Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі немагчыма набыць айчынны кароткахвалевы прыймач?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аб’яднаньне “Гарызонт” спыняе вытворчасьць лічбавага прыймача, які працуе ў дыяпазоне кароткіх хваляў. Пры гэтым у Беларусі стала цяжка набыць якасную радыётэхніку іншых фірмаў, якая прымае кароткахвалевы сыгнал.

.

На сайце аб’яднаньня “Гарызонт” у разьдзеле “Радыёпрыймачы” дагэтуль рэклямуецца прыймач “Гарызонт РП-270”. ( Гэты ж прыймач фігуруе і пад назвай “Акіян РП-270”.) Там жа зьмешчаная інфармацыя, што гэта першы лічбавы прыймач на абшарах СНД, які можа працаваць на доўгіх, сярэдніх, ультракароткіх і кароткіх хвалях, мае памяць на 70 станцыяў ды іншыя выдатныя тэхнічныя паказчыкі. Але, аказваецца, рэклямаваць ужо фактычна няма чаго, прызнаў начальнік аддзелу рэклямы “Гарызонту” Алег Германенка.

(Германенка: ) “Гэты прыймач мы выраблялі летась і сёлета крыху вырабляем, але, паводле пляну, ён здымаецца з вытворчасьці. Мінулым годам выпусьцілі недзе 2 тысячы такіх прыймачоў, сёлета значна меней. Але гэтая мадэль ня можа канкураваць з маленькімі прыймачамі кітайскай вытворчасьці”.

У сталічным ГУМе мне прапанавалі адзіны прыймач, здольны працаваць на кароткіх хвалях. Гэта быў японскі “Саньё” кітайскай вытворчасьці, але ня лічбавы. Каштаваў ён 80 тысяч рублёў. “Наш лічбавы “Гарызонт РП-270” каштаваў 105 тысяч”, — згадала прадавачка аддзелу прымачоў гандлёвага дому “Гарызонт” у Менску.

(Прадавачка: ) “Мы іх не прадаем ужо, мусіць, два гады. Яшчэ мэханічныя, 245-я былі, а гэтых лічбавых 270-х ужо два гады як няма. Іх добра раскуплялі, там кароткія хвалі. Розныя дзядулі хочуць паслухаць Радыё Свабода і радыёстанцыю “Маяк”. Мы б іх з задавальненьнем прадавалі й далей, але завод не вырабляе і нам не пастаўляюць. І нам з-за гэтага дрэнна, бо дзядулі ходзяць і скардзяцца, што ня могуць нідзе набыць кароткахвалевага прыймача”.

Паводле адмыслоўцаў “Гарызонту”, у тым, што да мінімуму скарочаная вытворчасьць кароткахвалевых прыймачоў, няма ніякай палітыкі, гэта дыктуе рынак. На падставе дасьледаваньняў рынку Алег Германенка кажа, што трывалы попыт існуе толькі на прыймачы з FM-дыяпазонам, якія ў Азіі навучыліся вырабляць дастаткова якасна й прадаюць іх вельмі танна. Каб застацца на такім рынку, айчынным вытворцам радыётэхнікі даводзіцца шукаць свае нішы. На “Гарызонце” плянуюць замяніць мадэль “РП-270” магнітолай, у якой разам з прыймачом будзе CD-плэер.

А ці магчыма набыць добры айчынны прыймач з кароткімі хвалямі за межамі Менску? Журналіст Вінцэсь Мудроў з Наваполацку адмыслова вывучаў гэтую праблему.

(Мудроў: ) “Я цікавіўся гэтым пытаньнем і скажу, што ў крамах Наваполацку набыць такія прыймачы фактычна немагчыма. Як людзі выходзяць з гэтага становішча, незразумела. Відаць, рамантуюць старыя “Вэфы”, “Акіяны”, якія знайшлі недзе на антрэсолях.У асноўным усе прыймачы — японскай вытворчасьці з FM-дыяпазонам, а кароткахвалевых зусім няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG