Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стан магіл сьведчыць пра ступень маралі й духоўнасьці…”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача “Паштовая скрынка №111”. Лісты слухачоў чытае Ўладзімер Арлоў.

Узровень разьвіцьця краіны, ейная гатовасьць да раўнапраўнага партнэрства з эўрапейскімі суседзямі залежаць ня толькі ад эканамічных паказьнікаў і захаваньня дэмакратычных стандартаў, але й ад маральнага, духоўнага стану грамадзтва. Зрэшты, усё гэта – рэчы ўзаемазьвязаныя й узаемаабумоўленыя.

Аўтары лістоў на Свабоду далёкія ад таго, каб ідэалізаваць сучасны заходні сьвет, але яны рашуча нязгодны й з тым, што там, на Захадзе, маўляў, суцэльная бездухоўнасьць, а мы – ледзьве не аазіс высокай маралі.

Наш сталы слухач Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну закранае ў сваім допісе надзвычай важную тэму адносін да пахаваньня й могілак.

“Каля 40000 гадоў таму чалавек разумны прыдумаў усе існыя спосабы абыходжаньня зь нябожчыкамі, і ад таго часу клады зьяўляюцца для навукі важнаю крыніцаю зьвестак пра мінуўшчыну. Рытуал пахаваньня сьведчыць пра пэўную ступень маралі й духоўнасьці”, – піша сп.Бусел.

На гэта цяжка што-небудзь запярэчыць. Можна толькі дадаць, што пра маральнасьць грамадзтва шмат кажа й ягонае стаўленьне да месцаў, дзе знайшлі апошні зямны спачын нашыя папярэднікі.

Мікола Бусел нагадвае, як за часамі камуністаў руйнаваліся старадаўнія габрэйскія могілкі ў Смургонях, беларускія – у Шацілках, былы царкоўны цьвінтар у роднай вёсцы нашага слухача. Падобных прыкладаў у Беларусі – сотні, калі ня тысячы.

Масавых пратэстаў супраць такіх ня проста нецывілізаваных, а барбарскіх дзеяньняў уладаў не было, хоць – трэба спадзявацца – пачуцьцё нязгоды ўсё-ткі жыло шмат у якіх душах. Але пускалі ў душах, асабліва маладых, атрутныя парасткі й пачуцьці зусім іншага кшталту. Сп.Бусел піша, як у гады ягонага юнацтва гомельскія студэнты , выпраўленыя на сельгаспрацу, раскапалі побач з бульбянішчам нямецкія вайсковыя могілкі й шукалі там залатыя зубы. На шчасьце, урок народнай мудрасьці здолелі даць вандалам вясковыя жанчыны. Салдаты ж невінаватыя – казалі яны – іх змусілі тут ваяваць.

“Гадоў праз 20, – працягвае аўтар лісту, – у тыя мясьціны прыяжджаў немец зь перакладчыкам і падрабязнымі мапамі. Ён шукаў магілу брата. Я думаю, немцам сорамна за тое, што яны ўчынілі ў Эўропе. Нішто ня змые гэтай карычневай з крывавым адценьнем плямы зь нямецкай гісторыі. Але ад старых можна пачуць, што й у нялюдзкіх умовах той вайны былі й з боку немцаў праявы хрысьціянскай маралі й спагады да нашых людзей…”

Сп.Бусел, як і іншыя нашыя слухачы, перакананы, што трэба дазволіць нямецкаму таварыству дагляду вайсковых магіл распачаць сваю працу й у Беларусі.

“Дагляд нямецкіх могілак, – падкрэсьліваецца ў лісьце, – ня акт дараваньня, не рэабілітацыя й не апраўданьне злачынстваў, зробленых часткаю спакушанага, задуранага й згвалтаванага нямецкага народу… Гэта, хутчэй, акт выхаду беларускага грамадзтва з пасьляваеннага сындрому, разьвітаньне з часткаю спадчыны таталітарызму”.

Такія лісты – сьведчаньне нашага вяртаньня да гуманістычных прынцыпаў. Хочацца спадзявацца, што адыходзяць у незваротную мінуласьць і барбарскія раскопкі нямецкіх пахаваньняў, і зьнішчэньне могілак, дзе спачылі нашыя суайчыньнікі – беларусы, палякі, габрэі, татары…

Так, у Беларусі пакуль цяжка ўявіць шматтысячныя дэманстрацыі кшталту той, што прайшла гэтым летам па парыскіх вуліцах у адказ на апаганьваньне габрэйскіх могілак. Але ёсьць і ўражвальныя паказьнікі духоўнага аздараўленьня. Самым яскравым прыкладам гэтага няпростага, але няўхільнага вяртаньня грамадзтва да агульначалавечых каштоўнасьцяў сталася нядаўняя шматмесяцавая грамадзкая вахта абароны Курапатаў.

Праблема, пра якую вядзецца гаворка, хвалюе й мянчука Ільлю Копыла, які даслаў нам эмацыйны й адначасна ўдумлівы ліст, абраўшы для яго форму дзёньніка.

“Некалькі разоў я глядзеў па канале “Euronews” перадачу з Францыі пра сьвяткаваньне 60-годзьдзя высадкі дэсанту ў Нармандыі, – піша наш слухач. – Вельмі ўразіла, як добра там дагледжаны могілкі палеглых – і саюзьнікаў, і немцаў. Беларускія ж вэтэраны вайны дагэтуль усё змагаюцца з парэшткамі нямецкіх салдат. У нас вельмі пампэзна адзначаецца сьвята Перамогі, але сапраўднага прымірэньня не адбылося…”

Сапраўды, сп.Копыл, нашае цяперашняе кіраўніцтва часам ня супраць пабразгаць зброяй, а ягоныя ідэолягі з усёй тысячагадовай гісторыі Беларусі надзейны выхаваўчы эфэкт бачаць, здаецца, толькі ў гераічных падзеях прамінулай вайны. Тут ёсьць свая лёгіка, бо для нашай краіны 2 усясьветная вайна азначае велізарную трагедыю, і памяць пра яе захоўвае кожная беларуская сям’я. Але ці заўсёды ў сумленных мэтах адбываецца апэляцыя да гэтае памяці? Ці не надыходзіць час пераацэнкі гістарычных стэрэатыпаў, выраслых у савецкай імпэрыі? Ці не наіўным выглядае ў XXI стагодзьдзі падзел на “нашых” і “немцаў”?

Дарэчы, хачу параіць нашым слухачом паглядзець фільм маладога беларускага рэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”. Сымптаматычна, што супраць дэманстрацыі яго на нядаўнім Маскоўскім міжнародным кінафэстывалі дружна пратэставалі Міністэрства культуры Беларусі, наша амбасада ў Маскве й, вядома, “вэтэраны” – з тых, што фільм не глядзелі, але ў ягоным паклёпніцкім характары ўпэўнены.

Сп.Копыл памятае, як у 1960-я гады пад Менскам за адну ноч былі цалкам зраўняны зь зямлёй вялікія нямецкія могілкі, на месцы якіх пасадзілі дрэвы.

“Савецкая ўлада не шанавала й пахаваньняў сваіх грамадзян. Яна зруйнавала Старажоўскія могілкі, могілкі паблізу абсэрваторыі, на чарзе былі Кальварыйскія…” – адзначае наш слухач.

Гэты сьпіс, сп.Копыл, на жаль, нават у адным Менску значна даўжэйшы. Мне апавядалі, як яшчэ ў 1980-я гады сваякі нябожчыкаў, пахаваных на старых лютэранскіх кладох у раёне сучаснай вул.Волаха, здалёк прыяжджалі на родныя магілы й бачылі на месцы іх лавачкі, на якіх пад старымі надмагільнымі дрэвамі абдымаліся закаханыя. Ад саміх жа разбураных кладоў дзівам ацалеў адзіны абымшэлы ды ўрослы ў зямлю помнік, да якога адно й можна пакласьці кветкі або вяночак.

Ня будзем забываць, што ў падобных варунках, апрача законаў маралі, дзейнічаюць і шмат у чым загадкавыя, аднак несумнеўна існыя законы біяэнэргетыкі. Беларусы, як відаць, і іншыя, прынамсі, эўрапейскія народы, ніколі ня ставілі дамоў “на касьцёх”, на былых пахаваньнях. За савецкім часам гэтае мудрае правіла, заадно з іншымі нормамі традыцыйнай культуры, аддалі забыцьцю. У нашай сталіцы тысячы, а мо й дзясяткі тысяч людзей жывуць якраз “на касьцёх”: да прыкладу, на месцы згаданых сп.Копылам колішніх Старажоўскіх могілак.

Хтосьці пра гэта папросту ня ведае, хтосьці не задумваецца й пачуваецца нібыта больш-менш нармальна, а для кагосьці тут тоіцца небясьпека здароўю – свайму й дзяцей.

Неяк наш вядомы драматург А.Дудараў расказваў мне, як калісьці атрымаў чаканую добрую кватэру, але вельмі хутка зразумеў, што ніякага душэўнага камфорту ў ёй не адчувае. Ноч за ноччу ўпарта не прыходзіў сон, а калі й ўдавалася заснуць, дык сьнілася-мроілася такое, што ні пра які адпачынак ды пра плённую дзённую працу гаварыць не даводзілася. Неўзабаве выявілася, што дом стаіць “на костках”, і драматург зьмяніў кватэру. Магчыма, дзякуючы гэтаму пераезду, мы й глядзім сёньня ў Купалаўскім тэатры “Князя Вітаўта” й “Чорную панну Нясьвіжу”.

Зусім іншай тэме, на першы погляд, прысьвечаны ліст Маргарыты Пушкевіч, якая зьяўляецца адказным сакратаром грамадзкага аб’яднаньня абароны жывёл “Заасьвет”. Менская слухачка піша пра тое, як доўга чакалі ў сталіцы збудаваньня прытулку для нашых бяздомных або згубленых чацьвераногіх сяброў. І вось нарэшце мара зьдзейсьнілася – прытулак працуе. Толькі радасьці абаронцам жывёл гэта не прынесла. У прытулку, паводле спн.Пушкевіч, рэй вядуць тыя самыя людзі, што некалі, на загад ЖЭСаў, бессардэчна лавілі й зьнішчалі сабак і катоў, нярэдка траўмуючы псыхіку ня толькі дзяцей, але й дарослых.

Думаецца, у гэтай сытуацыі нескладана знайсьці пэўныя паралелі з праблемаю, пра якую ішла гаворка ў лістох сп.сп. Бусла й Копыла.

“Вэтэрынар пад час прыёму жывёл зьяўляецца адно ў тым разе, калі ідуць здымкі для тэлеперадач. Каты й сабакі суткамі пакутуюць без вады. Супрацоўнікі прытулку заяўляюць пра гуманнае ўсыпленьне жывёл сучасным імпартным прэпаратам, а насамрэч іх папросту душаць петлямі або забіваюць ін’екцыяй аміяку, ад якой жывёла страшэнна пакутуе…”

Вось такую вусьцішную карціну малюе спн.Пушкевіч, дапаўняючы свой аповед ня менш вусьцішнымі лічбамі, якія я, шкадуючы нэрвы слухачоў, называць, відаць, не рызыкну.

“Беларусь жыве ня ў вакуўме, і з тэлебачаньня мы ведаем, што ў Маскве, напрыклад, сабак ужо не зьнішчаюць, а лякуюць, стэрылізуюць і, не знайшоўшы гаспадара, выпускаюць на волю. Не забіваюць сабак у Польшчы, у Эстоніі… Чаму яны могуць, а мы – не?.. – пытаецца нашая слухачка. – Гэта ж таксама адзнака цывілізаванасьці дзяржавы…”

Немагчыма не пагадзіцца. І дзякуючы такім неабыякавым людзям, як вы, спн.Маргарыта, мы ўрэшце некалі прычакаем часу, калі, як вы пішаце, у заалягічны прытулак будуць прыходзіць дзеці – не дзеля таго, каб спалохацца на ўсё жыцьцё, а дзеля таго, каб знайсьці там сабе сябра.

Нам напісалі й іншыя слухачы – Міхаіл Леках з Латвіі, жыхар Менску Ян Грыб, яшчэ адзін мянчук Віктар Буто. Да іхных лістоў мы вернемся ў наступных аглядах.

А сёньняшні хочацца завяршыць спадзяваньнем, што ў Беларусі XXI ст. на месцы царквы ці касьцёлу, дзе нас хрысьцілі або вянчалі, ужо ніколі ня зьявяцца сажалкі або басэйны – гэтаксама, як могілкі, дзе спачываюць нашыя продкі й дзе некалі прыпыніцца зямная дарога кожнага з нас, не ператворацца ў закіданыя пустымі пляшкамі паркі культуры й адпачынку.

Дзякуй усім, хто піша на Свабоду. Чакаем вашых новых лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG