Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне прадпрымальнікі адмаўляюцца купляць збанкрутаваныя калгасы


Казімер Яноўскі, Гомель Адміністрацыйна-камандны мэтад перадачы збанкрутаваных калгасаў прадпрымальнікам, прыменены ў Гомельскай вобласьці, не дае плёну. Ніхто зь бізнэсоўцаў пакуль ня выкупіў “ляжачую” гаспадарку.

Паводле красавіцкага рашэньня аблвыканкаму да пачатку жніва 22 збанкрутаваныя калгасы і саўгасы з 77-мі павінны быць ужо ў руках прадпрымальнікаў.

Аднак пакуль ніводзін бізнэсовец не прыдбаў сабе калгас, прызначаны мясцовымі ўладамі з мэтаю выкананьня адпаведнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Распавядае заснавальнік будаўнічай кампаніі “Эўрастыль” Сяргей Саранчук:

(Саранчук: ) “Мы атрымалі поштаю ліст з аблвыканкаму пра тое, што за намі замацаваны калгас імя Фрунзэ Брагінскага раёну. Мы нават ня ведаем, дзе гэты калгас знаходзіцца. У нас няма сродкаў, каб яго выкупіць. Раней нас забавязвалі аказваць дапамогу зусім іншай гаспадарцы, а літаральна месяц таму кампанію замацавалі за калгасам імя Фрунзэ. Хаця гэта больш складана, але, на маю думку, уладам трэба ўсё-такі ствараць спрыяльны інвэстыцыйны клімат, каб прадпрымальнікі ішлі ў сельскую гаспадарку, набывалі калгасы, спрабавалі весьці там свой бізнэс. Проста замацаваць гаспадарку сэнсу ня мае”, – лічыць прадпрымальнік Сяргей Саранчук.

Паколькі звыклыя камандныя мэтады ў рэгіёне плёну не прынесьлі, то прадстаўнікі аблвыканкаму і прадпрымальніцкай арганізацыі “Адзінства” склікалі “круглы стол”.

Намесьнік старшыні аблвыканкаму ў пытаньнях сельскай гаспадаркі Георгій Дашкевіч стаў пераконваць прадпрымальнікаў, што няблага было б узяць ім ва ўласнасьць хаця б дзесятак калгасаў. Па прыкладу асобных дзяржаўных прадпрыемстваў. А Рычард Стэфановіч, адзін з кіраўнікоў аблсельгасхарчу, спаслаўся нават на выказваньне Сталіна часоў калектывізацыі: “Калгас, маўляў, – справа добраахвотная. Хочаш – уступай, ня хочаш – да сьценкі”.

Аднак і пасьля такіх размоваў некаторыя прадпрымалькі адмаўляліся ад прызначаных гаспадарак. У іх ліку і дырэктар прыватнага дрэваапрацоўчага прадпрыемства “Бярозка” Рагачоўскага раёну Міхаіл Клачкоў, якога забавязалі ўзяць сельгаспрадпрыемства “Лучын”.

Сваю адмову спадар Клачкоў патлумачыў ня толькі адсутнасьцю сродкаў, досьведу, але і няпэўнасьцю ўмоваў набыцьця збанкрутаваных калгасаў:

(Клачкоў: ) “Каб празрыстыя ўмовы былі. Не прыкладныя, а дакладныя. Як узяць, калі невядома, што будзе заўтра?!” – сказаў нашаму радыё прадпрымальнік Клачкоў.

У Беларусі афіцыйна налічваецца 930 збанкрутаваных калгасаў, купіць якія нават за 20 адсоткаў кошту па-сутнасьці няма каму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG