Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебскім краязнаўчым музэі адчынілася экспазыцыя, прысьвечаная выбарам


Браніслава Станкевіч, Віцебск На Беларусі падобнага кшталту выстава адчынілася ўпершыню. На ёй пабывала наша віцебская карэспандэнтка.

Шчыра прызнацца, я думала, што ўражаньняў будзе больш. А тое, што я пабачыла – гэта хутчэй проста выстава палітычнага плякату, зьмешчаная ў фае музэю. Супрацоўнікі кажуць, што выбралі адпаведны момант, каб паказаць наведнікам тое, што пакуль найчасьцей ляжыць у сховішчах – гэтак званую “спадчыну савецкіх часоў”. Выстаўленыя 14 плякатаў, вырабленых у розныя гады – ад 1953 да 1985.

Праўда, лёзунгі на іх вельмі пазнавальныя. І гэта, напэўна, самае яскравае ўражаньне ад выставы – уражаньне таго, што час праляцеў па-над гэтымі плякатамі, не крануўшы іхнага зьместу: “Дабрабыт народу – першы клопат дэпутата” (праўда, Вярхоўнага Савету СССР), “Галасуйце за далейшы росквіт нашых гарадоў і сёлаў” – і гэта вельмі сучасна, праўда? “Выберам лепшых” – таксама мелася на ўвазе дэпутатаў Вярхоўнага савету. Ну і, канешне, несьмяротны лёзунг “усе на выбары” – адлюстраваны ў 5-ці ці нават шасьці варыянтах…

Такім чынам, я пабыла на рэтра-выставе, дзе сучасных матэрыялаў не было. Дарэмна я чакала ўбачыць, да прыкладу, дакумэнтальныя фотаздымкі першых выбараў у незалежнай Беларусі, ці нават фотаздымкі зь мінулых прэзыдэнцкіх выбараў – калі бабулі ды дзядулі кленчылі парад партрэтам Аляксандра Лукашэнкі… Я бачыла такія фотаздымкі, і сапраўды лічу, што такое варта было б захаваць для гісторыі.

Зрэшты, пасьля наведаньня выставы ў краязнаўчым музэі я вырашыла правесьці невялічкае апытаньне вось на якую тэму: калі б на Беларусі насамрэч зьбіралі экспанаты для музэю, прысьвечанага выбарам, то што з сучасных выбарчых рэаліяў або – ёсьць яшчэ такое прыгожае навуковае слова – “артэфактаў” варта было б захаваць для нашчадкаў?

(Спадар: ) “У гэткім музэі я паклаў бы на самым пачэсным месцы, на покуці, сьпіс ўсіх беларускіх выбарцаў – грунтоўны, манумэнтальны мастацкі твор, дзе вельмі шмат “мёртвых душаў”, расейскіх грамадзянаў вельмі шмат… Вось гэткую “амбарную кнігу” – пералік усіх выбарцаў”.

(Спадар: ) “У музэй? Я сабраў бы там усе рэкамэндацыі, якія даваліся ўладамі, за якіх дзяржаўных службоўцаў трэба галасаваць. Газэты, розныя іншыя выданьні, дзе толькі пісалася: “Вось такі й такі, і менавіта гэткія людзі нам патрэбныя!”

(Спадар: ) “Я захаваў бы там “ролік” – як нас па тэлевізіі вучаць галасаваць. Толькі птушачка “за”. Калі пустыя квадрацікі – бюлетэнь лічыцца несапраўдным. А што ж будзе, калі паставіць птушачку там, дзе “супраць”?”

(Спадар: ) “Ёсьць “ноў-хаў” на гэтых выбарах: скрыні, якія можна адчыніць, не парушаючы пячаткі. Да прыкладу, на 2-м участку Віцебскай-Горкаўскай акругі дастаткова раскруціць 12 шрубкоў, і рабі са скрыняй, што хочаш! Іх потым закруці – і ніхто не даведаецца, што скрыню чапалі. Вось такі цудоўны экспанат я абавязкова захаваў бы для нашчадкаў, каб яны ведалі, якім чынам праходзілі выбары ў 2004-м годзе!”

Вось такія экспанаты прапанавалі сабраць у “музэі гісторыі выбараў” удзельнікі выбараў цяперашніх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG