Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы талерантныя ці абыякавыя?


Радыё Свабода Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень цярпімасьці (талерантнасьці). Генэральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў абвясьціла яго ў 1995 годзе з нагоды 50-годзьдзя міжнароднай гуманітарнай арганізацыі ЮНЭСКА. Мэта правядзеньня такога дня – пашырэньне ў сьвеце ідэяў цярпімасьці і ўзаемаразуменьня. Наколькі ўласьцівая талерантнасьць сучаснаму беларускаму грамадзтву?

У тэксьце дзяржаўнага гімна Беларусі, які штодня трансьлюецца па тэлевізіі і радыё, ёсьць радкі “Мы беларусы – мірныя людзі”. З высокіх уладных трыбунаў таксама гучаць заявы пра спакойны і талерантны беларускі народ, які жадае стабільнасьці. Ці лічаць сябе такімі самі людзі, пытаюся ў мінакоў на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна гаварыць пра талерантнасьць беларусаў?”

(Юначка: ) “Так, можна гаварыць пра талерантнасьць, бо ва ўсіх мэдыях гаворыцца, што наш народ цярпімы”.

(Юнак: ) “Народ цярпімы, бо усё церпіць, прымае ўсіх добра”.

(Спадарыня: ) “Беларусы, у асноўным, і пакладзістыя, і цярплівыя, і працавітыя”.

(Спадарыня: ) “Я бачу звышталерантнасьць, бо мы вельмі любім замежнікаў і недаацэньваем тое, што ёсьць у нас”.

Гаварылі менскія мінакі. Аднак спэцыялісты заяўляюць, што сучаснае беларускае грамадзтва далёкае ад ідэяў талерантнасьці. Да прыкладу, у пытаньнях нацыянальнай сьвядомасьці, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Што тычыцца моўнага пытаньня, то тут, як кажуць, і конь не валяўся. Як правіла, людзі, якія размаўляюць на трасянцы, вельмі агрэсіўна ставяцца да носьбітаў літаратурнай беларускай мовы. Асабліва ўзросту 40-70 гадоў, якія прыехалі з абшараў Савецкага Саюзу і прывыклі быць тут гаспадарамі”.

Сябра беларускай пратэстанцкай суполкі Ўладзімер Мацкевіч, які прымаў удзел у галадоўцы вернікаў царквы “Новае жыцьцё” кажа, што ў панятак беларускай талерантнасьці ўкладваецца іншы сэнс.

(Мацкевіч: ) “Амаль ніякай талерантнасьці ў беларусаў не назіраецца. Тое, што час ад часу называюць беларускай талерантнасьцю, найхутчэй ёсьць абыякавасьцю. Да прыкладу, калі нехта церпіць ад рэжыму, то іншыя кажуць, што нас гэта ня тычыцца. Гэтак перасьледавалі палітыкаў, грамадзкія арганізацыі, так зачынялі газэты. І вось гэткім жа чынам ціснуць на пратэстанцкія канфэсіі”.

Пытаньні талерантнасьці беларускага грамадзтва сталі тэмай супольнага дасьледаваньня грамадзкага цэнтру “Вясна” з праваабаронцамі Швэцыі. Вынікам працы сталася канстатацыя факту: беларускае грамадзтва нецярпімае ў рэлігійных, сэксуальных, палітычных ды іншых пытаньнях. Але ўлады гэта замоўчваюць, кажа юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Былі факты зьбіцьця замежных студэнтаў, апошнія прыклады – ганьбаваньне мэмарыялу “Яма” і амбасады Ізраіля. Я ўжо не хачу закранаць выказваньні некаторых дэпутатаў пра патрэбу прымусовай стэрылізацыі, пра ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за гомасэксуалізм. Словам, такіх праблемаў шмат, пра якія ніхто не гаворыць. І большасьць нашых людзей у прынцыпе ня можа быць талерантнымі, бо яны не ўспрымаюць адрозных ад сябе людзей. Пачынаючы з вопраткі і завяршаючы палітычнымі поглядамі. Тут савецкае кансэрватыўнае грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG