Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юльян Саковіч (24.8.1906, фальварак Баўдыры (цяпер Смаргонскі раён) — 13.6.1943, м. Васілішкі (цяпер Шчучынскі раён). Пахаваны ў Лідзе.)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Яго асоба дагэтуль ахутаная таямніцамі...

Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі Юльян Саковіч не адразу знайшоў сваё месца ў нацыянальным руху. Заходнебеларускі камсамолец, а потым і камуніст-падпольшчык, у 19 гадоў ён упершыню патрапіў за польскія краты. У 1933-м праходзіў па судовым працэсе кіраўніцтва ТБШ, у выніку чаго “пакаштаваў” канцлягеру ў Картуз-Бярозе.

Людзі такога гарту й перакананьняў пакутавалі за Беларусь пры любой уладзе. Увосень 1939-га савецкія “вызваліцелі”, ледзьве пасьпеўшы выпусьціць Саковіча на волю, пасадзілі яго ўжо ў сваю турму. У жніўні 1941-га на Смаргоншчыне Юльяна, які дзівам выратаваўся з “калёны сьмерці” НКВД, схапіла польская паліцыя, што была на службе ў немцаў...

Неўзабаве ён разам з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і Ўсеваладам Родзькам стаў арганізатарам антынацысцкага нацыянальнага падпольля. На вясну 1943-га Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) плянавала паўстаньне, збройнымі сіламі якога даручана было камандаваць Юльяну Саковічу, кіраўніку легальнай Беларускай Народнай Самапомачы ў Менскай акрузе і аднаму з кіраўнікоў нелегальнай БНП. А пакуль тое, ён адказваў за зброю, якую здабывалі рознымі шляхамі. Дасьледнік Сяргей Ёрш піша, да прыкладу, пра мех залатых манэтаў, якія Саковіч атрымаў ад Родзькі і дзеля захаваньня перадаў двум знаёмым сьвятарам.

На другі год вайны ён увайшоў у штаб фармаваньня вайсковых аддзелаў Беларускай самааховы, але ў красавіку 1943-га немцы яе ўжо распусьцілі. Яшчэ на Каляды 1942-га СД арыштавала і ў той самы дзень расстраляла ксяндза Гадлеўскага. Паўстаньне фатальна зрывалася. Самога Саковіча за публічныя пратэсты супроць рэпрэсіяў над мірным насельніцтвам акупанты выслалі на Лідчыну, дзе зусім хутка ён загінуў ад рук польскіх тэрарыстаў.

Усе гэтыя падзеі — атрыманьне “залатога запасу” БНП, таямнічая сьмерць аднаго зь сьвятароў, якому была перададзеная частка золата, забойства Саковіча, заможнае жыцьцё сям’і другога сьвятара — выцягваюцца ў ланцужок загадак, над якімі і сёньня б’юцца гісторыкі беларускага Супраціву часоў апошняй вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG