Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Мэльхісэдэк


Уладзімер Арлоў, Менск Верасень 1878, в. Вітулін (Беласточчына) — 17.5.1931, Масква Яго сьвецкае імя — Міхаіл Паеўскі, а старазапаветнае, атрыманае пры пострыгу ў манахі, азначае “цар праўды”.

Напачатку царкоўная кар’ера айца Мэльхісэдэка складалася памысна. У 1906-м, у дваццаць восем гадоў, яму ўручылі жазло ігумена магілеўскага Брацкага манастыра. У трыццаць шэсьць ён ужо япіскап Таўрычаскі і архіяпіскап Астраханскі.

1919-ты стаў для ўладыкі Мэльхісэдэка часам вяртаньня ў Беларусь, дзе ён заняў пасаду япіскапа Менскага і Тураўскага. Баронячы правы праваслаўных, у занятым палякамі Менску ён дабіўся сустрэчы зь Юзафам Пілсудзкім, у размове зь якім, дарэчы, адхіліў прапанову ўзначаліць Польскую аўтакефальную праваслаўную царкву.

Абраны ў 1922 годзе мітрапалітам Менскім і Беларускім, Мэльхісэдэк зьвярнуўся да сьвятароў і вернікаў з пасланьнем, што адразу ўстрывожыла Маскву. Утварэньне БССР уладыка назваў падставаю для аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы, што ў пэрспэктыве павінна было прывесьці да яе аўтакефаліі. Апрача незалежніцкай лініі ў царкоўным жыцьці новаабраны беларускі ярарх адкрыта заявіў пра падтрымку нацыянальнага адраджэньня.

Ці трэба зьдзіўляцца, што ГПУ ўзяло ўладыку пад пільны кантроль, штотыдзень адпраўляючы справаздачы аб яго паводзінах маскоўскаму начальству. Неўзабаве ён апынуўся пад хатнім арыштам. Пакуль тое, пад патранатам бальшавікоў была створаная ляяльная да іх гэтак званая “абнаўленцкая царква”.

Мэльхісэдэк адмовіўся ад усялякіх кантактаў з “абнаўленцамі”. Улады адказалі антыцаркоўным судовым працэсам, інкрымінаваўшы нядобранадзейнаму мітрапаліту ўтойваньне ад дзяржавы царкоўных каштоўнасьцяў. Аднак было шырока вядома, што якраз ён ў свой час разаслаў па япархіі зварот з заклікам здаць усе каштоўнасьці, апрача сакрамэнтальных, чым выратаваў жыцьцё сотням беларускіх сьвятароў.

Працэс набыў непажаданы для ініцыятараў характар. Судзьдзі зь непрыхаваным страхам паглядалі на аблепленыя людзьмі вокны будынку, вакол якога ад раніцы зьбіраліся тысячы вернікаў. Урэшце справу спусьцілі на тармазах, і мітрапаліту прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Аднак радасьць ягоных прыхільнікаў была нядоўгай. Бальшавікі не даравалі, дый не маглі дараваць няскоранаму беларускаму ярарху. Мэльхісэдэка выклікалі ў Маскву і кінулі ў сумна знакамітую Бутырку, адкуль адправілі на пасяленьне ў Марыінск. У сібірскія маразы хворы на сухоты ўладыка мусіў выконваць цяжкую й ганебную працу – карміць сьвіней і выкідаць з хлявоў гной.

Пасьля вызваленьня ён імкнуўся вярнуцца ў Беларусь, але ў выніку зноў і зноў трапляў за краты. Абраньне Мэльхісэдэка ў Сынод Расейскай праваслаўнай царквы зусім не азначала, што стаўленьне да ўладыкі зьмянілася. Празь некалькі месяцаў яго напаткала загадкавая сьмерць пад час набажэнства ў адным з маскоўскіх сабораў.

Ужо даўно гучаць прапановы пра далучэньне Мэльхісэдэка да ліку беларускіх сьвятых. Зварот да Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы пра кананізацыю мітрапаліта прагучаў і са старонак прысьвечанай яму кнігі Тацяны Процькі “Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну”. Кніга выйшла дзесяць гадоў таму.

Сынод дагэтуль думае...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG