Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэй падрыхтаваў выпускнікоў у падпольлі


Любоў Лунёва, Менск Калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа напярэдадні выпускнога балю падсумоўвае вынікі існаваньня ў падпольных умовах. Дзеці пасьпяхова здаюць экзамэны экстэрнам. Выпускнікі выбіраюць унівэрсытэты, у якіх будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Выкладчыцкі калектыў ліцэю задаволены посьпехамі сваіх навучэнцаў. Бацькі ліцэістаў лічаць несправядлівым тое, што дзеці здаюць экзамэны празь дзень. На іх думку, такія нагрузкі адбіваюцца на здароўі дзяцей. У Сьвятланы Гаеўскай у ліцэі вучыцца дачка Ксенія.

(Гаеўская: ) “Прайшоў год, як улады выкінулі нас з нашага будынку. Будынак стаіць закінуты, нікому не патрэбны. Вокны пабітыя, побач ляжыць цэгла… Ніхто нічога ня робіць. Нашы дзеці за гэты год страцілі шмат здароўя і сілаў. А цяпер яшчэ і экстэрны здаюць празь дзень. Ня кожны студэнт чацьвертага курсу можа ў ВНУ нават так здаваць экзамэны. Мы зразумелі, што нашым уладам нашы дзеці не патрэбныя. Яны быццам бы за бортам жыцьця ў гэтай краіне. Я думаю, што ніводзін чыноўнік з апарату міністэрства сваё дзіця на гэта ня кінуў бы”.

Унівэрсытэты Польшчы, Нямеччыны, Літвы, Чэхіі гатовыя прыняць выпускнікоў ліцэю. Кожны з навучэнцаў можа выбіраць той унівэрсытэт, які яму больш даспадобы. Уладзімер Колас лічыць, што прызнаньне ліцэю за межамі Беларусі ёсьць вынікам вялікай працы ўсяго калектыву:

(Колас: ) “Нягледзячы на ўсе спробы зьнішчыць прэцэдэнт нацыянальнай, незалежнай, дэмакратычнай, эўрапейскай адукацыі, мы выстаялі. Мы разам. Тыя посьпехі, якія паказваюць нашы дзеці падчас здачы афіцыйных экзамэнаў экстэрнату, тыя “дзясяткі”, якія яны атрымліваюць, паказваюць, што мы папрацавалі добра, што ўзровень наш не панізіўся. Нашы дыплёмы прызнаныя ў краінах сьвету. Нашы выпускнікі паедуць вучыцца ў Эўропу. Гэта таксама сьведчыць у падтрымку нашага ліцэю ўсім цывілізаваным міжнародным дэмакратычным грамадзтвам”.

На выпускны баль запрошаныя амбасадары некалькіх краінаў, вядомыя дзеячы грамадзтва і журналісты. Навучэнцы падрыхтавалі цікавую канцэртную праграму і падарункі для гасьцей. Калектыў ліцэю ўручыць ганаровыя дыплёмы тым, хто зрабіў унёсак у справу захаваньня і разьвіцьця Нацыянальнага ліцэю.

Калектыў ліцэю імя Якуба Коласа вырашыў, што ліцэй будзе працягваць існаваньне ў любых умовах. Шмат бацькоў выказалі жаданьне аддаць сваіх дзяцей на першы курс беларускага гуманітарнага ліцэю. Днямі пачаліся ўступныя экзамэны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG