Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму навучаюць дзяцей сучасныя беларускія падручнікі?


Іна Студзінская, Менск Сёлета да новага навучальнага году Нацыянальны інстытут адукацыі выпусьціў 160 найменьняў падручнікаў для школьнікаў. Ёсьць сапраўды вельмі зьмястоўныя, якія рыхтаваліся на конкурснай аснове і грунтуюцца на нацыянальным беларускім матэрыяле. Многія падручнікі залішне складаныя, прычым гэта меркаваньне ня толькі школьнікаў, але й настаўнікаў. Ёсьць сярод падручнікаў і проста дзіўныя. Якімі павінны быць школьныя падручнікі, каб па іх было цікава вучыцца?

Дзеці любяць яркія, прыгожыя кніжкі з малюнкамі. Настаўнікі хочуць, каб падручнікі былі зьмястоўныя, грунтоўныя, сур’ёзныя. Ці падабаюцца школьныя падручнікі вучням, іхным бацькам і настаўнікам?

(Дзяўчынка: ) “Чытаючы падручнік зь беларускай літаратуры за 4 клясу, можна плакаць кожны ўрок. Цэлы год мы вывучалі апавяданьні, у якіх дзеці паміраюць. Прачытаць хаця б апавяданьні “Міхаська” і “Страта” ў 11 год! А падручнікі з матэматыкі – гэта хутчэй зь сельскай гаспадаркі. 6 гадоў мы лічым на ўроках кашы з бульбай, трактары, машыны са збожжам...”

(Хлопчык: ) “Мне ня ўсе падручнікі падабаюцца. Сёлета хоць нармальны падручнік зь беларускай літаратуры зьявіўся, не такі сумны, як летась. Вось нядаўна чыталі “Лебядзіны скіт” Караткевіча. Прыгожы, цікавы падручнік толькі з гісторыі, астатнія наагул шэрыя, некаляровыя, без малюнкаў. Такое ўражаньне, што ў друкарнях стаяць “карвэты”, а не нармальныя кампутары – у падручніках толькі два колеры: чорны і сіні”.

(Настаўніца: ) “На маю думку як настаўніцы з 15-гадовым стажам, нашы падручнікі робяцца людзьмі, якія самі ў школе не працуюць. У найлепшым выпадку гэтыя людзі зрэдку прыходзяць у якую-небудзь выдатную, элітную школу, а тады робяць свае кніжкі не для звычайных дзяцей, а для дзяцей, у якіх ёсьць магчымасьць наймаць рэпэтытараў або займацца дадаткова з бацькамі. З нашымі падручнікамі немагчыма самастойна вывучыць прадмет”.

Цяпер дзеці вучацца і па беларускіх, і па расейскіх падручніках. Настаўнікі для больш паглыбленага выкладаньня матэрыялу могуць выкарыстоўваць дадатковыя дапаможнікі. Расейскія “З000 задач и примеров по математике” пад рэдакцыяй Узоравай разьвязваюць трэцяклясьнікі Менскай політэхнічнай гімназіі нумар 6. Васьмігадовы Янка прачытаў некаторыя зь іх.

(Янка: ) (Чытае па-расейску.) “Император Пётр ІІ правил Россией 2 года, это в пять раз меньше Анны Иоанновны. Сколько лет царствовала Анна Иоанновна?”

(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, хто такі Пётар П, Анна Яанаўна?”

(Янка: ) “Пакуль што не. (Чытае па-расейску.) Российский император Пётр І ложился спать в 9 часов вечера, а просыпался в 2 часа ночи. Все остальное время он работал. Сколько работал Пётр І?”

(Карэспандэнтка: ) “А гэта ці лёгкая задачка?”

(Янка: ) “Лёгкая”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто такі Пётар І?”

(Янка: ) “Ён першы правіў Русьсю”.

І такіх задач – пра Шуйскага, Суворава, расейскіх цароў, князёў, пра бітвы і паразы ворагаў – у зборніку безьліч. Гутару з маці васьмігадовага Янкі, якой часьцяком даводзіцца дапамагаць сыну. Прычым не разьвязваць задачкі, а тлумачыць іх сэнс.

(Карэспандэнтка: ) “Як дзеці рэагуюць на такія падручнікі? Яны шмат чаго не разумеюць з гэтымі царамі расейскімі?”

(Валянціна: ) “Абсалютна. Ён чытае задачку, зусім не задумляючыся над тэкстам. Але разам з тым гэта ж убіваецца ў галаву. Як 25 кадр у тэлевізары. Гэта як бы матэматыка, а па-за кадрам ідзе гэтая ўся інфармацыя. І каб рашыць гэтую задачку, ён яе мусіць два-тры разы прачытаць. А калі ён 2-3 разы прачытае, то нешта ў яго застанецца...”

Міністэрства адукацыі зацьвярджае менавіта беларускія падручнікі з асноўных прадметаў. Адзінае выключэньне – замежныя мовы – тут дазволена карыстацца расейскімі дапаможнікамі. А вось такі “ўзор” расейскай аўтаркі на прозьвішча Ўзорава, які цытаваў васьмігадовы Янка, выкарытоўваюць у якасьці дадатковага матэрыялу настаўнікі. Гэта ініцыятыва асобных настаўнікаў, а не рэкамэндацыя Міністэрства, сьцьвярджае намесьнік дырэктара Цэнтру навуковай кнігі Нацыянальнага інстытуту адукацыі Рыгор Чамаданаў.

(Чамаданаў: ) “Узорава? Я нават і аўтаркі такой ня ведаю. Гэта, магчыма, выкарыстоўваецца настаўнікам як дадатковы матэрыял з мэтай больш паглыбленага, дыфэрэнцыяванага навучаньня. Кантроль павінен ажыцьцяўляцца завучам. Але магу вас запэўніць, што гэта не рэкамэндавана Міністэрствам адукацыі. Таму што я ведаю пазыцыю міністра”.

Такім чынам, без усялякіх рэкамэндацыяў Міністэрства адукацыі расейскія падручнікі спрэс выкарыстоўваюцца ў беларускіх школах і гімназіях. Спадар Чамаданаў запэўніў, што праз год-два беларуская школа цалкам пяройдзе на нацыянальныя падручнікі. Але хапае недарэчнасьцяў і ў рэкамэндаваных Міністэрствам адукацыі беларускіх падручніках. У трэцяй клясе дзеці чытаюць кнігу “Радуга” – з расейскай літаратуры. Там асобны разьдзел “Беларускія паэты – дзецям”. Колас, Купала, Караткевіч, Вольскі, Танк, Дубоўка, Карызна – у перакладзе на расейскую мову. Камэнтар маці трэцяклясьніка Янкі:

(Валянціна: ) “Я абсалютна нармальна стаўлюся да таго, што дзеці павінны ведаць і родную літаратуру, і літаратуру суседніх народаў, і расейскую літаратуру. Але яны павінны чытаць па-беларуску, альбо, калі гэта расейская літаратура, хай яна будзе па-расейску. А пераклады беларускіх аўтараў па-расейску – гэта поўны абсурд”.

А вось старшаклясьнікі вывучаюць усясьветную літаратуру па-беларуску. За кошт скарачэньня беларускай клясыкі. Апавядае настаўніца Мілана Юркова.

(Юркова: ) “Таго ж Коласа “На ростанях”, філязофскага пляну твор, пакінулі толькі першую частку. “Людзі на балоце” – адну частку. Затое ўвялі замежную літаратуру на ўроку беларускай літаратуры. Яно дык і добра – абапірацца на клясычную спадчыну. Але, можа, гэты прадмет у МХК увесьці? А то беларуская літаратура і Гамэр, міты. У нас свае міты ёсьць. Маглі б больш на нашу старажытную літаратуру абапірацца, калі гэта ўрок беларускай літаратуры…

І інтэрпрэтацыя. Калі цяпер нам вочы раскрылі на ўсю гісторыю, ці можна замоўчваць некаторыя факты біяграфіі Коласа, Купалы, як ім жылося ў 1920 – 30-я гады? А гэтага ж нічога няма ў падручніках. Гэта дзеці чуюць толькі ад настаўнікаў, ці нейкі відэафільм выкапаеш дзе-небудзь…”

Добра, калі настаўнік да сваёй працы ставіцца творча і не абмяжоўваецца матэрыялам, выкладзеным у падручніку. Тым больш падручнікі вельмі часта мяняюцца. Меркаваньне настаўніцы Алены Дэц:

(Дэц: ) “Настаўнік павінен сам прыстасавацца да новага падручніка. Калі ён “перабудаваўся”, можа працаваць зь дзецьмі, і дзеці змогуць з тым падручнікам вучыцца. А калі не, настаўнік кансэрватыўны – дык будуць праблемы. Разумееце, тут прычына ў настаўніках больш. Ну й, вядома, малюнкаў бы болей. Каб было дзецям цікава. А то чорны колер, зялёны, шэры”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, успрыманьне матэрыялу залежыць ад колеру, ад малюнкаў?”

(Дэц: ) “Вядома. Прычым рознага роўню павінны быць заданьні, калі ўведзеная 10-бальная сыстэма. Тут аўтары падручнікаў яшчэ не пераарыентаваліся”.

Так, і школьнікі, і настаўнікі скардзяцца, што падручнікі занадта складаныя, напісаныя “недзіцячай” мовай, і самастойна па іх вучыцца вельмі цяжка. Меркаваньне настаўніцы Міланы Юрковай:

(Юркова: ) “Крытыка, калі браць літаратуру, вельмі далёкая ад сучаснага погляду. Вельмі складана пададзена, ідзе спасылка на творы, якіх дзеці не чыталі, бо творы непраграмныя. Як вынік, пераказаць артыкул дзецям вельмі цяжка”.

Зь Міланай Юрковай цалкам салідарная й Валерыя Сом:

(Сом: ) “На вялікі жаль, па нашых падручніках немагчыма самастойна вывучыць прадмет. Таму дзіця, у якога неспрыяльная сацыяльная сытуацыя ў сям’і, ня можа самастойна засвоіць тое, што трэба паводле праграмы, і, адпаведна, робіцца двоечнікам, чалавекам, ня ўпэўненым у сабе, у сваіх здольнасьцях. Гэта ні да чога добрага не прыводзіць”.

Ні для кога не сакрэт, што школьная праграма з кожным годам ускладняецца. І цяпер бацькі разам са сваімі нашчадкамі вечарамі пасьля працы вымушаныя рабіць урокі. Гаворыць маці двух школьнікаў Рэгіна Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Мае бацькі ў свой час наагул ня ведалі, якія мы вывучаем прадметы, толькі раз на тыдзень расьпісваліся ў дзёньніку. Мы з мужам кожны вечар нешта рашаем, шукаем у слоўніках, тэлефануем знаёмым, каб разабрацца з урокамі. Я не ўяўляю, як вучацца дзеці, якім бацькі ня здольныя дапамагчы. Цяпер дачка ў шостай клясе, сын у другой. Шчыра кажучы, ня ведаю, ці змагу дапамагчы сваім у старэйшых клясах, бо вельмі складаная праграма, шмат чаго ў падручніках наагул няма, а ведаць патрабуюць”.

Школьная праграма кожны год ускладняецца, а зь ёю ўскладняюцца й падручнікі. Скардзяцца настаўнікі, што зашмат матэрыялу і вельмі мала гадзін. Скардзяцца бацькі, што дзеці залішне загружаныя. Скардзяцца дзеці, што ў школе ім нецікава і шмат задаюць. Затое чыноўнікі ганарацца: у краіне вельмі грунтоўная, сур’ёзная, усебаковая базавая адукацыя.

Малады настаўнік Аляксей Галіч, які выкладае геаграфію і новую дысцыпліну, якую назвалі “Сусьвет”, выказаў такое меркаваньне:

(Галіч: ) “У многім неэфэктыўнае навучаньне. Загружаюць дзяцей беспрычынна, вучаць не таго, чаго трэба. Не фармаваньню асобы, эстэтычнаму, маральнаму, удзяляюць увагу, а другаснаму, мала патрэбнаму. Можа, прычына не ў падручніках? Падручнікі – гэта маленькая праблемка, якая выходзіць зь вялікай. Таму, у прынцыпе, няма запатрабаваньня ў дзяржаве на напісаньне нармальных падручнікаў. Дарослыя ня маюць патрэбы ў такіх падручніках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG