Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычыны працоўнай міграцыі й эміграцыі зь Беларусі?


Юры Дракахруст, Прага Колькі беларусаў працуюць за мяжой? У чым прычыны даволі масавай працоўнай эміграцыі зь Беларусі? Якая частка працоўных мігрантаў пакідаюць Беларусь назаўжды? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” : зь Менску – эканамісты Зьміцер Бабіцкі і Міхась Залескі, з Гомлі – сацыёляг Анатоль Злотнікаў, з Варшавы – сацыёляг Анджэй Новак.

Колькі беларусаў працуюць за мяжой?

(Дракахруст: ) “Нядаўняе гучнае забойства беларускага працаўніка ў Расеі, а таксама рашэньне ўраду Польшчы аб спрашчэньні працоўнай міграцыі з Беларусі зрабіла актуальнай праблему гэтай міграцыі актуальнай. Менавіта праблему, бо самая працоўная эміграцыя з Беларусі, выезд на працу за мяжу была актуальнай хіба ня ўсе гады незалежнасьці. А наколькі актуальнай, іншымі словамі якая колькасьць беларусаў працуе за межамі сваёй краіны? Ці існуе на гэты конт афіцыйная статыстыка, ці існуюць экспэртныя ацэнкі? Міхась Залескі, Вам слова”.

М.Залескі: "Беларусы складаюць паводле сацыялягічных дасьледваньнях расейцаў прыкладна 2% ад нелегальных мігрантаў, гэта 55-80 тысяч чалавек".
(Залескі: ) “Паводле розных ацэнак расейскіх адмыслоўцаў ( а я ўзяў расейскія ацэнкі, каб паглядзець, як выглядае справа з таго боку) у Расеі знаходзіцца ад 3.5 да 5 мільёнаў незаконных мігрантаў. Дакладнай лічбы ніхто ня ведае – ані МУС, ані расейскі фэдэральны камітэт па статыстыцы. Доля беларусаў у агульнай колькасьці гэтых мігрантаў вельмі істотна вагаецца па рэгіёнах – нашы пераважна працуюць у Маскве, Пецярбургу, і на нафтавых радовішчах Сыбіру. Беларусы складаюць паводле сацыялягічных дасьледаваньнях расейцаў прыкладна 2% ад гэтых нелегальных мігрантаў, гэта 55-80 тысяч чалавек. Сам я спрычыніўся да апытаньня па крыніцах прыбытку беларускіх сем''яў. Дык вось 4% беларускіх сем''яў назвалі істотнай крыніцай прыбытку заробкі за мяжой. Гэта ўскосна сьведчыць пра дакладнасьць расейскіх ацэнак, бо 4% семьяў – гэта прыкладна 100 тысяч працоўных мігрантаў альбо людзей, занятых так званым афшорным праграмаваньнем і іншымі справамі праз Сеціва, але з Беларусі. А вось паводле афіцыйных расейскіх дадзеных колькасьць легальных працоўных мігрантаў на парадак меншая – за апошнія гады лічба вагаецца ад 5 да 7 тысяч чалавек за год”.

(Дракахруст: ) “Анатоль Злотнікаў, Вы нядаўна выдалі манаграфію "Дэмаграфічнае вымярэньне ў сучаснай Беларусі". Вам і карты ў рукі даць адказ на пытаньне, колькі беларусаў працуе за мяжой. Спадар Залескі зараз больш казаў пра працоўную міграцыю ў Расею, яна сапраўды больш, чым міграцыя на Захад, але і на Захадзе беларусаў працуе нямала. Ці можаце Вы даць агульную ацэнку колькасьці працоўных мігрантаў і ў адзін, і ў другі бок?”

А. Злотнікаў: "Што да вялічыні замежнай працоўнай міграцыі з Беларусі, то паводле маіх дадзеных яна складае паўмільёна чалавек, прычым у Расею яна не 55-80 тысяч, а 300 тысяч чалавек".
(Злотнікаў: ) “Перш за ўсё я хачу крыху не пагадзіцца і з Вамі, Юры, і з Міхасём. Ня толькі гэтыя два выпадкі зрабілі праблему актуальнай. Гэтая праблема актуальная стала актуальнай пасьля таго, як развалілася адзіная эканамічная і дэмаграфічная прастора Савецкага Саюзу.

Што да велічыні замежнай працоўнай міграцыі з Беларусі. Паводле маіх дадзеных яна складае паўмільёна чалавек, прычым у Расею яна не 55-80 тысяч, а 300 тысяч чалавек. Гэтая лічба была агучаная летась ў кастрычніку на канфэрэнцыі ў Маскве дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Павал Барадзін.

Я ня згодны з ацэнкай, што гэта нелегальная міграцыя, як сказаў Міхась. І расейскае, і беларускае заканадаўства ня лічаць беларусаў, якія працуюць у Расеі, нелегальнымі мігрантамі. Другі накірунак – гэта заходні вэктар. У Берасьці сёлета праводзілася канфэрэнцыя пры падтрымцы нямецкага фонду. Дык там мясцовыя супрацоўнікі ўправы працы і сацыяльнай абароны паведамілі, што працоўная міграцыя з вобласьці складае 170 тысяч чалавек. Да таго трэба мець на ўвазе паўдзённы і паўночны вэктары – Украіна, краіны Балтыі – гэта яшчэ прыкладна 20-30 тысяч.

Ва ўсім сьвеце працоўная міграцыя – важны чыньнік глябалізацыйных працэсаў. І Беларусь актыўна ўдзельнічае сваім працоўным патэнцыялам ў міжнародным рынку працы”.

(Дракахруст: ) “Зьміцер Бабіцкі, нашы суразмоўцы далі вельмі розныя ацэнкі колькасьці працоўных мігрантаў з Беларусі, яны вагаюцца ад 55 тысяч да 500 тысяч працоўных мігрантаў толькі ў Расею”.

З. Бабіцкі: "Адназначна можна сьцвярджаць, што лічба ў 55 тысяч працоўных мігрантаў у Расеі заніжаная, а 300-500 тысяч – завышаная".
(Бабіцкі: ) “Сапраўды, мы ўсе чулі гэтую знакамітую лічбу – 300 тысяч чалавек. Здаецца, яна называлася толькі ў дачыненьні Маскоўскай вобласьці, а ня ўсёй Расеі. Мелася на ўвазе, што ў Расеі яшчэ больш. Я мяркую, што гэтая лічба адназначна завышаная. Я думаю, што яна можа быць дзесьці на ўзроўні 100-200 тысяч. Гэта ўскосна пацьвярджаецца тымі дасьледаваньнямі, да якіх я спрычыняўся ў рэгіёнах Беларусі. Калі мы дасьледавалі стан эканомікі Барысава, мы "згубілі" дзесьці каля 10 тысяч чалавек – гэта розьніца паміж працаздольным насельніцтвам і працаўладкаванымі ў горадзе. Зразумела, што гэтыя людзі дзесьці працуюць, яны за штосьці жывуць, бо ў сьпісах беспрацоўных іх таксама няма.

Што тычыцца іншых гарадоў і мястэчак Усходняй Беларусі, то там гэтая лічба недалічаных працоўных таксама складае да 20%. Таму адназначна можна сьцьвярджаць, што лічба ў 55 тысяч працоўных мігрантаў у Расеі заніжаная, а 300-500 тысяч – завышаная”.

Чаму беларусы едуць працаваць за мяжу?

(Дракахруст: ) “Наша дыскусія вызначыла, што дакладных лічбаў наконт працоўнай міграцыі няма, але ў любым выпадку працуе за мяжой беларусаў шмат. І ўзьнікае пытаньне – чаму?

Напрошваецца просты адказ – няма рынкавых рэформаў, кепскае матэрыяльнае становішча, працы няма, таму людзі і едуць за мяжу. Але такі адказ падаецца ня тое, што няправільны, але няпоўны. Скажам, суседняя Польшча, якая зараз спрашчае працаўладкаваньне для беларусаў. Але і адтуль працоўная міграцыя надзвычай высокая. Паводле нядаўняга апытаньня, зробленага на замову "Gazeta Wyborcza" сярод маладых палякаў – ад 18 да 24 гадоў за мяжу па заробкі хоча паехаць кожны другі. З аднаго боку Польшча – гэта вітрына, узор пасьпяховых рынкавых рэформаў, там зроблена ўсё тое, пра што мараць беларускія лібэралы, беларуская апазыцыя. Але і адтуль працоўная міграцыя вельмі высокая. На тле польскага досьведу, якім будзе адказ, чаму так шмат беларусаў едуць за мяжу па заробкі? Спадар Бабіцкі, які Ваш адказ?”

З.Бабіцкі: "Там няма такіх патрабаваньняў, як у нас, няма патрабаваньняў да адукацыі, ты можаш хутка вырасьці ад афіцыянта да мэнэджэра рэстарацыі".
(Бабіцкі: ) “Я лічу, што трэба падзяліць тых людзей, якія выяжджаюць па заробкі за мяжу, на пэўныя катэгорыі і паглядзець матывацыі ўнутры гэтых катэгорыяў. Возьмем, напрыклад, студэнтаў. Я сам, калі быў студэнтам, працаваў у Амэрыцы, і траціна маёй унівэрсытэцкай групы там засталася. Я выдатна разумею гэтых людзей. Таму што яны, людзі, якія толькі вучыліся і яшчэ не працавалі, слаба сабе ўяўлялі свае пэрспэктывы. Яны ехалі ў Штаты, у Канаду, у Вялікую Брытанію і без усялякай падрыхтоўкі рабілі вельмі хуткую кар''еру ў такіх галінах, як паслугі, абслугоўваньне, перавозкі.

Там няма такіх патрабаваньняў, як у нас, няма патрабаваньняў да адукацыі, ты можаш хутка вырасьці ад афіцыянта да мэнэджэра рэстарацыі. Зразумела, што нашых людзей гэта вельмі прываблівае, яны ведалі, што тут іх магчымасьці зарабляць грошы будуць абмежаваныя, а там яны маглі зарабляць вельмі шмат. І на жаль ня ўсе зь іх вярнуліся ў Беларусь.

Калі мы гаворым пра працоўную міграцыю ў Расею, яна таксама розная. Я б падзяліў на дзьве галоўныя часткі. Першая – гэта некваліфікаваная ці сярэднекваліфікаваная працоўная сіла, якая ў асноўным занятая на будоўлях, і другая частка – гэта людзі з высокай кваліфікацыяй і добрым практычным досьведам, сюды б я аднёс дызайнэраў, архітэктараў. Іх у Маскве працуе вельмі шмат, там ужо ёсьць цэлыя фірмы, якія ўладкоўваюць выключна беларусаў.

Я не лічу, што такая міграцыя працоўнай сілы зьяўляецца кепскай. Кваліфікаваныя людзі запатрабаваныя за мяжой, яны адкрытыя на прапанову, гатовыя выехаць. Але асаблівасьцю зьяўляецца тое, што выяжджаюць і людзі, у якіх няма пэрспэктываў, людзі сярэдняй кваліфікацыі. І менавіта яны працуюць у Расеі нелегальна, менавіта яны сутыкаюцца з вялікай колькасьцю праблемаў, пры якія мы зараз гаворым”.

(Дракахруст: ) “Анатоль Злотнікаў, я прывёў прыклад суседняй Польшчы, дзе рынкавыя рэформы праведзеныя даўно і значна больш пасьпяхова, чым у Беларусі. Але вось лічба – кожны другі малады паляк хоча паехаць з краіны на заробкі. У чым тут прычына? Вось меркаваньне польскага сацыёляга Анджэя Новака”.

А.Новак: "Нярэдка і ў Польшчы можна знайсьці працу, ня горшую, чым, прыкладам у Нямеччыне, але мы прызвычаіліся, што там усё ж напэўна будзе лепш".
(Новак: ) “Польшча мусіць перажыць своеасаблівую хваробу, калі палякі па інэрцыі лічаць, што ў іх у краіне горш, чым у Заходняй Эўропе. Так, маўляў, было і ёсьць. Нярэдка і ў Польшчы можна знайсьці працу, ня горшую, чым, прыкладам у Нямеччыне, але мы прызвычаіліся, што там усё ж напэўна будзе лепш. Калі мы будзем хутка разьвівацца, дык і палякі пачнуць вяртацца.

Польская эміграцыя не канчаецца такім абсалютным адрывам ад краіны, як было ў часы папярэдніх хваляў эміграцыі на заробкі. Ясна, матывацыя ва ўсіх адна – зарабіць і жыць лепш. Большасьць з тых, хто працуе за мяжой, выяжджаюць на кароткія тэрміны – месяц, два, альбо нават курсіруюць – тыдзень працы ў Нямеччыне, на выходныя – да дому. Некаторыя працуюць у Лёндане, а завочна вучацца ў Польшчы”.

(Дракахруст: ) “Спадар Злотнікаў, а які Ваш адказ на тле польскага досьведу на пытаньне, чаму беларусы едуць за мяжу працаваць дзесяткамі і сотнямі тысяч?”

А. Злотнікаў: "У Польшчы колькасьць турыстаў з Беларусі, у тым ліку і чаўнакоў, у 2000-2002 гадох перавышала мільён чалавек штогод. У 2004 годзе іх стала 97 тысяч".
(Злотнікаў: ) “Я згодны са Зьміцерам, што працоўная міграцыя беларусаў – гэта ня толькі адмоўная зьява. Працоўная міграцыя – гэта адлюстраваньне глябалізацыйных працэсаў, сёньня ў працоўнай міграцыі ў сьвеце задзейнічана 20 мільёнаў чалавек. Беларускія дасьледчыкі Ткачэнка і Арцюхін, праводзячы апытаньне мігрантаў, зафіксавалі, што у 80% (адсоткаў) апытаных матыў міграцыі – палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Другі матыў – пажыць у цывілізаванай краіне, гэтак адказалі прыкладна 40% апытаных. На трэцім месцы матыў – зарабіць капітал для сваёй працы.

З Расеяй ў нас склалася адзіная дэмаграфічная прастора, і шмат жыхароў, скажам, Бранскай вобласьці штодзень езьдзілі на працу ў Гомель. Потым яны пераяжджалі сюды, асядалі тут, але радня там заставалася. Роднасныя сувязі таксама адзін з чыньнікаў міграцыйных працэсаў.

У 90-я гады значная частка беларускай працоўнай міграцыі прыкрывалася турызмам. Гэта быў чаўночны бізнэс. У Польшчу колькасьць турыстаў з Беларусі, у тым ліку і чаўнакоў, у 2000-2002 гадох перавышала мільён чалавек штогод. У 2004 годзе іх стала 97 тысяч. Гэта зьвязана з пэўнымі абмежаваньнямі, уведзенымі польскім бокам.

Варта сказаць, што адметнай зьявай ёсьць працоўная міграцыя высокапрафэсійных людзей – навукоўцаў, выкладчыкаў, спартоўцаў. Зараз у сувязі з абвастрэньнем рэлігійных і этнічных праблемаў шмат у якіх краінах робіцца арыентацыя на прыцягненьня замежнай працоўнай сілы, якая культурна блізкая карэннаму насельніцтву, скажам, не мусульманаў, а хрысьціян”.

(Дракахруст: ) “Міхась Залескі, я ўсё ж не атрымаў поўнага адказу на сваё пытаньне. Я прывяду такую аналёгію. Калі ідзе размова пра працоўную міграцыю з Беларусі, то гаворыцца, што прычына – нізкі ўзровень жыцьця, кепскія матэрыяльныя ўмовы. Але тое самае гаворыцца, калі трэба патлумачыць нізкую нараджальнасьць у Беларусі, маўляў, беларускі мала нараджаюць, бо кепскія матэрыяльныя ўмовы жыцьця. Аднак нізкая нараджальнасьць мае мейсца і ў Польшчы, і ў Чэхіі, і Нямеччыне, дзе ўмовы жыцьця значна лепшыя, чым у Беларусі. І адначасна высокая нараджальнасьць назіраецца, скажам, у Аўганістане ці расейскай Чачні, якія жывуць у стане вайны і пра высокі дабрабыт там казаць не выпадае. Гэты параўнальны аналіз паказвае, што прычына нізкай нараджальнасьці ў Беларусі – ня толькі і нават ня столькі ў нізкім матэрыяльным узроўні. Дык можа тое самае справядліва адносна працоўнай міграцыі?”

М.Залескі: "Людзі едуць для таго, каб знайсьці тыя ўмовы канкурэнцыі асабіста для сябе, якіх ім не хапае на Бацькаўшчыне".
(Залескі: ) “Тут для мяне, як для анархіста, праблема, як і ва ўсіх іншых пунктах жыцьця, зьвязаная са свабодай. Людзі едуць для таго, каб знайсьці тыя ўмовы канкурэнцыі асабіста для сябе, якіх ім не хапае на Бацькаўшчыне. Я літаральна сёньня атрымаў e-mail ад знаёмай з Канады. Дзяўчына, якой тут мала што сьвяціла з-за яе падвышанай ініцыятыўнасьці і мабільнасьці, там за 5 гадоў і замуж выйшла, і дзяцей нарадзіла, і дысэртацыю абараніла, і ў міністэрстве транспарту працуе. Дай Бог ёй здароўя. І мноства людзей так.

А для іншага чалавека лепей тут. І калі браць, напрыклад, самога сябе, то я, працуючы за мяжой, ня рвуся туды пераяжджаць, таму што я не адчуваю ў сабе імпэту, каб там жыць на тых умовах.

Прычына таго, што беларусы едуць – яна ў тым, што тут цесна, што тут немагчыма рэалізаваць тыя здольнасьці, якімі валодае мноства людзей. І вось гэтыя 100 ці 200 тысяч чалавек, рэалізуюцца ў іншых краінах, а ня дома”.

Папрацаваць – ці назаўжды?

(Дракахруст: ) “Міхась, Вы сказалі: "Я ня рвуся туды пераяжджаць". Падчас нашых апытаньняў на вуліцах Менску і Гародні мы гэта чулі шмат ад каго: "Я б паехаў папрацаваць, але каб потым вярнуцца, бо тут я свой, а там не".

Паводле Вашых ацэнак якія суадносіны паміж колькасьцю тых, хто едзе назаўжды і колькасьцю тых, хто едзе папрацаваць, але каб потым вярнуцца? І як паводле гэтых суадносінаў беларусы выглядаюць на тле іншых нацыяў?”

М. Залескі: "Адзін з 10 чалавек, якія едуць пакаштаваць іншага хлебу, застаецца там".
(Залескі: ) “У гэтым пляне Беларусь мала адрозьніваецца ад іншых краінаў свайго рэгіёну – ад Скандынавіі, Польшчы, Вугоршчыны. Адзін з 10 чалавек, якія едуць пакаштаваць іншага хлебу, застаецца там. Застаюцца з розных прычынаў. Найчасьцей гэта зьвязана з кар''ерай альбо з сямейнымі абставінамі, ажаніўся чалавек ці замуж выйшаў, вось ён ужо і прыкіпеў да той зямлі.

Але я хацеў бы дадаць, што такое становішча, калі людзі застаюцца, зьвязана з легальнасьцю знаходжаньня. І тут я з Анатолем Злотнікавым хацеў бы паспрачацца. Я прыводзіў расейскія дадзеныя, а ня свой погляд на пытаньне. І паводле гэтых дадзеных 90% людзей з Беларусі працуюць у Расеі без адпаведнай рэгістрацыі, без гарантыяў, што імкліва крыміналізуе сытуацыю.

Расейцы лічаць, дзьве траціны беларускіх мігрантаў працуюць у "чорным" сэктары расейскай эканомікі – гэта поўная маргіналізацыя, адраджэньне прыгоньніцкіх формаў працы. Нагадаю апошнія лічбы, якія прывёў міністар унутраных спраў Расеі Нургаліеў у Гомлі: летась у Расеі беларусы зрабілі 1817 злачынстваў і ў той жа час 802 беларусы зрабіліся ахвярамі злачынстваў. Гэта значыць, што кожны дваццаты з тых, хто накіроўваецца на заробкі ў Расею, патрапляе ў вельмі непрыемную гісторыю.

Таму колькасьць расейцаў, якія пераяжджаюць ў Беларусь на сталае жыцьцё, большая, чым колькасьць беларусаў, якія пераяжджаюць на сталае жыхарства ў Расею”.

А.Злотнікаў: "Мы не адчуваем сябе ў Расеі нелегальнымі. А тое, што там бываюць, разборкі, дык хіба іх не бывае і тут сярод беларусаў?"
(Злотнікаў: ) “Я напачатку запярэчыў выснове Міхася, што 55-80 тысяч беларусаў нелегальна працуюць у Расеі. Яны легальна працуюць у адпаведнасьці зь беларуска-расейскімі пагадненьнямі. Беларусам у Расеі зараз ня трэба рэгістравацца, у адрозьненьні ад украінцаў, азэрбайджанцаў і іншых.

Мы не адчуваем сябе ў Расеі нелегальнымі. І нават калі правяраюць дакумэнты, у міліцыі да беларусаў стаўленьне іншае. А тое што там бываюць, разборкі, дык хіба іх не бывае і тут сярод беларусаў?”

(Залескі: ) “Вы блытаеце Боскі дар зь яешняй. Размова не пра рэгістрацыю ў краіне, а пра рэгістрацыю на працы”.

(Дракахруст: ) “Я, спадар Злотнікаў, хацеў сказаць тое самае. Справа ня ў тым, што беларусу ня трэба запаўняць міграцыйную карту. Справа ў тым, што беларус працуе ў Расеі ў "шэрым" сэктары эканомікі, ён не рэгіструецца, як працаўнік, ён ня плаціць падаткі, і адпаведна ня мае там юрыдычнай абароны як працаўнік”.

(Злотнікаў: ) “Так, такое мае месца, але ня толькі адносна беларусаў. Гэта зьвязана з тым, што наймальнік у Расеі заключае працоўную дамову на тэрмін большы, чым 6 месяцаў, то ён павінен плаціць за работніка значныя адлічэньні ў падаткі і сацыяльныя фонды. А яны гэта рабіць ня хочуць. Я ведаю шмат людзей, якія працуюць, скажам, кіроўцамі ў Маскве, някепска атрымліваюць. Праходзіць 6 месцаў – іх звальняюць. Ты можаш хоць заўтра паступаць на працу. Наймальнікі ня хочуць плаціць у бюджэт. А беларусы ня супраць, як ня супраць і грамадзяне іншых краінаў СНД”.

(Дракахруст: ) “Зьміцер Бабіцкі, а паводле Вашых ацэнак якія суадносіны паміж колькасьцю беларусаў, якія едуць за мяжу працаваць, і колькасьцю беларусаў, якія едуць за мяжу назаўсёды?”

З.Бабіцкі: "Кваліфікаваныя – гэта ў асноўным адукаваная моладзь, і трэба прызнаць, што калі яны выяжджаюць, то яны ў большасьці хочуць там застацца".
(Бабіцкі: ) “У мяне склалася адчуваньне, што адметнасьць Беларусі палягае ў тым, што ў нас ёсьць вялікая міграцыя некваліфікаванай рабочай сілы, усе гэтыя будаўнікі, кіроўцы, якія едуць працаваць у Расею. Я лічу, што такі чалавек мае менш шанцаў застацца там, чым чалавек кваліфікаваны. Кваліфікаваныя – гэта ў асноўным адукаваная моладзь, і трэба прызнаць, што калі яны выяжджаюць, то яны ў большасьці хочуць там застацца. А калі выяжджаюць людзі з нізкай кваліфікацыяй, яны маюць узрост ад 30 да 60 гадоў, яны маюць у Беларусі сем’і, яны неяк тут уладкаваліся і яны едуць проста зарабляць грошы. Гэтыя людзі ў большасьці не жадаюць заставацца ў Расеі ці ў якіх іншых краінах, у якіх яны працуюць.

Якія ўмовы працы беларусаў за мяжой і ад чаго яны залежаць? Шмат ў якіх гісторыях пра складаныя абставіны працы беларусаў, напрыклад, у Расеі важным чыньнікам з’яўляецца тое, што ў большасьці яны працуюць нелегальна, ня маючы фактычна аніякіх правоў і абароны”.

Калі б адкрылі заходнюю мяжу...

(Дракахруст: ) “Летась у Беларусі праводзілася апытаньне, дзе задавалася пытаньне – чаму б Вы аддалі перавагу: каб была адкрытая ўсходняя мяжа, але захоўваліся абмежаваньні на заходняй, як гэта мае месца зараз, ці лепш, каб была адкрытая заходняя мяжа за кошт закрыцьця ўсходняй. Тады больш за 50% выказаліся за першы варыянт, дзесьці каля чвэрці – за другі. Такім чынам і ў гэтым пытаньні перавага – за прыхільнікамі захаваньня цяперашняга стану рэчаў. Зразумела, у адказах на такое пытаньне ня ўсё вызначае пэрспэктывы працоўнай міграцыі, але яны і не апошнія. Зараз пераважная доля беларускай працоўнай міграцыі прападае на Расею.

Ці супадаюць вынікі гэтага дасьледаваньня з Вашымі дасьледаваньнямі, з Вашым досьведам – ці хацелі б Беларусі працаваць на Захадзе замест таго, каб ехаць працаваць у Расею? Зьміцер, Вам пытаньне”.

З.Бабіцкі: "У Латвію, Літву і Польшчу ўжо з вялікай ахвотай бяруць беларусаў, спрашчаюць для іх умовы. Яны аддаюць перавагу таму, каб прыцягваць нас, чым прадстаўнікоў мусульманскіх краінаў".
(Бабіцкі: ) “Фактараў тут шмат: гэта і адукацыя, і валоданьне мовамі. Сярод беларусаў, асабліва старэйшага пакаленьня, валоданьне мовамі вельмі слабае. І нават у Польшчу для чалавека паехаць часам праблема, у той час як у Расею могуць паехаць усе, бо ўсе зьяўляюцца носьбітамі расейскай мовы і ня маюць праблемаў з працаўладкаваньнем там. Іншы момант – гэта розныя візавыя рэжымы. У ЗША, у Эўропу выехаць вельмі цяжка менавіта з-за візавых патрабаваньняў. Таму я думаю, што калі б, па-першае, былі спрошчаныя візавыя патрабаваньні, а па другое на Беларусь ішло б ня толькі расейскае тэлебачаньне, але і якое іншае, то плынь мігрантаў у заходнія краіны і ў краіны Балтыі павялічылася б.

Наколькі я бачу, гэты час ужо набліжаецца, у Латвію, Літву і Польшчу ўжо з вялікай ахвотай бяруць беларусаў, спрашчаюць для іх умовы. Яны аддаюць перавагу таму, каб прыцягваць нас, чым прадстаўнікоў мусульманскіх краінаў”.

А.Злотнікаў: "Шмат краінаў дапамагаюць у лячэньні і адпачынку дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад Чарнобыля. І часта дзеці, якія выяжджаюць у заходнія краіны, там і застаюцца. Ёсьць шмат прыкладаў, калі дзеці спачатку там адпачывалі, потым ехалі працаваць, потым шлюбам пабраліся і засталіся".
(Злотнікаў: ) “Тыя палітычныя рашэньні, якія прымаюцца дзяржавай, перашкоды ці меры спрыяньня, безумоўна ўплываюць на міграцыю. Мяркую, што калі б абмежаваньні зьнялі, то міграцыя б павялічылася, асабліва сярод моладзі. Гэта самая дынамічная частка насельніцтва ў пляне міграцыі. Маладых цягне паглядзець сьвет, адчуць розьніцу ў жыцьці. Я б не зусім пагадзіўся з думкай, што людзі больш сталага веку маюць меней шанцаў. Моладзь, зразумела, лепш ведае мовы, больш адукаваная, але досьведу практычнай працы мае менш.

У мяне быў студэнт, якому давялося папрацаваць у ЗША. Ён там працаваў па 16-18 гадзінаў у дзень, моцна стамляўся. Ён потым вярнуўся і казаў: "Я паказаў, на што я здольны, я не "аблажаўся". Але жыць я там не хачу, хачу жыць у Беларусі. Грошы для мяне не галоўнае".

Важным фактарам міграцыі і працоўнай, і незваротнай зьяўляюцца і нашы постчарнобыльскія ўмовы. Шмат краінаў дапамагаюць у лячэньні і адпачынку дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад Чарнобыля. І часта дзеці, якія выяжджаюць у заходнія краіны, скажам, у Італію ці Ірляндыю, там і застаюцца. Ёсьць шмат прыкладаў, калі дзеці спачатку там адпачывалі, потым ехалі працаваць, потым шлюбам пабраліся і засталіся. Гэта натуральная зьява.

Я мяркую, што ў сучасным сьвеце міграцыя будзе расьці, у тым ліку і міжнародная працоўная міграцыя”.

(Дракахруст: ) “Міхась, а які Ваш погляд, калі б спрасьціліся ўмовы выезду на Захад,ці зьмяніла б свой вэктар гэтая хваля працоўнай міграцыі?”

М.Залескі: "Праз пэўны час Расея ўжо ня будзе мець той перавагі, якую мае зараз".
(Залескі: ) “Зьмяніла б, але не адразу. Як той казаў, што ні край, то звычай. І пакуль што звычай маскоўскі нашым людзям больш зразумелы, бо па ім савецкія норавы будаваліся. Але ўсё больш людзей авалодвае мовамі замежнымі, усё больш людзей цягнецца да сапраўднай эўрапейскай цывілізацыі і культуры, зьмяншаецца моўны бар''ер, зьмяншаецца культурны шок пры пераезьдзе. І таму праз пэўны час Расея ўжо ня будзе мець той перавагі, якую мае зараз”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG