Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася працэдура вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – лідэры апазыцыйных партыяў сабралі па некалькі тысяч подпісаў


Валер Каліноўскі, Менск 6 верасьня, у апошні дзень вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, у акруговых выбарчых камісіях стаялі чэргі. Многія патэнцыйныя кандыдаты адклалі здачу подпісаў і іншых дакумэнтаў на апошні дзень. Ад заўтра да 16 верасьня прадоўжыцца працэс праверкі дакумэнтаў і рэгістрацыі.

Большасьць лідэраў апазыцыйных партыяў сабрала тры-чатыры тысячы подпісаў кожная, але здаюць мінімальную колькасьць — крыху больш як тысячу. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін, ініцыятыўная група якога сабрала некалькі тысяч подпісаў у Гомелі, вырашыў іх не здаваць, а балятавацца ў Менску, вылучыўшыся ад партыі ў акрузе, у якой ён калісьці быў абраны ў Вярхоўны Савет. Гэта палітычнае рашэньне, — зазначыў спадар Калякін. А адзін зь лідэраў АГП Яраслаў Раманчук падаў дакумэнты на рэгістрацыю і ў Горадні і Менску, канчаткова ён зьбіраецца вырашыць пазьней, пасьля заканчэньня рэгістрацыі. Старшыня ж АГП А.Лябедзька падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у менскім мікрараёне Сухарава. У Менску падаў дакумэнты на рэгістрацыю і старшыня “Народнай грамады” Мікола Статкевіч.

А лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч подпісаў за сябе не зьбіраў наагул, ён абмежаваўся партыйным вылучэньнем у адной зь менскіх акругаў.

Кампаніяй збору подпісаў большасьць апазыцыйных лідэраў задаволеная, яны выкарысталі яе як магчымасьць дадатковага кантакту з выбаршчыкамі, у часе якіх было зафіксавана больш пазытыву, чым нэгатыву. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка, які падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у Менску.

(Вячорка: ) “Натуральным чынам пацьвердзілася яшчэ раз, што людзі маладзейшага ўзросту, больш адукаваныя, больш эканамічна незалежныя падтрымліваюць дэмакратычныя сілы, падтрымліваюць тых, хто стаіць на плятформе “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” і Партыю БНФ”.

Ад Партыі БНФ абодвума магчымымі спосабамі (партыйным зьездам і зборам подпісаў) вылучаныя 52 актывісты, ад БСДГ — 16 чалавек, ад АГП — 62, ад ПКБ — 38, ад “Народнай грамады” — 56 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Падалі дакумэнты на рэгістрацыю сем актывістаў закрытай уладамі Беларускай партыі працы, уключна з Аляксандрам Бухвоставым, які балятуецца ў Менску. Ён кажа, што рашэньне Вярхоўнага суду не паўплывала на згуртаванасьць ягоных аднадумцаў, і не выключае, што пасьля выбараў яны правядуць зьезд, ня якім створаць новую партыю.

Як паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, райвыканкамы адмовілі практычна ўсім сябрам партыі, вылучаным у склад участковых выбарчых камісіяў. Толькі ў Менску ад АГП ў гэтыя камісіі было прапанавана 473 асобы. Аднак усе яны былі праігнараваныя, прычым, на думку кіраўніцтва АГП, з парушэньнем Выбарчага кодэксу. У сувязі з гэтым АГП рыхтуе звароты ва ўсе раённыя суды Менску са скаргамі на рашэньні райвыканкамаў.

(Лябедзька: ) “Такога ня можа быць, каб з такога масіва на паўтысячы чалавек не маглі бы адабраць хаця бы для выгляду некалькі дзясяткаў. Гэта азначае, што загадзя зьверху спушчаная “ўказіўка”, ня ведаю, як пра астатніх, а што датычыць сябраў АГП, — іх не дапускаць у выбарчыя камісіі. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады рыхтуюцца да масавых фальсыфікацыяў”.

Анатоль Лябедзька кажа, што ва ўчастковыя камісіі Менска ўвайшло па 13 сябраў, хаця закон дазваляе ўключаць у іх склад да 19 сябраў.

Апазыцыйныя партыі тым часам пагадзіліся вылучыць сябраў з дарадчым голасам у Цэнтарвыбаркам. Ад БНФ, напрыклад, вылучаны Алесь Бяляцкі, ад АГП — Міхаіл Пліска, ад ПКБ Алена Скрыган, ад БСНДП “Народная грамада” — Уладзімер Нісьцюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG