Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская камісія й кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску асуджаюць гвалтоўны разгон дэманстрацыі беларускай апазыцыі 19 кастрычніка


Юры Сьвірко, Менск А Масква патрабуе тлумачэньняў наконт зьбіцьця тэлеапэаратараў двух расейскіх тэлеканалаў увечары 19 кастрычніка.

Дэпартамэнт інфармацыі й друку МЗС Расеі распаўсюдзіў камэнтар, у якім заявіў, што Масква чакае правядзеньня расьсьледаваньня інцыдэнту з супрацоўнікамі тэлекампаніяў НТВ і РЭН-ТВ у Менску, а таксама атрыманьня вычарпальнай інфармацыі пра гэта.

“У зьвязку з інцыдэнтам 19 кастрычніка ў Менску з журналістамі расейскіх тэлеканалаў НТВ і РЭН-ТВ амбасада Расеі ў Беларусі зьвярнулася з адпаведным запытам да беларускіх уладаў”, — паведаміла МЗС Расеі й дадала, што шкадуе з тае нагоды, што “цягам апошняга часу гэта ня першы выпадак такога кшталту ў дачыненьні да расейскіх карэспандэнтаў у Менску”.

Варта нагадаць: аналягічную заяву МЗС Расеі зрабіла з нагоды ранейшага зьбіцьця ў Менску супрацоўніка расейскай тэлекампаніі “Першы канал” Паўла Шарамета.

У Брусэлі прэсавая сакратарка Эўрапейскай камісіі Эма Гудвін асудзіла гвалтоўны разгон дэманстрацыі апазыцыі ў Менску й дадала: “Відавочна, што гэта ня мэтад для зносінаў з апазыцыяй”. Спадарыня Гудвін нагадала: Эўразьвяз неаднаразова выказваў занепакоенасьць у зьвязку з тымі абмежаваньнямі дэмакратычных свабодаў, якія маюць месца ў Беларусі, — у прыватнасьці, свабоды слова.

Прадстаўніца Эўрапейскай камісіі паведаміла, што Брусэль цяпер выпрацоўвае палітычную лінію наконт кіраўніцтва Беларусі, улічваючы гэтыя заклапочанасьці, у межах палітыкі добрасуседзтва Эўразьвязу.

“Аднак гэта будзе ня коштам беларускаму народу — мы яго не пакінем”, — зазначыла Эма Гудвін з Эўрапейскай камісіі.

Як паведамляе АБСЭ, “19 кастрычніка беларускі АМОН ажыцьцявіў гвалтоўныя атакі на некалькіх вядучых беларускіх апазыцыянэраў і журналістаў пасьля палітычнай дэманстрацыі ў Менску”. Кіраўнік Офісу АБСЭ ў Менску амбасадар Эбэргард Гайкен выказаў сваю глыбокую занепакоенасьць гэтымі падзеямі й заявіў: “Пацярпелыя ажыцьцяўлялі сваё права на сходы й на свабоду выказваньняў што да афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму”.

Паводле заявы АБСЭ, амбасадару Гайкену ўвечары ў аўторак адмовілі ў доступе на міліцэйскі ўчастак у Ленінскім раёне, дзе затрымалі пацярпелых, а яшчэ былі зьбітыя расейскі й чэскі журналісты. Іншых журналістаў з Расеі, Польшчы й Чэскай Рэспублікі затрымалі, але адпусьцілі пасьля высьвятленьня іх асобаў.

Кажучы пра напад на Анатоля Лябедзьку, амбасадар Гайкен заявіў: “Такія напады, падчас якіх чалавека зьбіваюць да страты сьвядомасьці ў грамадзкім рэстаране за выказваньне альтэрнатыўных поглядаў, непрымальныя для АБСЭ”.

Кіраўнік Офісу АБСЭ ў Менску заявіў, што мае намер разабрацца за гэтым інцыдэнтам зь Міністэрствам замежных справаў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG