рыталінам”, мэдыцына раней ня ведала. Толькі ў 1980 годзе Амэрыканская псыхіятрычная асацыяцыя далучыла да афіцыйнага сьпісу паталёгіяў сындром гіперактыўнасьці і недахопу ўвагі. Сымптомы гэтага разладу – цяжкасьці з канцэнтрацыяй увагі й залішняя маторная актыўнасьць.

Фукуяма ў сваёй кнізе зазначае, што такі дыягназ часта будзе вельмі суб’ектыўны: “Маладыя людзі і асабліва хлопчыкі былі створаныя эвалюцыяй не для таго, каб гадзінамі сядзець за партай і уважліва сачыць за настаўнікам, а хутчэй для таго, каб бегаць, гуляцца й займацца іншымі фізычна актыўнымі рэчамі. Уражаньне пашыранай хваробы стварае той факт, што мы ўсё болей патрабуем, каб яны нерухома сядзелі ў клясах, або тое, што бацькі і настаўнікі маюць менш часу, каб займацца зь імі цікавымі рэчамі”.

Фукуяма зьвяртае асаблівую увагу на пагрозьлівую сымэтрыю ва ўжываньні “Празаку” і “Рыталіну” – першы вельмі часта прапісваюць жанчынам у стане дэпрэсіі, і ён дае ім гэткае адчуваньне “самца нумар адзін”, якое зьвязанае з высокім роўнем сэратаніну. Другі найчасьцей даюць занадта актыўным хлопчыкам. Фукуяма піша: “Два полы паціхеньку падштурхоўваюць адно да аднога ў нейкую сярэднюю бясполую асобу, самазадаволеную і сацыяльна паслухмяную, якая і ёсьць цяперашнім палітычна карэктным прадуктам амэрыканскага грамадзтва”.

Для людзей у большасьці незаходніх грамадзтваў многія праблемы, пра якія піша Фукуяма, могуць падацца экзатычнымі і далёкімі. Да прыкладу, у бяднейшых краінах не чуваць пра радыкальныя групоўкі, якія ставяць правы жывёлы на ровень з правамі чалавека і выкарыстоўваюць у абарону жывёлы тэракты супраць людзей. Генэтычныя зьмены ў чалавечых эмбрыёнах пакуль што застаюцца ў сфэры экспэрымэнтальнай мэдыцыны. Але ўжо цяперашні ровень тэхналёгіі часам прыводзіць да нечаканых кепскіх наступстваў. Да прыкладу, у Кітаі пашыраныя аборты, калі бацькі з дапамогай ультрагукавога тэсту даведваюцца, што мае нарадзіцца дзяўчынка.

На здольнасьць біямэдыцыны працягваць жыцьцё Фукуяма глядзіць і з даволі нечаканага боку: “Пакуль дыктатары такога тыпу, як Франсыска Франка, Кім Ір Сэн і Фідэль Кастра працягваюць жыць, іхныя грамадзтвы ня маюць магчымасьці іх замяніць, і ўсе палітычныя і сацыяльныя зьмены адкладаюцца да іх сьмерці. У будучыні з тэхналягічна падоўжанай працягласьцю жыцьця, такія грамадзтвы могуць апынуцца ў бязглуздым чаканьні сьмерці цягам не гадоў, але дзесяцігодзьдзяў”.

Увогуле, амэрыканскі дасьледчык папярэджвае, што рыхтавацца да біятэхналягічнай рэвалюцыі варта ўжо цяпер, бо потым можа быць позна.

(Фукуяма: ) “Генэтычная інжынэрыя, на маю думку, яшчэ даволі далёка. Выкарыстаньне псыхатропных лекаў для кантролю за паводзінамі ўжо распаўсюджанае. Некаторыя іншыя магчымасьці верагодна зьявяцца праз 5-10 ці 15 гадоў. Таму варта ўжо загадзя думаць чаго мы хочам ад біямэдыцыны. Варта абдумаць маральныя наступствы, каб быць гатовым, калі зьявяцца тэхналягічныя магчымасьці”.

Фрэнсыс Фукуяма заклікае да жорсткага міжнароднага кантролю над новымі тыпамі біядасьледаваньняў. Ён папярэджвае супраць спробаў клянаваць чалавека. Клянаванае дзіця было б адначасна сынам ці дачкой, і пры гэтым блізьнюком свайго бацькі ці маці. Гэта радыкальна зьмяніла б мадэль адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі. Некаторыя крытыкі гавораць, што забароны на клянаваньне ды іншыя спрэчныя экспэрымэнты ў біятэхналёгіі ня маюць сэнсу. Маўляў, калі дэмакратычныя краіны забароняць такія дасьледаваньні, дык імі ў любым выпадку зоймуцца аўтарытарныя рэжымы. Фрэнсіс Фукуяма не пагаджаецца з такой лёгікай.

(Фукуяма: ) “Калі вы лічыце, што гэта рабіць маральна няправільна, дык я ня думаю, што нешта зьмяняецца, калі гэтым таксама займаецца нейкі кепскі рэжым. Я не выступаю за забарону дасьледаваньняў, я проста гавару, што іх трэба рэгуляваць, як мы рэгулюем цяперашнія дасьледаваньні. У нас вельмі жорсткія стандарты. Калі ў Мэксыцы ці Кітаі нешта легальна, а ў ЗША – не, дык я не лічу, што гэта само па сабе добры аргумэнт. Напрыклад, у ЗША вельмі дакладныя правілы наконт экспэрымэнтаў зь людзьмі ў навуковых дасьледаваньнях. Для клінічнага тэставаньня лекаў трэба інфармаваная згода удзельнікаў экспэрымэнту. У Кітаі такіх правілаў няма, але я ня думаю, што нам варта адмяняць свае правілы наконт экспэрымэнтаў зь людзьмі, таму што Кітай выкарыстоўвае паняволеных людзей у мэдычных дасьледаваньнях”.

Фрэнсыс Фукуяма папярэджвае, што чалавецтва уступае ў пэрыяд, калі тэхналёгіі зробяць магчымым зьмяніць саму прыроду чалавека:

(Фукуяма: ) “Многія, не задумваючыся, лічаць, што пост-чалавечы сьвет будзе вельмі падобны на цяперашні – свабодны, роўны, заможны, клапатлівы, спагадлівы – толькі зь лепшай аховай здароўя, даўжэйшай працягласьцю жыцьця і магчыма, вышэйшым роўнем розуму.

Але можа стацца так, што ў гэтым пост-чалавечым сьвеце будзе больш іерархіі і спаборніцтва, а ў выніку больш сацыяльных канфліктаў. Гэта можа быць сьвет, дзе згубіцца панятак “агульнай чалавечнасьці”, бо мы будзем мець чалавечыя гены, зьмяшаныя з генамі многіх іншых відаў, і больш ня будзе яснага разуменьня, што ж такое чалавек. У гэтым сьвеце сярэдні чалавек можа жыць больш за стагодзьдзе, седзячы ў прытулку для састарэлых і жадаючы сьмерці, якая ўсё не прыходзіць. Ці гэта можа быць мяккая тыранія, як у кнізе “Сьмелы Новы сьвет”, дзе ўсе здаровыя і шчасьлівыя, але забылі значэньне надзеі, страху і барацьбы.

Мы ня мусім прымаць любы варыянт гэтага будучага сьвету пад хлусьлівым сьцягам свабоды – няважна, што пад гэтай свабодай маецца на ўвазе: неабмежаваныя правы на рэпрадукцыю чалавека ці на неабмежаваныя навуковыя дасьледаваньні. Мы ня мусім лічыць сябе рабамі непазьбежнага тэхналягічнага прагрэсу, калі гэты прагрэс ня служыць чалавечым мэтам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG