Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адметны пачатак выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 15 лістапада). Удзельнікі: выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч і старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Завяршыўся этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў на дэпутаты, пачаўся збор подпісаў на іх падтрымку. Паводле папярэдніх дадзеных, у мясцовыя саветы балятуюцца каля 800 прадстаўнікоў апазыцыйных партый плюс яшчэ каля 200 сяброў грамадзкіх арганізацый і рухаў, якія можна лічыць апазыцыйнымі. Якія першыя вынікі гэтага этапу?”

(Анатоль Ляўковіч: ) “Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) плянавала вылучыць 213 ініцыятыўных груп. Але з розных прычын да рэгістрацыі дайшла 171 група. На гэты час вядома, што зарэгістравана 142 групы, 6 незарэгістраваны (зь іх 5 – у Баранавічах) і пра 23 групы інфармацыі няма.

Але я разглядаю вынікі ў больш шырокім кантэксьце, чым рэгістрацыя ініцыятыўных груп. Важны вынік – утварэньне рэгіянальных кааліцый. Аб’яднаньне дэмакратычных сілаў пачалося зьнізу, з рэгіёнаў. Гэта была ініцыятыва нашай партыі. Гэтую кампанію мы разглядаем як палітычную, а таксама як кампанію, празь якую выбіраюцца дэлегаты другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў”.

(Кастусь Смолікаў: ) “У Віцебскай вобласьці вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп я назваў бы станоўчымі. З 30 заплянаваных груп мы зарэгістравалі ад Партыі БНФ 15 і яшчэ пяць – у абласныя Саветы.

Не пасьпелі сябры нашых партый зарэгістраваць ініцыятыўныя групы, як на іх пачаўся ціск: рабіліся тэлефанаваньні, людзей выклікалі і патрабавалі адмовіцца ад удзелу ў выбарах на працы. Таму рэгістрацыю паловы з заплянаваных груп я лічу станоўчым вынікам.

Добра спрацавалі іншыя апазыцыйныя партыі, прадпрымальнікі, грамадзкія арганізацыі, якія таксама ўваходзяць у нашу абласную кааліцыю. Асноўная прычына нерэгістрацыі некаторых груп – недакладнасьці, якія, зь меркаваньня чыноўнікаў, знойдзены ў дакумэнтах”.

(Карбалевіч: ) “Не былі зарэгістраваны ініцыятыўныя групы вядомых апазыцыйных дзеячаў Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Яраслава Раманчука, Аляксандра Бухвостава, Генадзя Фядыніча. Што гэта азначае? Як гэта можна патлумачыць?”

(Ляўковіч: ) “З ідэалёгіі цяперашняга рэжыму вынікае, што лідэр у краіне можа быць толькі адзін. Ніякіх іншых лідэраў быць не павінна. Таму робіцца ўсё, каб не дапусьціць іншых палітыкаў да насельніцтва. Улады зачышчаюць публічную пляцоўку.

Другая прычына – страх і няпэўнасьць уладаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тады ўлады рабілі ўсё, каб прыдушыць апазыцыю. Тым ня менш, тая кампанія паказала моцную волю народу да перамен. Трэцяя прычына палягае ў тым, што слугі рэжыму адпрацоўваюць свае грошы, перастрахоўваюцца. А нехта, мусіць, хоча атрымаць мэдаль за гэтую працу”.

(Смолікаў: ) “Сапраўды, улады баяцца кантактаў апазыцыйных лідэраў з выбаршчыкамі. Але ў партыйных кіраўнікоў ёсьць яшчэ магчымасьць зарэгістравацца кандыдатамі праз партыйныя арганізацыі. А былы кандыдат на прэзыдэнта Мілінкевіч запісаны сябрам ініцыятыўнай групы шмат у якіх кандыдатаў (прычым, і тут, у Віцебску). І ён зьбіраецца прыехаць, удзельнічаць у зборы подпісаў, размаўляць зь людзьмі”.

(Карбалевіч: ) “Учора да мяне на кватэру завіталі дзьве дзяўчыны – сябры ініцыятыўнай групы аднаго, як можна было зразумець, праўладнага кандыдата. На ўсе мае пытаньні наконт палітычнай пазыцыі, праграмы, канкрэтных прапаноў прэтэндэнта гэтыя дзяўчаты адказвалі: “Агітацыя забаронена”. А ці ёсьць у апазыцыйных кандыдатаў што сказаць выбаршчыкам? У чым сутнасьць выбарчай плятформы, пасланьня апазыцыі да электарату?”

(Ляўковіч: ) “Гэтая кампанія спрыяе яднаньню дэмакратычных сіл на Беларусі. І гэта выяўляецца ў тым, што распрацавана агульнае пасланьне да выбаршчыкаў ад усіх дэмакратычных сілаў. Яно ідзе пад лёзунгам “За свабоду”. У гэтым сэнсе кампанію мясцовых выбараў можна разглядаць як працяг прэзыдэнцкай кампаніі.

Да памянёнага агульнага пасланьня дадаюцца партыйныя тэзісы, у якіх мы маем прапагандаваць каштоўнасьці сацыял-дэмакратыі – свабоду, справядлівасьць, салідарнасьць. У гэтым сэнсе мясцовыя выбары даюць нам шмат магчымасьцяў. Бо падчас агітацыйнай кампаніі можна зьвяртацца да канкрэтных сацыяльных праблем, і гэта зьяўляецца важным элемэнтам нашай праграмы.

Акрамя таго, перад сябрамі нашай партыі стаіць задача расказаць людзям праўду пра сытуацыю ў краіне й, найперш, пра зьняволеньне лідэра БСДП (Г) былога кандыдата на прэзыдэнта Казуліна. Гэта ж ёсьць беспрэцэдэнтнаю зьявай ня толькі для Беларусі, але й для Эўропы. Таму мы заклікаем вызваліць Казуліна і ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі”.

(Смолікаў: ) “Упершыню ў Беларусі мясцовыя выбары ідуць у фармаце палітычнай кампаніі. І галоўным пытаньнем звароту да людзей паўстаюць ня побытавыя, а палітычныя праблемы. Перадусім стаіць мэта пошуку прыхільнікаў апазыцыі і мабілізацыя іх на той мамант, калі ўзьнікне крызысная сытуацыя.

Па-другое, акрэсьлілася задача данесьці да людзей агульны пасыл аб’яднаных дэмакратычных сілаў пад назвай “За свабоду”. Яшчэ людзі пытаюцца, хто лідэр апазыцыі. І мы называем прозьвішча Мілінкевіча, які быў выбраны на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Таксама лідэры партый адыгрываюць важную ролю ў дэмакратычным працэсе”.

(Карбалевіч: ) “Якая тактыка ўладаў адносна мясцовых выбараў? Ці робяць яны стаўку толькі на сілу, рэпрэсіі, адміністрацыйны ціск, ці ўсё ж імкнуцца вылучыць моцных кандыдатаў, каб сапраўды змагацца з апазыцыяй за электарат?”

(Ляўковіч: ) “Нічога прынцыпова новага ад уладаў падчас гэтай кампаніі чакаць не даводзіцца. Тактыка рэжыму – гэта культ адміністрацыйнага і сілавога ціску на апанэнтаў. Каб тыя не дайшлі да людзей. Дзеля гэтага было зьменена й выбарчае заканадаўства. Калі падчас папярэдніх кампаній можна было арганізоўваць у дварах сустрэчы зь людзьмі, то цяпер і гэта забаронена без дазволу.

Зразумела, як і раней, улады, дзеля супрацьвагі апазыцыі, будуць вылучаць кандыдатамі на дэпутатаў аўтарытэтных людзей, якія займаюць важныя пасады. З такімі канкурэнтамі цяжка змагацца, бо яны маюць больш магчымасьцяў вырашыць побытавыя праблемы выбаршчыкаў. Але гэтыя людзі ня будуць выказваць палітычнай і грамадзянскай пазыцыі, і ў гэтым яны прайграюць апазыцыйным кандыдатам”.

(Смолікаў: ) “Вось адзін з тактычных хадоў уладаў: яны робяць усё, каб на месца ў абласны Савет балятаваўся толькі адзін кандыдат ад улады, без канкурэнцыі. Думаю, што асноўны ўдар па апазыцыйных кандыдатах рыхтуецца на этапе рэгістрацыі кандыдатаў на дэпутата”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, першы этап выбарчай кампаніі сьведчыць: большасьць ініцыятыўных груп прадстаўнікоў апазыцыі зарэгістраваныя. І гэта азначае, што апанэнты рэжыму атрымалі шанец на камунікацыю з электаратам. І перад імі паўстае задача эфэктыўна выкарыстаць гэты шанец”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG