Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі ўнівэрсытэт: выкладчыкі й выпускнікі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 9 верасьня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Створаны ў сярэдзіне 16 стагодзьдзя Віленскі ўнівэрсытэт быў першай вышэйшай навучальнаў установай беларусаў. Ягоная гісторыя і ўзровень адукацыі адпавядалі тагачасным эўрапейскім унівэрсытэцкім традыцыям. Адначасна ён зьяўляўся ня толькі адукацыйным і навуковым цэнтрам Вільні, але і фармаваў духоўны воблік гораду і краю. У гэтым заслуга прафэсуры, выкладчыкаў і студэнтаў унівэрсытэту. Адкуль паходзілі гэтыя асобы, што зрабілі яны дзеля разьвіцьця навукі й культуры Беларусі?”

(Алег Трусаў: ) “Гэтыя асобы пераважна паходзілі з этнаграфічна беларускіх земляў. Асабліва шмат іх было зь Віленшчыны і Гарадзеншчыны. І менавіта гэтыя людзі, выкладчыкі й выпускнікі Віленскага ўнівэрсытэту, стварылі новую беларускую навуку вышэйшага кшталту часоў Асьветніцтва і менавіта на грунце гэтай навукі ў другой палове 19-га — пачатку 20 стагодзьдзя ўтварылася сучасная беларуская нацыя”.

(Ракіцкі: ) “Натуральна, узровень установы вызначаюць яе кіраўнікі. Яны ж фармуюць і калектыў аднадумцаў. Дык пачнем з рэктараў унівэрсытэту. Імя першага зь іх нарэшце стала вядомае ў Беларусі — Пётар Скарга. Што прынцыповае ў зьвязку зь ягоным рэктарствам вы маглі б адзначыць?”

(Трусаў: ) “Першы рэктар Пётар Скарга (Павенскі) паходзіць з Мазовіі. Ён скончыў Кракаўскую акадэмію, вучыўся ў Рыме. У 1569 годзе стаў езуітам. Менавіта ён заснаваў Полацкі езуіцкі калегіюм, быў выключным аратарам. Пётар Скарга быў адным з ініцыятараў стварэньня Берасьцейскай уніі. Ён таксама здолеў угаварыць Радзівіла Сіротку пакінуць пратэстантаў і вярнуцца ў каталіцкае веравызнаньне. Дарэчы, тады Радзівіл Сіротка падарыў унівэрсытэту друкарню і шмат грошай”.

(Ракіцкі: ) “Ці ня Пётар Скарга заклаў характэрную асаблівасьць Віленскага ўнівэрсытэту: яго выкладчыкі былі ня толькі пэдагогамі, навукоўцамі, а яшчэ ўдзельнічалі ў грамадзкім і палітычным жыцьці краіны? Яны фармавалі грамадзкую думку. І з гэтага гледзішча, што можна сказаць пра рэктараў Віленскага унівэрсытэту ў такі цікавы пэрыяд беларускай гісторыі, як 17 і 18 стагодзьдзі?”

(Трусаў: ) “З рэктараў 17 стагодзьдзя я вызначыў бы Каяловіча, які вызначыўся сваёй унікальнай працай па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай працы, напісанай на лацінскай мове, прасочваліся мясцовыя “краёвыя” настроі й мясцовы патрыятызм. У 18 стагодзьдзі колькасьць мясцовых прафэсараў і студэнтаў значна павялічылася. І я вылучыў бы зь іх выдатнага навукоўца Марціна Пачобута-Адляніцкага”.

(Ракіцкі: ) “Але пакуль мы пяройдзем да гэтай асобы, я хацеў бы ў вас запытацца, чаму колькасьць мясцовых прафэсараў і студэнтаў расьце ў 18 стагодзьдзі?”

(Трусаў: ) “Рэч у тым, што мясцовая шляхта была зацікаўленая, каб іхныя дзеці пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту маглі застацца ў ім працаваць у якасьці выкладчыкаў. Гэтаму спрыяла і тое, што ў другой палове 18 стагодзьдзя радыкальна зьмяніліся вучэбныя праграмы й пашыраліся курсы дакладных навук. Зьявіліся такія навуковыя ўстановы як абсэрваторыя, мэтэаралягічная станцыя, а пазьней і батанічны сад. І ўсюды былі патрэбныя спэцыялісты”.

(Ракіцкі: ) “І, наколькі я разумею, менавіта з асобаю Марціна Пачобута-Адляніцкага зьвязанае пашырэньне прыродазнаўчай адукацыі?”

(Трусаў: ) “Так, выдатны беларускі навуковец, Марцін Пачобут-Адляніцкі, паводле паходжаньня шляхціч, нарадзіўся ў 1728годзе ў вёсцы Саломенка, сёньняшні Гарадзенскі раён. Ад 1745 году ён езуіт, а ад 1764 году — прафэсар Віленскай акадэміі. Пачобут быў навукоўцам эўрапейскага ўзроўню, уваходзіў у склад Каралеўскай Акадэміі навук у Лёндане (ад 1769году) і францускай Каралеўскай акадэміі (ад 1778 году).

Цікава, што першую пачатковую адукацыю Пачобут атрымаў на радзіме, дзе скончыў Гарадзенскі езуіцкі калегіюм. Кіраваў унівэрсытэтам ён доўга, амаль 20 гадоў — ад 1780 да 1799 году. Адначасна Пачобут кіруе і віленскай абсэрваторыяй. Разам з Шаброўскім у 1752 годзе ён увёў самастойны курс матэматыкі. У 1773 годзе Пачобут прапануе каралю Рэчы Паспалітай стварыць у Вільні Акадэмію навук, аднак гэтая ідэя не знайшла падтрымкі. Ад 1774 да 1790 году ён — рэдактар мясцовай “Віленскай газеты”. Меў Пачобут і выразную грамадзянскую пазыцыю, быў удзельнікам паўстаньня 1794 году.

(Ракіцкі: ) “Гэтакім чынам, мы можам сказаць, што кіраўнікі й выкладчыкі ўнівэрсытэту не былі шараговымі асобамі, а былі асобамі, якіх добра ведалі ў Вільні. Яны былі інтэлектуальнай элітай. Нарэшце надыходзіць 19 стагодзьдзе — час вельмі складаны, драматычны для беларускай нацыі. Якую ролю адыгрывалі кіраўнікі ўнівэрсытэту ў гэты час?”

(Трусаў: ) “Вельмі станоўчую. Напрыклад, Ян Сьнядэцкі, які быў рэктарам з 1806 па 1815 год і адначасова дырэктарам Віленскай абсэрваторыі (да 1825 году). Нягледзячы на тое, што Сьнядэцкі паходзіў з Польшчы, ён спрыяў мясцоваму патрыятызму. Гэта быў выдатны матэматык, астраном, філёзаф і асьветнік. Пры ім у Вільні быў створаны батанічны сад — адзін зь лепшых у Эўропе, у якім у 1824 годзе расло каля 7 тысяч расьлінаў. Побач зь ім актыўна працаваў прафэсарам хіміі і мэдыцыны яго малодшы брат Андрэй Сьнядэцкі”.

(Ракіцкі: ) “Заўсёды вызначальнай рысаю ўнівэрсытэтаў было паглыбленае вывучэньне грамадазнаўчых дысцыплін, уключна з мастацтвазнаўствам, гісторыяй культуры. У якой ступені гэта было ўласьціва Віленскаму ўнівэрсытэту ў 17–19 стагодзьдзях?”

(Трусаў: ) “У вельмі значнай. Менавіта Віленскі ўнівэрсытэт заклаў падмуркі сучаснай мастацтвазнаўчай і архітэктурнай навукі Беларусі. У 1798 годзе адкрываецца катэдра жывапісу на чале з прафэсарам Францішкам Смуглевічам, яскравым прадстаўніком клясыцызму на Беларусі, выпускніком Рымскай акадэміі мастацтваў. У Віленскім унівэрсытэце ён працуе ад 1797 да 1807 году. Менавіта ён аформіў залю ў бібліятэцы вучэльні, якую цяпер называюць заляй Смуглевіча. Францішак Смуглевіч шмат езьдзіў па Беларусі. Ён расьпісваў храмы Менску, Горадні, Полацку і Рэчыцы. Гэта выдатны мастак-баталіст. Шырокую вядомасьць набылі ягоныя палотны “Бітва каля Берастэчка” (1651 году) і “Бітва пры Хаціне” (1673). У канцы 18 стагодзьдзя ствараецца і актыўна дзейнічае катэдра архітэктуры на чале з выдатным літоўскім і беларускім архітэктарам Лаўрэнам Гуцэвічам, таксама прадстаўніком школы клясыцызму”.

(Ракіцкі: ) “Якую ролю адыгралі выкладчыкі Віленскага ўнівэрсытэту ў напісаньні айчыннай гісторыі і ў фармаваньні айчыннай філязофскай думкі?”

(Трусаў: ) “Унікальную. Перш-наперш скажу пра гісторыкаў — Ігната Даніловіча і Міхаіла Баброўскага. Даніловіч нарадзіўся ў 1787 годзе на Беласточчыне (Бельскі павет) у сям’і ўніяцкага сьвятара і скончыў Віленскі ўнівэрсытэт у 1812 годзе. Ад 1814 да 1824 году выкладаў права, у 1822 годзе стаў прафэсарам. Ён першы навукова апісаў усе Статуты ВКЛ і марыў пра адраджэньне гэтай дзяржавы. Асаблівую ўвагу зьвярнуў на старабеларускую мову, на якой былі напісаныя статуты Княства.

Баброўскі таксама родам зь Бельскага паветау, ягоны бацька таксама быў уніяцкім сьвятаром. Гэта — выдатны беларускі славіст і арыенталіст, сябра Археалягічнай акадэміі ў Рыме. У 1823 годзе атрымаў навуковую ступень доктара тэалёгіі. Прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту працаваў двойчы (1822–1824 і 1826–1833). Гэта адзін зь першых дасьледчыкаў беларускага кнігадрукаваньня. У 1822 годзе Баброўскі адкрыў для навукі славуты Супрасьльскі летапіс”.

(Ракіцкі:) “Тут я хацеў бы паведаміць тым нашым слухачам. Хто пра гэты факт нічога раней ня чуў, што знакаміты дэвіз “За нашу і вашу Свабоду” нарадзіўся менавіта ў сьценах Віленскага ўнівэрсытэту. Ягоным аўтарам быў Яхім Лялевель…”

(Трусаў: ) “Гэта ўнікальная асоба. Ён паходзіць з польска-беларускай сям’і. Ягоная маці — народжаная беларуская шляхцянка. Яхім Лялeвель нарадзіўся ў 1786 годзе ў Варшаве. Ён скончыў Віленскі ўнівэрсытэт у 1808 годзе і працаваў там двойчы (1815–1818 і 1821–1824) выкладчыкам, кіраваў катэдрай усеагульнай гісторыі. Лялевель актыўна ўдзельнічаў у паўстаньні 1830–1831 гадоў. Пасьля падаўленьня паўстаньня жыве і працуе ў Парыжы. Ён адным зь першых зьвярнуў увагу эўрапейскіх гісторыкаў на існаваньне і дзейнасьць Полацкай дзяржавы, якую называў Полацкай рэспублікай і параўноўваў з Ноўгарадам. Ягоныя заслугі яшчэ мала асэнсаваныя беларускай навукай”.

(Ракіцкі: ) “Мы сёньня, на пачатку 21 стагодзьдзя, маем усе падставы асэнсаваць гэтыя заслугі — і Лялевеля, і іншых выкладчыкаў унівэрсытэту, пра якіх мы тут, у студыі, гаварылі. І першая выснова, якая сама па сабе просіцца: такія выбітныя асобы не маглі не падрыхтаваць новай беларускай эліты. Той эліты, якая фармавала беларускую нацыю, якая і выклікала тую хвалю беларускага адраджэньня, зь якой у 20 стагодзьдзі ўсё распачалося, у тым ліку і сучасная незалежнасьць краіны”.

(Трусаў: ) “У сьценах Віленскага ўнівэрсытэту пачала фармавацца новая беларуская інтэлігенцыя, якая яшчэ гаварыла па-польску, але лічыла сябе нашчадкамі старажытных ліцьвінаў, шанавала і ведала беларускую мову. Сярод выпускнікоў і студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту варта прыгадаць Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку, Юліяна Славацкага, Яна Чачота, Тамаша Зана. Напрыклад, у ганаровым дыплёме, які Дамейка ў другой палове 19 стагодзьдзя атрымаў у Кракаве, напісана, што ён не паляк, а ліцьвін. Дух адраджэньня былой велічы Вялікага Княства Літоўскага лунаў у старых унівэрсытэцкіх мурах.

Колькасьць студэнтаў ад 1803 да 1830 году павялічылася ад 314 да 1321 чалавек. Прычым, 40% іх былі родам зь Літоўска-Віленскай губэрні. Унівэрсытэт разграмілі пасьля паўстаньня 1830–1831 гадоў, у якім чынны ўдзел у ім бралі бальшыня студэнтаў і выкладчыкаў. І гэта невыпадкова, бо ў апошнія гады існаваньня ўнівэрсытэту з 47 яго прафэсароў 36 былі родам зь Літвы і Беларусі. І гэта сьведчыць пра тое, што Віленскі ўнівэрсытэт на той час быў сапраўдным асяродкам нацыянальнай беларускай адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG