Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная праблема “Гомсельмаша” – затрымка фінансаваньня


Казімір Яноўскі, Гомель На ўчорашняй сэлектарнай нарадзе ў пытаньнях жніва Аляксандр Лукашэнка рэзка скрытыкаваў рэгіянальных кіраўнікоў, якія куплялі ці меліся купляць камбайны замежнай вытворчасьці. Аб’яднаньню “Гомсельмаш” і лідзкаму заводу “Аграмаш” пастаўлена задача выпускаць на год 1200-1500 збожжаўборачных камбайнаў і абнаўляць імі машынны парк калгасаў і саўгасаў. Ці рэальнай выглядае задача вырабу на год 1200 збожжавых камбайнаў?

Гэтае пытаньне я задаваў учора некаторым кіраўнікам “Гомсельмашу”. Першы намесьнік генэральнага дырэктара Іван Пратура заявіў, што ўсё рэальна.

У сваю чаргу, дырэктар вытворчасьці Мікалай Тамчук удакладніў, што ад аб’яднаньня патрабуецца сёлета вырабіць 1000 камбайнаў. Гэта амаль удвая болей, чым летась. Паводле інфармацыі “Гомсельмаша”, на пачатак жніўня выраблена 611 збожжавых камбайнаў.

Дарэчы, на сэлектарнай нарадзе генэральны дырэктар аб’яднаньня заявіў, што калі б заяўленыя на імпартныя машыны 18 з лішкам мільёнаў даляраў пералічылі “Гомсельмашу”, то 200 камбайнаў гамельчукі выпусьцілі б дадаткова, і ня трэба было б наогул нічога купляць за мяжою.

У мінулыя гады “Гомсельмаш” забавязвалі выпускаць камбайны, але разьлікі ішлі зь вялікім спазьненьнем. Паводле распараджэньня вышэйшых уладаў замаўлялі і разьлічваліся за камбайны аблвыканкамы. Разьлікі нават у мінулым значна спазьняліся. Сельмашаўцы бралі крэдыты, залазілі ў даўгі.

Цяпер сытуацыя зьмянілася да лепшага, але не кардынальна. Распавядае кіраўнік дэпартамэнту рэгіянальных продажаў “Гомсельмашу” Васіль Клімянок:

(Клімянок: ) “Разьлічыліся несвоечасова. У першым квартале разьлікаў не было, а ў другім квартале выкінулі гэтыя грошы. У нас ў гэтым сэнсе ёсьць цяжкасьці – затрымка фінансаваньня”.

Аляксандр Лукашэнка публічна заяўляў, што ў краіне няма “дурных грошай”, каб фінансаваць замежных вытворцаў камбайнаў – зь Нямеччыны, ЗША. Гомельскія камбайны, канешне, таньнейшыя. А наколькі яны адпавядаюць па зручнасьці, прадукцыйнасьці замежным машынам для жніва?

Як тлумачаць адмыслоўцы, гомельскія камбайны больш прыдатныя для ўборкі мала- і сярэднеўраджайных палеткаў. Там, дзе ўраджай збожжа перавышае 30 цэнтнэраў з гектара, патрабуецца іншая тэхніка.

Літаральна два дні таму я нават зьдзівіўся, калі ў рэпартажы мясцовага тэлебачаньня мэханізатар назваў сельмашаўскі камбайн КЗС-7 “чармэтам”, гэта значыць – чорным мэталям. Сам я чуў непасрэдна ад мэханізатараў розныя ацэнкі. Хтосьці, перасеўшы на гомельскую машыну са старой “Нівы” ці “Дона”, няблага адклікаўся. Хтосьці наадварот крытыкаваў, калі зьведаў на жніве тыя ж камбайны зь Нямеччыны ці ЗША.

Малады выпускнік Буда-Кашалёўскага аграрнага каледжу Андрэй Грыбаў пры агульным прыязным стаўленьні да сельмашаўскай тэхнікі пра камбайн распавёў наступнае:

(Грыбаў: ) “Там сыстэма падачы збожжа да малацільнага апарату недасканалая. Злучэньне самой жняяркі з нахільным апаратам. Там былі недапрацоўкі”.

Многія вяскоўцы бяруць прычапныя камбайны “Палесьсе-Ротар” на аснове ўнівэрсальнага энэргасродку. На “Гомсельмашы” тым часам выпрабоўваюць найноўшую мадэль монакамбайна, які б у прадукцыйнасьці набліжаўся да імпартовых заходніх машын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG