Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 20 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 20 верасьня

“Наша ніва”, 1914 год:

“У Мінску выйшоў ад ваеннай уласьці такі загад: “З прычыны труднасьці, якая выходзе пры цэнзуры карэспандэнціі на вэнгерскай і жыдоўскай мовах, прадпісваю лічыць такую неналежачай к перасылцэ у мейсцы назначэньня. Пісьмы, напісаные у азначэных мовах, належаць к зністожэньню пры цэнзуры. Пісьмы ваенна-палонных дазваляць толькі аткрытые у расейскай, францускай, славянскай і нямецкай мовах. Пісьмы гэтые абавязкова прэдстаўляць для прачытаньня мейсцоваму ваеннаму цэнзару або ў ваенна-цэнзурную камісію пры штабе даверанаго мне вокругу”.

“Звязда”, 1964 год:

“Самалёт сельска-гаспадарчай авіяцыі вапнаваў у калгасе “ХХІІ партз’езд” глебу. Робячы чарговы рэйс, лётчыкі А.Шманай і Ю.Балотнікаў заўважылі, што над пякарняй гарпасёлка Астравец узняліся клубы дыму, неўзабаве вырвалася і полымя. Пажар! Не трацячы ніводнай хвіліны, лётчыкі накіравалі туды самалёт. У бушуючае полымя яны пачалі сыпаць даламітавую муку. Яшчэ адзін заход — і полымя збіта. Кемлівасць лётчыкаў, паведамляе ашмянская газета “Красное знамя”, дапамагла хутчэй справіцца з вогненнай стыхіяй”.

“Свабода”, 1994 год:

“Вакантную пасаду дзяржаўнага сакратара прэзыдэнцкае рады, некалі паабяцаную Дзьмітрыю Булахаву, хутчэй за ўсё, зойме іншы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі – дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька. Далейшая роля Дз.Булахава ў каманьдзе прэзыдэнта пасьля скандалу з 50 тысячамі тонаў калійных угнаеньняў пакуль застаецца няпэўнаю. Па зьвестках СІМ, Аляксандр Лукашэнка чакае, пакуль скандал з Булахавым трохі аціхне, каб прапанаваць яму новую пасаду. Няма сумневу, што гэта будзе даволі высокая пасада, бо на другарадныя ролі спадар Булахаў наўрад ці пагодзіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG