Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Выразаюць моцных кандыдатаў, якія зьяўляюцца вядомымі асобамі ў акругах, з добрымі камандамі й мелі добрыя шанцы на перамогу"


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Хадыка і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер. (эфір 16 верасьня)

(Валер Карбалевіч: ) “Акруговыя камісіі цягнулі працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты да апошняга дня. На гэты час поўнай інфармацыі па краіне яшчэ не існуе. Але агульны малюнак на цяперашні час больш-менш вызначаецца. Найперш трэба адзначыць, што прагнозы наконт татальнай нерэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў ня спраўдзіліся. Значная частка вядомых лідэраў апазыцыі рэгістрацыю прайшлі: Вячорка, Кароль, Лябедзька, Багданкевіч, Дабравольскі, Статкевіч.

Але многіх вядомых дэмакратычных асобаў не зарэгістравалі. Значныя страты панесла група “Рэспубліка”. Па папярэдніх зьвестках, не атрымалі пасьведчаньняў кандыдатаў цяперашнія дэпутаты Фралоў, Парфяновіч, Скрабец. Не зарэгістраваныя і мае сёньняшнія суразмоўцы. Прычыны нерэгістрацыі самыя розныя. Гэта, нібыта, недакладнасьці ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, памылкі ў падпісных лістах, адмова ў рэгістрацыі партыйнай арганізацыі ў акрузе і іншае. Які ваш асабісты досьвед рэгістрацыі? Якое ў вас уражаньне ад гэтай працэдуры?”

(Юрась Хадыка: ) “Мае ўражаньні, зразумела, даволі непрыемныя. Хаця да самаго факту нерэгістрацыі я быў псыхалягічна падрыхтаваны. Мне здаецца, нашыя сёньняшнія ўлады асабліва ня любяць некаторых кандыдатураў, якія маюць пэўныя шанцы на перамогу ў акрузе. Мне вельмі шмат дала праца збору подпісаў. Я сам абыходзіў кватэры. Па маіх назіраньнях, 25–30%, у самым горшым выпадку, 20% жыхароў кватэраў, да якіх удавалася дагрукацца, падтрымлівалі маё вылучэньне. Таму ўлада працуе "гнутка", яна выбівае найбольш вядомых людзей.

Калі казаць пра мяне, то прычыны нерэгістрацыі яны знайшлі дзьве. З сабраных подпісаў яны знайшлі 17,5% “няправільных”, сфальсыфікаваных. Гэта, канечне, відавочная хлусьня. Гэта такія прыдзіркі, недакладнасьці ў даце нараджэньня і іншае. 17,5% — гэта проста неверагодная лічба. Таму што, хоць у мяне каманда была невялікая, але людзі дасьведчаныя. Яны добра ведалі ўсе гэтыя засьцярогі.

А другая прычына ўвогуле фантастычная. Яны заявілі, што зьезд Партыі БНФ, які мяне вылучыў кандыдатам, сфальсыфікаваны. Разыходзяцца лічбы. Напрыклад, паводле зьвестак мандатнай камісіі, на зьезьдзе было 106 кандыдатаў, а падчас майго вылучэньня ў галасаваньні ўдзельнічала 102 кандыдаты. Дарэчы, гэта цалкам магчыма. Некаторыя дэлегаты маглі сысьці, калі дайшла чарга да майго вылучэньня. Ці маглі проста ўстрымацца пры галасаваньні”.

(Карбалевіч: ) “Дзіўна, але на падставе гэтых самых пратаколаў іншыя прадстаўнікі Партыі БНФ зарэгістраваныя”.

(Сяргей Альфер: ) “Маё ўражаньне ад гэтай рэгістрацыі даволі спакойнае. Справа ў тым, што я ведаю гэтую выбарчую камісію ўжо на працягу шмат гадоў. Апошнія пяць гадоў палову яе сябраў нязьменныя. Той жа старшыня, той жа сакратар. На мінулых мясцовых выбарах яна зьняла мяне за тры дні да выбараў. Напярэдадні гэтых выбараў мяне папярэдзілі людзі з адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску, што мяне ў любым выпадку не дапусьцяць да выбараў і будуць здымаць тым ці іншым чынам. Таму я чакаў, якую ж падставу яны знойдуць, каб зьняць мяне. Камісія палічыла, што я не ўказаў у якасьці маёмасьці мой непрыватызаваны гараж. Зразумела, я гэта буду абскарджваць. Але, калі б не знайшлі гэтага, то знайшлі бы што-небудзь іншае.

Вось, напрыклад, па 101-й выбарчай акрузе ідзе Яўген Лабановіч. У яго ўвогуле нічога не знайшлі, за што можна прычапіцца. Але загад аб нерэгістрацыі трэба выконваць. Таму ягоную рэгістрацыю адклалі на пяць дзён. Можа за гэты час што-небудзь знойдуць.

Калі паглядзець на сытуацыю з рэгістрацыяй кандыдатаў АГП, то на 17 гадзінаў 16 верасьня зарэгістравалі 16 чалавек, не зарэгістравалі 13. Выразаюць моцных кандыдатаў, якія зьяўляюцца вядомымі асобамі ў акругах, з добрымі камандамі й мелі добрыя шанцы на перамогу. Так, са знакавых асобаў у Менску не зарэгістравалі Казлоўскага. У Смаргоні не зарэгістравалі народную артыстку Беларусі цудоўную жанчыну Зінаіду Бандарэнку. Прычыны, на падставе якіх адмовілі ў рэгістрацыі — гэта ціхі жах. Яна карысталася там высокай папулярнасьцю і мела ўсе шанцы выйграць выбары. У Гомелі зьнялі былога народнага дэпутата Вярхоўнага Савету СССР Юрыя Варонежцава”.

(Карбалевіч: ) “Ці ёсьць нейкая агульная лёгіка, агульная тактыка ў дзеяньнях уладаў? Згодна зь якім прынцыпам тут адных рэгіструюць, а для іншых знаходзяць любыя штучныя падставы, каб не рэгістраваць?”

(Хадыка: ) “Падыходы сапраўды індывідуальныя. Сяргей ужо часткова сказаў, што галоўная прычына нерэгістрацыі — гэта вядомасьць кандыдата. Не рэгіструюць найбольш моцных кандыдатаў — як Варонежцаў, Бандарэнка альбо той жа Альфер. Зразумела, што ад апазыцыі разам зь вядомымі людзьмі вылучаецца і шмат моладзі. Маладыя, менш вядомыя людзі маюць меншыя шанцы, ім яшчэ трэба “раскруціць” сябе”.

(Альфер: ) “Пакуль мы ня маем поўнага малюнка, каб даць дакладны адказ, якая тут ёсьць лёгіка. Але вось якая заканамернасьць. Больш нерэгістрацыяў адбываецца ў рэгіёнах. Там шукаюць любую падставу, каб незарэгістраваць апазыцыйнага кандыдата. Бо калі не зарэгіструюць, то біць ня будуць. А калі зарэгіструюць, то невядома, чым можа закончыцца гэтая кампанія для раённага кіраўніцтва.

Што тычыцца Менску, на дадзены момант з 14 кандыдатаў ад АГП зарэгістравалі 5 чалавек, а не зарэгістралі 3. У розных раёнах улады паводзяць сябе па-рознаму. Ёсьць спэцыфічныя раёны, як, напрыклад, наш Маскоўскі раён, дзе апошнія гады дэмакратычных кандыдатаў імкнуліся “выразаць”, і ёсьць раёны, дзе да рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў ставяцца больш спакойна. Таму, напрыклад, ад нашай партыі на гэтым этапе прайшлі і Лябедзька, і Гразнова, і Дабравольскі. Праўда, як доўга яны будуць працаваць, ці змогуць дайсьці да дня выбараў, пакуль невядома”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі цэнтралізаваны працэс кантролю за ходам выбараў? Ці ёсьць нейкае кіраўніцтва з цэнтру, напрыклад, з адміністрацыі прэзыдэнта, адкуль даюцца загады, каго рэгістраваць, а каго не? Ці гэты працэс аддаецца на рашэньне мясцовай вэртыкалі, мясцовых акруговых камісіяў?”

(Хадыка: ) “Я думаю, што гэты працэс цэнтралізаваны. Нядаўна спадар Глод згадаў пра такі факт. Ён бачыў сьпіс на 130 асобаў, якія павінны быць правераныя ў кожнай выбарчай акрузе. То бок, ня ўсе 600 зь нечым кандыдатаў, якія балятуюцца, а толькі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў правяраюцца. Існуюць і іншыя факты. Усё гэта сьведчыць пра слабасьць сёньняшняй улады, гэтага рэжыму. Выбары чарговы раз становяцца камэдыяй. Вынікі выбараў будуць выкарыстаныя ўладамі для далейшых сьцьверджаньняў пра малую папулярнасьць апазыцыйных партыяў, іх неканструктыўнасьць і іншае.

Мушу прызнацца, што аналізучы апошнім часам выступы Лукашэнкі, у мяне склалася ўражаньне пра зьяўленьне слабой надзеі на стварэньне канструктыўнай апазыцыі ў Палаце прадстаўнікоў. Пэўнай інфармацыі па Партыі БНФ у мяне няма, але з той інфармацыі, якая існуе, выцякае, што ўлада не зьбіраецца ствараць гэтай канструктыўнай апазыцыі. Вельмі шкада, але факт застаецца фактам”.

(Альфер: ) “Я думаю, працэс кантролю за выбарамі й цэнтралізаваны, і дэцэнтралізаваны. Цэнтралізаваны ў тым пляне, што зьверху дадзеная ўстаноўка па максымуму не дапускаць апазыцыйных прадстаўнікоў у кандыдаты. Але існуюць і мясцовыя асаблівасьці. Скажам, у маёй акрузе я зьяўляўся асноўным канкурэнтам для прадстаўніка ўлады, дзейнага кандыдата Івана Мычка, які да 2000 году быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну. Таму ў яго існуюць агульныя інтарэсы зь мясцовай адміністрацыяй. І патрэбна было зьняць усіх моцных кандыдатаў, каб не было канкурэнтаў у Мычка.

Акрамя таго, падчас выбараў, хутчэй за ўсё, будуць фальсыфікацыі. Таму зьверху дадзеная каманда: не пускаць. А мясцовыя ўлады глядзяць, як працуе каманда апазыцыйнага кандыдата. І калі бачаць пагрозу прадстаўніку ўлады, то імкнуцца па максымуму не рэгістраваць апазыцыйных кандыдатаў”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што перад мясцовай вэртыкальлю і акруговымі камісіямі пастаўленая агульная мэта: правесьці патрэбных уладзе кандыдатаў. А як яны буць гэта рабіць, гэта іхная справа. Таму ў розных рэгіёнах, акругах розная тактыка. І другі момант. Каб працэс выцісканьня апазыцыйных кандыдатаў не рабіць відавочным і брутальным, яго расьцягваюць на ўсю выбарчую кампанію. Адных зьнялі падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, другіх — падчас рэгістрацыі кандыдатаў, трэціх падчас агітацыйнай кампаніі. І фінальны акорд будзе, мусіць, падчас саміх выбараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG