Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня чакаецца прэзыдэнцкі ўказ аб прызначэньні даты парлямэнцкіх выбараў


Алесь Дашчынскі, Менск У Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў усё гатова да старту выбарчай кампаніі. Паводле сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка, прэзыдэнцкі ўказ аб прызначэньні выбараў у Палату прадстаўнікоў чакаецца сёньня. Ва ўсялякім разе, калі прапанаваная дата выбараў (17 кастрычніка) будзе зацьверджаная прэзыдэнцкай адміністрацыяй, то ўказ павінен выйсьці да 17 ліпеня.

Цэнтральная камісія падрыхтавала ўжо ўсе неабходныя дакумэнты: адразу пасьля прэзыдэнцкага ўказу зьбярэцца Цэнтрвыбаркам, які прыме неабходныя пастановы для пачатку кампаніі, для дзейнасьці выбарчых камісій, грамадзкіх аб’яднаньняў ды палітычных партый. Пакуль што зьмест пастановаў не раскрываецца, але сярод іх ёсьць, паводле словаў старшыні камісіі Лідзіі Ярмошынай, наступны дакумэнт:

(Ярмошына: ) “Да прыкладу, аб правах міжнародных і нацыянальных назіральнікаў – нават не аб правах, а аб парадку іх акрэдытацыі й прыходу”.

Запрашэньні экспэртам Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ, якія вядуць доўгатэрміновае назіраньне за выбарамі, пакуль не накіраваныя. Старшыня камісіі Ярмошына абяцае гэта зрабіць пасьля прэзыдэнцкага ўказу аб прызначэньні выбараў. Што да паўнамоцтваў назіральнікаў, то тут, як цьвердзяць у камісіі, нічога новага не чакаецца. Наогул, ці будзе нешта новае ў выбарчай кампаніі параўнальна з выбарамі 2000 году? Гэтае пытаньне да сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка.

(Лазавік: ) “Мы ж не вытвараем новыя нормы, новыя тэхналёгіі. Усе нашыя дзеяньні ляжаць у рамках выбарчага заканадаўства. Заканадаўства не мянялася, адпаведна, ніякіх новых форм і мэтадаў працы ў нас не мяркуецца”.

У Цэнтрвыбаркаме кажуць, што атрымалі ліст ад кіраўнічкі рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф. У ім спадарыня Ута Цапф нагадвае пра зьмест дэклярацыі, падпісанай з афіцыйнай дэлегацыяй Палаты прадстаўнікоў у Эдынбургу. У гэтай дэклярацыі выказваецца спадзяваньне, што Цэнтральная выбарчая камісія і беларускія ўлады будуць трымацца рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ. Сакратар камісіі Мікалай Лазавік запэўнівае, што зьмест ліста спадарыні Цапф будзе даведзены да ведама ўсіх сяброў Цэнтрвыбаркаму, і менавіта камісія вырашыць, ці патрэбна адказваць Уце Цапф.

(Лазавік: ) “Тое, што запісана ў сумеснай дэклярацыі не патрабуе нейкіх дадатковых рашэньняў Цэнтральнай камісіі альбо зьмены дзейнага заканадаўства. Цяперашняе заканадаўства дазваляе выконваць усе ўмовы, якія агавораны ў гэтай сумеснай заяве”.

Раней паведамлялася, што Цэнтрвыбаркам плянуе на сёньня разгляд звароту дэпутата Ўладзімера Навасяда аб дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Аднак сакратар Цэнтрвыбаркаму Лазавік паведаміў, што спэцыяльна па гэтым пытаньні камісія зьбірацца ня будзе. Разгляд гэтага дэпутацкага запыту плянуецца таксама на першым паседжаньні пасьля прызначэньня выбараў. Дарэчы, дэпутат зьвяртае ўвагу на сем аспэктаў выбарчага працэсу, і Цэнтарвыбаркам павінен даць афіцыйныя тлумачэньні да асобных артыкулаў Выбарчага кодэксу, у тым ліку пра парадак фармаваньня выбарчых камісій.

Што да фінансавага забесьпячэньня выбарчай кампаніі, то, паводле Мікалая Лазавіка, грошы на выбары закладзеныя ў бюджэт яшчэ ў мінулым годзе: гэта амаль 13 мільярдаў рублёў, альбо прыкладна 5,8 мільёна даляраў. На агітацыйную кампанію кожны кандыдат атрымае 50 базавых велічыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG