Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына: “У мяне, на жаль, няма Выбарчага кодэксу, даслоўна я, ведаеце, не цытую, гэта ўсё ж такі ня вершы”


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі кампаніі незалежнага назіраньня за правядзеньнем выбараў заявілі пра незаконнасьць вынесенага Аляксандрам Лукашэнкам на ўсенародны рэфэрэндум пытаньня. Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ня бачыць тут парушэньня.

Арганізацыя “Партнэрства”, якая каардынуе агульнанацыянальную кампанію незалежнага назіраньня, выступіла з заявай, у якой зазначаецца, што прызначэньне А.Лукашэнкам рэфэрэндуму з прапанаваным ім пытаньнем ёсьць грубым парушэньнем беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных выбарчых стандартаў. Кіраўнік арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка спасылаецца на атыркул 112 Выбарчага кодэксу, у якім пазначана, што “на рэспубліканскі рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Прапанаванае Аляксандрам Лукашэнкам пытаньне патрапляе пад гэтую забарону, кажа спадар Астрэйка.

(Астрэйка: ) “Здаецца, тут напісана ўсё дастаткова зразумела для таго, каб прэзыдэнту зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі было ясна, што гэтага пытаньня ён ня можа вынесьці на рэфэрэндум”.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына на гэтыя прэтэнзіі зазначыла, што Выбарчы кодэкс упаўнаважаны трактаваць толькі яе камісія, таму няма ніякай патрэбы зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд.

(Ярмошына: ) “У мяне, на жаль няма Выбарчага кодэксу, даслоўна я, ведаеце, не цытую, гэта ўсё ж такі ня вершы. Адзінае, што я магу сказаць, што забароны на гэта няма”.

Спадарыня Ярмошына лічыць, што на рэфэрэндум забараняецца выносіць толькі пытаньне аб непасрэдным працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта без працэдуры выбараў.

Кіраўнік незалежнага назіраньня Мікола Астрэйка заявіў пра неспрыяльную атмасфэру для правядзеньня сумленнага рэфэрэндуму, паколькі ў краіне ўсталявалася атмасфэра ціску на апазыцыйных актывістаў выбарчай кампаніі. Спадар Астрэйка таксама заклікаў далучыцца да незалежнага назіраньня выбараў і рэфэрэндуму з тым, каб ахапіць усе участкі.

Тым часам улады пачалі агітацыю за рэфэрэндум. На наступны дзень пасьля абвяшчэньня А.Лукашэнкам указу наконт рэфэрэндуму аб магчымасьці працягу сваіх паўнамоцтваў уладныя структуры і дзяржаўныя СМІ пачалі агітацыйную кампанію. Ужо раніцай у сераду на дзяржаўных тэлеканалах можна было ўбачыць выступы рабочых, якія казалі, што Аляксандру Лукашэнку няма альтэрнатывы, таму, маўляў, ягоную ініцыятыву наконт рэфэрэндуму трэба падтрымаць. З агітацыяй за рэфэрэндум выступілі таксама многія прадстаўнікі мясцовых уладаў, дэпутаты парлямэнту.

Раніцай адбылося і паседжаньне Цэнтарвыбаркаму, на якім быў зацьверджаны каляндарны плян правядзеньня рэфэрэндуму, каштарыс, бюлетэнь для галасаваньня, узоры пратаколаў. Вырашана, што рэфэрэндум будуць праводзіць участковыя камісіі, ужо сфармаваныя для правядзеньня парлямэнцкіх выбараў, доля прадстаўнікоў апазыцыі ў якіх меней за 1%, а таксама тэрытарыяльныя камісіі, якія былі ўтвораныя да мінулых мясцовых выбараў. Дадаткова ў буйных гарадах павінны быць створаныя 24 раённыя камісіі. Кандыдаты ў іх могуць быць вылучаныя да 13 верасьня.

Акрамя таго, Лідзія Ярмошына заявіла, што сябры ЦВК ад палітычных партыяў з дарадчым голасам ня могуць удзельнічаць у абмеркаваньні пытаньняў рэфэрэндуму. Лідзія Ярмошына зазначыла, што апанэнты рэфэрэндуму маюць права агітаваць супраць, у тым ліку на вуліцы, аднак у межах заканадаўства аб масавых акцыях. Сёньня зьявіліся заявы аб незаконнасьці вынесенага на разгляд выбаршчыкаў пытаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG