Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябрам ЦВК з дарадчым голасам хочуць абмежаваць тэмы для выступаў


Валер Каліноўскі, Менск Прайшло першае паседжаньне Цэнтрвыбаркама з удзелам ягоных сябраў з дарадчым голасам – прадстаўнікоў партыяў, якія бяруць удзел у парлямэнцкіх выбарах. Прапанаваныя апазыцыяй сябры ЦВК вымушаныя адстойваць сваё права на выступ падчас паседжаньняў.

Пакуль не прыступілі да працы сябры ЦВК з дарадчым голасам Алесь Бяляцкі ад БНФ і Алена Скрыган ад ПКБ, якія знаходзяцца ў камандзіроўцы. Астатнія атрымалі свае пасьведчаньні й першы досьвед працы ў ЦВК, што называецца, на прыстаўных крэслах. На самой справе, прадстаўнікоў партыяў не пасадзілі за агульны стол у зале пасяджэньняў ЦВК. Але гэта – не адзінае абмежаваньне ў іх працы. Першымі ўражаньнямі дзеліцца сябра ЦВК з дарадчым голасам Міхаіл Пліска з АГП:

(Пліска: ) “Уражаньне ня вельмі такое, можа, задавальняючае, але ўсё-ткі наш удзел перадусім, можа, хоць крыху зробіць працу Цэнтральнай камісіі больш адкрытай і празрыстай. А спадзявацца на тое, што мы можам паўплываць на прыняцьце нейкіх рашэньняў – цалкам немагчыма”.

Міхаіла Пліску на першым паседжаньні некалькі разоў спрабавалі пазбавіць слова. І Лідзія Ярмошына, і іншыя сябры камісіі казалі, што іх выступы трэба абмежаваць толькі праблемамі партыяў, якія іх накіравалі, каб, маўляў, не ператвараць ЦВК ў дыскусійны клюб. Але ўрэшце агучаныя цытаты з дэкрэта А. Лукашэнкі наконт правоў сябраў за дарадчым голасам зрабілі належны ўплыў. Гаварыць сябрам з дарадчым голасам дазволілі.

Тым ня менш першую ж прапанову спадара Пліскі наконт парадку дня ЦВК сябры камісіі з правам голаса адзінагалосна адхілілі. Прапанова датычылася парушэньняў закону пры фармаваньні ўчастковых камісіяў у Менску, дзе былі праігнараваныя ўсе вылучэнцы АГП.

Пазьней спадарыня Ярмошына публічна абвясьціла, што сябры камісіі ад партыяў ня маюць права браць удзел у дыскусіі па пытаньнях правядзеньня рэфэрэндуму: маўляў, яны ўключаныя ў ЦВК толькі ў сувязі з выбарамі. Міхаіл Пліска з гэтым не пагаджаецца:

(Пліска: ) “У нас, прабачце, камісія не падзеленая на дзьве часткі, у нас камісія па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў. Яна адна”.

Акрамя таго, кажа Міхаіл Пліска, тэмы выбараў і рэфэрэндуму пераплятаюцца, на іх арганізацыю працуюць адны і тыя ўчастковыя камісіі, дый пытаньне рэфэрэндуму, напэўна, будзе ў праграмах кандыдатаў. Аднак ужо на першым паседжаньні ЦВК спадару Пліску нагадалі, што калі ён і ягоныя калегі будуць зашмат турбаваць асноўны склад камісіі, то ад гэтага будзе залежаць лёс самога інстытута сябраў ЦВК з дарадчым голасам у далейшым.

Настойлівасьць Міхаіла Пліскі ў адстойваньні закону знайшла нечаканую падтрымку. Былы міністар абароны Беларусі Аляксандр Чумакоў падаў скаргу на 109 акруговую камісію, якая скасавала рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы.

Спадар Чумакоў паведаміў, што трох афіцэраў, сябраў ягонай ініцыятыўнай групы, выклікалі ў Генштаб і запатрабавалі пад пагрозай звальненьня напісаць заявы, што іх нібыта гвалтам уключылі ў склад камісіі. Яны й напісалі, з-за чаго ініцыятыўную групу спадара Чумакова ліквідавалі. Аднак высьветлілася, што адзін з афіцэраў цалкам добраахвотна сабраў-такі 90 подпісаў за Чумакова. Патлумачыць гэтую дзіўную калізію прадстаўнік 109-й выбарчай камісіі ня змог. ЦВК аднавіў рэгістрацыю групы Чумакова. Цяпер ён далучыўся да прыблізна 700 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Цікава, што падчас выбараў 2000 года такіх было амаль на сто болей, нягледзячы на байкот выбараў большасьцю апазыцыйных партыяў. Цяпер у сярэднім на акругу вылучана прыблізна па 6 кандыдатаў, пасьля рэгістрацыі будзе меней. У сувязі зь ніжэйшай, чым чакалася, актыўнасьцю прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат уладам удалося зэканоміць грошы на рэфэрэндум – паведамілі ў ЦВК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG