Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таленты на чужыне: беларускія музыкі й танцоры ў Таронта (частка другая)


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Аляксандр Севасьцьян, Мікола Град, Жанна і Ўладзімер Шалькевічы (Таронта).

Калі я дазванілася ў Таронта да музыканта Аляксандра Севасьцьяна і запыталася, ці можам мы размаўляць па-беларуску, ён з годнасьцю адказаў:

(Севасьцьян: ) “Я – беларус па нацыянальнасьці, маю беларускі пашпарт, і я павінен размаўляць па-беларуску”.

Аляксандр жыве ў Канадзе тры гады, ён застаецца грамадзянінам Беларусі, але Бацькаўшчыну пакінуў ўжо каля 10 гадоў таму.

(Севасьцьян: ) “Я вучыўся ў музычнай вучэльні ў Менску, а потым паехаў у Акадэмію музыкі ў Маскву, вучыўся 6 гадоў у Расейскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Калі скончыў, адразу пераехаў у Канаду. Мае бацькі афіцыйна эмігравалі ў Канаду, і яны мне дапамаглі. Мы ўсе разам зараз жывем у Канадзе, у Таронта”.

Аляксандр скончыў “Гнесінку” па клясе баяна, ягоная прафэсійная падрыхтоўка на час прыезду ў Канаду была даволі высокай.

(Севасьцьян: ) “Я – ляўрэат міжнародных конкурсаў. Калі навучаўся ў Маскве, прымаў удзел у пяці міжнародных конкурсах у розных краінах і займаў там першае месца. Па прыезьдзе ў Канаду я паехаў у ЗША на конкурс, і там таксама заняў першае месца”.

Тым ня менш, знайсьці працу па прафэсіі аказалася ня лёгка.

(Севасьцьян: ) “Працаваў ў розных месцах, не зьвязаных з музыкаю. Але, потым мне пашчасьціла: я знайшоў тое, чаго шукаў. Я пачаў працаваць у музычным квартэце. Мы маем аднаго амэрыканскага грамадзяніна, я – беларус, і яшчэ двое канадцаў. Мы йграем самыя розныя мэлёдыі, найбольш італьянскія, наш кіраўнік – італьянец. Мы былі ў Італіі тры тыдні таму, ігралі там”.

(Сурмач: ) “А беларускія мэлёдыі цяпер даводзіцца іграць?”

(Севасьцьян: ) “Так, даводзіцца, мяне запрашаюць, і я выступаю для беларускай грамады, і там маю шанец іграць менавіта беларускія мэлёдыі. Калі я іграю перад канцэртам для разьмінкі, я іграю беларускія творы, і музыкантам мэлёдыі гэтыя вельмі падабаюцца. Скрыпач іграе гэтыя мэлёдыі на слых разам са мною”.

(Сурмач: ) “Акрамя выступленьняў перад беларускай грамадою, ці іграеце яшчэ сола?”

(Севасьцьян: ) “У найбліжэйшы час я буду выступаць – гэта будзе сольнае выступленьне ў Таронта 4 кастрычніка. Вялікае сольнае выступленьне будзе 13 лістапада ў горадзе Канзас, штат Місуры. Выступаю сольна недзе 6-7 разоў у год”.

(Сурмач: ) “А ваш квартэт – ці ладзіў гастролі па-за межамі Канады?”

(Севасьцьян: ) “Група мае пяць мэнэджэраў – для Канады, для ЗША, у Японіі, у Эўропе і ў Кітаі. 22 кастрычніка мы з ансамблем будзем выступаць у горадзе Норвіч, штат Нью-Ёрк. У наступным годзе ў сакавіку мы плянуем сыграць 15 канцэртаў на Ўсходзе – Кітай, Японія, Сынгапур. У мінулым кастрычніку я іграў тры канцэрты ў Сеуле з ансамблем”.

(Сурмач: ) “Чаго Вам не стае ў творчым пляне, што яшчэ хацелі б зрабіць?”

(Севасьцьян: ) “Што б мне хацелася? Я ня быў ў Беларусі 5 гадоў. Я б хацеў некалі паехаць туды й сыграць 10-15 канцэртаў у розных гарадох.

Чытаю навіны ў інтэрнэце. Цяжка адназначна сказаць – нешта добра, а нешта і ня вельмі. Мала канцэртаў замежных выканаўцаў, ніхто не прыяжджае, я хачу сказаць, з баяністаў”.

У адной з музычных школаў Таронта часам можна пачуць, як у выкананьні юных гітарыстаў гучаць беларускія мелёдыі.

(Град: ) “І кітайцы, і канадцы іграюць у мяне беларускія песьні– “Перапёлачку”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Бульбу”, польку беларускую. Іграюць і кажуць, што добрая мелёдыя”.

Гэтым мелёдыям вучыць канадзкіх дзяцей розных нацыянальнасьцяў гітарыст Мікола Град. Ён скончыў у Менску музычную вучэльню імя Глінкі і, па ягоных словах, марыў вучыцца далей ў кансэрваторыі, але там не было кляса гітары. Аднак ён лічыць, што клясычная гітара ў Беларусі знаходзіцца на высокім узроўні.

(Град: ) “Я жыву блізка каля Каралеўскай кансэрваторыі й ведаю, як тут навучаюць, хаджу на канцэрты. І бачу, што многае ў Менску выкладалася лепш – нешта ёсьць і тут лепшае, але шмат чаго і там было лепш. Адукацыя музычная ў нас на высокім узроўні”.

Мікола прыехаў у Канаду 4 гады таму і ўвесь час працуе тут па прафэсіі.

(Град: ) “Я працую толькі музыкам, займаюся толькі гітараю. Я задаволены, працую па сваёй прафэсіі, што не ўсім тут удаецца. Раблю шмат апрацовак беларускіх народных песень для гітары клясычнай, для вучняў, для школы. Працую ў музычнай школе канадзкай. Маю таксама прыватную практыку. Люблю працаваць адзін”.

(Сурмач: ) “Як знайшлі працу ў школе – Вас узялі без праблемаў выкладаць музыку?”

(Град: ) “Няма праблемаў, трэба было сыграць.У Беларусі галоўнае, каб быў дакумэнт аб адукацыі, а тут – найперш трэба сыграць і паказаць, што ўмееш”.

(Сурмач: ) “Маеце нейкія пляны на будучыню ў прафэсійнай працы?”

(Град: ) “У плянах на будучыню – хачу дапісаць два падручнікі, для клясычнай гітары і электра – “бэйсік”.

(Сурмач: ) “А будуць там ноты беларускіх мэлёдыяў?”

(Град: ) “Будуць, абавязкова, народныя песьні будуць”.

У нашай размове са спадаром Градам мы неяк закранулі і гэтае балючае пытаньне, што зь Беларусі выяжджаюць зараз таленавітыя людзі. Я выказала думку, што гэта вялікія страты для краіны. Але спадар Аляксандр мае на гэты конт сваё меркаваньне.

(Град: ) “Я ня ведаю, можа гэта й ня так страшна, можа, гэта і набытак: так сьвет больш пазнае нас, шырэй пазнае. У Канадзе ведаюць аднаго беларуса – гэта знакаміты хакеіст Уэйн Грэцкі. Бацька ягоны выступае і кажа, што ён беларус, і выглядае, як тыповы беларус. Выступае па тэлебачаньні, рэкляма нават ёсьць”.

Жанна і Ўладзімер Шалькевічы прыехалі Ў Канаду восем гадоў таму на працу. Яны абое – спэцыялісты ў тэхнічных навуках. Жанна скончыла палітэхнічны інстытут, а Ўладзімер – радыётэхнічны. Працавалі на “Інтэграле”, але іхны занятак быў не зусім звычайным для гэтага вядомага ў галіне высокіх тэхналёгіяў прадпрыемства.

Па словах Жанны, ім сказалі ў аддзеле кадраў, што інжынэраў у іх хапае, а вось выкладчыкаў танцаў мала. Справа ў тым, што абодва яны захапляліся бальнымі танцамі: Жанна танцавала з дзяцінства, а Ўладзімер – толькі з 24 гадоў.

Пры падтрымцы прафсаюзнай арганізацыі “Інтэграла” Шалькевічы стварылі ў Курасоўшчыне дзіцячую студыю “Ўсьмешка”, якая перарасла ў клюб, дзе вучылася майстэрству бальнага танца каля 500 дзяцей. Аднойчы да іх завітала канадзкая дэлегацыя, і ў хуткім часе спадарства Шалькевічаў запрасілі на працу ў Канаду выкладаць танцы.

(Уладзімер Шалькевіч: ) “Мы пражылі ўсё жыцьцё ў Беларусі і так здарылася, што павярнулася ў другі бок, і мы згадзіліся, паехалі. Я застаўся назусім, мы – грамадзяне Канады, таксама і Беларусі”.

Беларускія танцоры прывезьлі ў Канаду стыль, які там ня быў распаўсюджаны. Гаворыць спадарыня Жанна:

(Жанна Шалькевіч: ) “Мы выкладаем танцы ў “міжнародным стылі”. Ёсьць яшчэ “амэрыканскі стыль”. Міжнародныя конкурсы праводзяцца ў “міжнародным стылі”. “Міжнародны стыль” тут ня быў разьвіты. Мы працавалі ў правінцыі Альбэрт у Заходняй Канадзе. Спачатку працавалі ў адным маленькім гарадку, а потым пераехалі ў Калгары. Потым – у Таронта”.

Спачатку Шалькевічы працавалі па кантракту з уладальнікам студыі, а потым ён перадаў студыю ў іхнюю ўласнасьць, і зараз яны маюць свой танцавальны бізнэс у Таронта.

(Уладзімер Шалькевіч: ) “Мы арандуем памяшканьне і праводзім заняткі з людзьмі, яны плацяць толькі нам. Гэта не мільянэрскі бізнэс, але для жыцьця нармальна. Мы танцуем, робім шоў, але ў асноўным вучым. Нас часам запрашаюць, каб мы выступілі зь некалькімі танцамі, паказальныя такія выступленьні. Прымаюць добра, любяць танцы, займаюцца танцамі”.

(Сурмач: ) “Вы, спадар Уладзімер, задаволены, што выбралі менавіта такі шлях – аддалі перавагу танцам, а не прафэсіі электроншчыка?”

(Уладзімер Шалькевіч: ) “Я вельмі задаволены, што выбраў такі шлях. Мы – сябры Брытанскай і Канадзкай асацыяцыяў танца. Кантактуем з танцорамі з усяго сьвету”.

У спадарства Шалькевіча двое дзяцей – дачка Ірына, 26 гадоў, і сын Аляксандар, на год маладзейшы. Яны таксама з дзяцінства захапляліся танцамі, танцавалі ў пары. У Канадзе яны абодва зрабілі пасьпяховую кар’еру ў галіне бальных танцаў. Ірына выйшла замуж за канадзкага танцора, ейнага партнэра па танцах. Зараз яны жывуць у ЗША, у штаце Індыяна.

(Жанна Шалькевіч: ) “У мінулым годзе яны сталі чэмпіёнамі Амэрыкі ў прафэсійным бальным танцы. Яны танцуюць у “амэрыканскім стылі”. Муж мае там студыю, і яны там працуюць”.

Сын скончыў унівэрсытэт і мае адукацыю эканаміста, але сказаў бацькам, што пакуль малады, хоча займацца толькі танцамі.

(Жанна Шалькевіч: ) “Сын жыве з намі ў Таронта, але толькі ўмоўна. Ён танцуе за Канаду на 35 конкурсах па ўсім сьвеце. Прыяжджае паміж конкурсамі, толькі наведаць нас. Ён – 4-кратны чэмпіён Канады, таксама – чэмпіён Паўночнай Амэрыкі, гэта Амэрыкі і Канады, ёсьць такі конкурс.

І самае вялікае дасягненьне ў танцавальным сьвеце, нават больш прэстыжнае чым чэмпіён сьвету – гэта фэстываль у Блэкфуле ў Англіі. Туды прыяжджаюць найлепшыя танцавальныя пары з усіх краінаў. Чэмпіянат сьвету зьбірае 150 параў, а ў Блэкфуле зьбіраецца ад 300 да 600 параў. Ён кожны год там удзельнічае, у гэтым годзе ён ўвайшоў чвэрць-фінал, дзе выйшлі 24 пары, ён заняў там 19 месца. За ўсю гісторыю Канады ніхто з аматарскіх параў не падымаўся так высока”.

(Сурмач: ) “Спадар Уладзімер, выглядае, што сын, як і вы сам, аддаў перавагу танцам. Вы хацелі, каб і ён танцаваў?”

(Уладзімер Шалькевіч: ) “Канешне, ён і сам гэтага хацеў, а мы дапамагалі, каб ён дасягнуў добрых вынікаў, каб у будучыні мог стаць добрым прафэсіяналам. Ён вельмі добра выступае. Я думаю, што ў яго будзе вельмі добрая будучыня ў бальных танцах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG