Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьляпыя жанчыны таксама карыстаюцца касмэтыкай


Любоў Лунёва, Менск Cёньня міжнародны Дзень сьляпых людзей. У ЗША і краінах Эўропы дзейнічаюць адпаведныя праграмы для рэабілітацыі сьляпых і тых, хто мае вельмі кепскі зрок. Новыя тэхналёгіі дапамагаюць невідушчым людзям адчуваць сябе больш-менш камфортна ва ўмовах сучаснага гораду і мець магчымасьці для паўнавартаснай працы. У Беларусі колькасьць сьляпых дасягае 21 тысячы чалавек. Але гэтыя людзі ня могуць казаць, што адчуваюць на сабе такі ж клопат з боку дзяржавы. Гэта пры тым, што шмат хто зь іх забясьпечаны працай.

Сьляпыя і тыя, у каго вельмі кепскі зрок, могуць працаваць на 17 прадпрыемствах, якія маюць адпаведную спэцыфіку вытворчасьці. Грамадзянам Беларусі добра вядома прадукцыя, якую вырабляюць сьляпыя: выключальнікі, разэткі, падаўжальнікі, лямпачкі... Асноўная колькасьць сьляпых беларусаў зьяўляюцца сябрамі Беларускага таварыства сьляпых, якое існуе больш за 70 гадоў.

Людзі, якія маюць цяжкія праблемы са зрокам, вучацца, працуюць і жывуць недалёка адзін ад аднаго. Яны маюць абмежаваныя магчымасьці пашырыць кола сваіх знаёмых. Сьляпыя дзеці вучацца ў асобных школах. Яны ёсьць у Менску, Горадні, Маладзечне, Шклове, Васілевічах і ў Жабінцы.

Мая суразмоўца Тамара Макаранка з дзяцінства мела кепскі зрок. Яна асьлепла ў 31 год. Тамара працуе ў Менску, але ў сталіцы адчувае сябе дыскамфортна.

(Макаранка: ) "Які б Менск ні быў цудоўны, мне ўсё роўна неяк тут дыскамфортна. Хаця даводзіцца тут жыць, бо так складваюцца абставіны. Ня буду ж я сядзець у вёсцы, каб мне туды працу раз на тыдзень ці раз на месяц прывозілі”.

Далёка не на ўсіх Менскіх вуліцах сьветлафоры маюць гукавыя сыгналы для сьляпых. Тамара лічыць, што, калі б сьляпыя дзеці вучыліся разам зь іншымі, то ім было б лягчэй адаптавацца ў грамадзтве, а іншыя грамадзяне тады б з большым разуменьнем ставіліся да сьляпых.

(Макаранка: ) "У замежжы такіх спэцшкол няма. Там дзеці сьляпыя вучацца разам зь іншымі. Магчыма, таму там больш ведаюць пра сьляпых людзей. Вось я вучылася да 5 клясы ў агульнай школе разам з вясковымі дзецьмі і не адчувала сябе дыскамфортна. А тое, ведаеце, спэцшкола, спэцпрадпрыемства…”

Тамара распавяла, што сьляпыя не ходзяць паасобку ў горадзе, бо гэта вельмі небясьпечна. Праверыць лятарэю, альбо зьняць грошы з рахунку, яна можа толькі з дапамогай чалавека, якому давярае. Але ў гэтым выпадку ня можа быць гаворкі пра таямніцу ўкладу. Ніякіх сыстэмаў банкаўскай бясьпекі для сьляпых у Беларусі няма.

(Макаранка: ) "Калі трэба нейкія квітанцыі запоўніць, то ёсьць суседзі, яны дапамогуць. У нас зь імі добрыя адносіны. Ведаеце, я б ніколі адна не пайшла ў банк правяраць лятарэю. Я б пайшла з тым, каму давяраю. Калі быць разявакай, дык падмануць і таго, хто бачыць”.

Тамара Макаранка распавяла, што сьляпыя людзі, як і ўсе іншыя, кахаюць, жэняцца, разводзяцца. Жанчыны карыстаюцца касмэтыкай, пры гэтым перавагу надаюць парфуме. Каля Чэрвеня ёсьць база адпачынку, дзе сьляпыя людзі могуць правесьці 12 дзён.

Значна менш пашчасьціла тым, хто жыве ў вёсках. Гэтыя людзі пазбаўленыя магчымасьці працаваць. Яны атрымліваюць сацыяльную дапамогу, якой хапае толькі на хлеб і малако. Маладыя людзі імкнуцца трапіць у абласны горад, каб мець працу. Але гэта тычыцца тых, хто ня мае праблемаў са здароўем. Даволі часта страта зроку ёсьць праявай нейкай хваробы, у выніку якой чалавек стаў інвалідам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG