Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 58 ініцыятыўных групаў


Валер Каліноўскі, Менск У выбарчых штабах апазыцыйных партыяў падаюць скаргі на адмову ў рэгістрацыі шэрагу ініцыятыўных групаў сваіх актывістаў. На разгляд скаргаў у ЦВК і судзе адводзіцца тры дні пасьля даты заканчэньня рэгістрацыі 17 жніўня. Акрамя таго апазыцыянэры кажуць пра ціск на сяброў ініцыятыўных групаў з боку мясцовых уладаў.

Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму Беларусі, на сёньня было разгледжана 508 з 635 заяваў на стварэньне ініцыятыўных групаў. Зь іх было адмоўлена 58 групам. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што галоўныя прычыны гэтых адмоваў — парушэньне прынцыпу добраахвотнасьці пры фармаваньні групаў, уключэньне ў іх склад непаўнагадовых і асобаў небеларускага грамадзянства.

Заўтра Цэнтарвыбаркам будзе разглядаць скаргі на гэтыя рашэньні акруговых камісіяў. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўжо падрыхтавалі свае скаргі ў ЦВК і не выключаюць звароту ў суд. На гэты момант адмоўлена сямі ініцыятыўным групам сябраў АГП. Як паведаміла Людміла Гразнова, гэта рабілася ў тым ліку з прымяненьнем ціску на актывістаў.

Прадстаўнік АГП Міхаіл Пліска кажа, што будуць абскарджаныя ўсе выпадкі, калі сябраў групаў прымушалі напісаць заявы аб выхадзе з кампаніі, і дзе колькасьць сябраў засталася болей за дзесяць.

(Пліска: ) “Але ёсьць і выпадак, калі ў адной акрузе ў нашага кандыдата націснулі так, што ўсе сябры ініцыятыўнай групы адмовіліся ад удзелу. Гэта беспрэцэдэнтны ў Беларусі выпадак. Але паколькі кандыдат не хацеў бы гэтага разгалошваць, то мы вымушаныя не даваць поўнай інфармацыі”.

Міхаіл Пліска змог паведаміць толькі тое, што гэты выпадак адбыўся ў сельскім раёне і кандыдат папрасіў не паведамляць ягонага празьвішча, каб ён і людзі, якія хацелі яго падтрымаць, ня мелі новых праблемаў ад уладаў.

БНФ будзе заўтра адстойваць у Цэнтарвыбаркаме рэгістрацыю 2 ініцыятыўных групаў сваіх сябраў. Усяго выбарчымі камісіямі было адмоўлена чатыром групам ад БНФ.

БСДГ на гэты час страціла дзьве ініцыятыўныя групы, — паведаміў кіраўнік яе перадвыбарчага штабу Мечыслаў Грыб. Відаць, найбольш страцілі на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у БСДП “Народная грамада”, паводле пардстаўніка партыі Віталя Малашкі, незарэгістраваныя каля 20% пададзеных заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў актывістаў “Народнай грамады”, у тым ліку кіраўнікоў віцебскай і магілёўскай арганізацыяў.

Зусім без стратаў пераадолелі першы бар’ер выбарчай кампаніі ў ПКБ. Усе 24 ініцыятыўныя групы датэрмінова зарэгістраваныя, пра новыя выпадкі ціску на сябраў групаў ПКБ інфармацыі няма, — паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу партыі Валеры Ўхналёў.

У цэлым у апазыцыйных партыях лічаць дрэнным знакам, што ўжо на гэтым этапе пачаліся падобныя цяжкасьці для кандыдатаў. Гаворыць прадстаўнік БНФ Уладзімір Лабковіч:

(Лабковіч: ) “У цэлым гэта ўпершыню так адбываецца. Раней ніколі так не было. Гэта проста вельмі засмучае, бо гэта ўжо ня выбары, скажам так. Ніколі не было ўвогуле зьняцьця ініцыятыўных групаў. Ініцыятыўная група — гэта самы элемэнтарны, падставовы этап кампаніі. І такія нахабныя ўчынкі пры зьняцьці ініцыятыўных групаў паказваюць, што ўлада абсалютна не зьбіраецца праводзіць нават нечага падобнага да выбараў”.

Людміла Гразнова з АГП кажа, што адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў сьведчаць, што ўлады хочуць абмежаваць кампанію пакватэрнага абходу выбарцаў прадстаўнікамі апазыцыі.

У палітычных партыяў застаецца яшчэ адзін спосаб вылучэньня сваіх кандыдатаў, у тым ліку тых, чыім групам было адмоўлена, — на партыйных зьездах. Папярэдне плянавалася, што першы такі зьезд пройдзе ў БСДГ 15 жніўня. Аднак цэнтральная рада партыі вырашыла адкласьці зьезд на 29 жніўня, каб лепей падрыхтавацца і ня даць падставаў для прыдзірак, — паведаміў лідэр партыі Станіслаў Шушкевіч.

Тым часам усе шэсьць дэпутатаў з групы “Рэспубліка” пераадолелі першы бар’ер выбарчай кампаніі й пачынаюць збор подпісаў. Ігар Баслык, які зьбіраецца зноў балятавацца ў Вялейскім раёне, кажа, што супрацоўнікі выканкаму спрабуюць пераканаць некоторых сяброў ягонай ініцыятыўнай групы, каб тыя адмовіліся ад удзелу ў кампаніі.

***

Да матэрыялу Валера Каліноўскага варта дадаць, што не былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы 4-х актывістаў АГП : Веранікі Буйкевіч у Баранавічах, Генадзя Воранава ў Полацку, Зінаіды Бандарэнкі ў Смаргоні і Сьвятланы Каралёвай у Менску.

Найбольш адмоваў у рэгістрацыі групаў адбылося ў Магілёўскай вобласьці – 16-ці групам было адмоўлена ў рэгістрацыі. Далей ідзе Віцебшчына – 11 адмоваў, Гарадзеншчына – 9 адмоваў, у Менску – 8-мі групам было адмоўлена ў рэгістрацыі, у Менскай вобласьці – 6 адмоваў, у Берасьцейскай вобласьці – 5, і менш за ўсё адмоваў у рэгістрацыі – на Гомельшчыне – там адмовілі ў рэгістрацыі тром групам.

З матэрыялу Валера Каліноўскага вынікае, што партыі маюць намер абскарджваць шматлікія адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў сваіх актывістаў. Але паводле сакратара Цэнтарвыбаркама Мікаля Лазавіка пакуль паступіла толькі 5 скаргаў. Нагадаем, што пасьлязаўтра – апошні дзень разгляду падобных скаргаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG