Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Трусаў: "Трэба спыніць будаўніцтва ў Верхнім горадзе" (фота)


Ганна Соўсь, Менск У Верхнім горадзе падчас будаўніцтва Менскай духоўнай акадэміі ў раёне вуліцы Гандлёвай знойдзены падмуркі забудоў канца 16-га – пачатку 17-га стагодзьдзяў. Сёньня будаўнічую пляцоўку наведаў археоляг, вядомы дасьледчык муроўкі Алег Трусаў.

Са спадаром Трусавым я спускаюся ў глыбокі катлаван, на месцы якога павінен вырасьці Менскі духоўна-асьветны цэнтар. Разам з намі археолягі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Юры Заяц і Андрэй Вайцяховіч, якія вядуць археалягічны нагляд за будаўнічымі работамі. Алег Трусаў адразу зьвяртае ўвагу на адну з цэглаў падмурку, што адкрыўся пасьля таго, як бульдозэры выкапалі катлаван.

(Трусаў: ) “Рэнэсанс, 16-е стагодзьдзе. Гэта, мабыць, першая забудова Менску канца другой паловы 16-га стагодзьдзя”.

(Заяц: ) “Нават, можа, і пачатак 17-га стагодзьдзя”.

(Трусаў: ) “Слушна. Канец 16-га – пачатак 17-га. Але я ўсё ж датаваў бы 16-ым”.

Алег Трусаў уважліва разглядае ўсе падмуркі й робіць наступную выснову.

(Трусаў: ) “Мяркую, тут магчымы два варыянты. Што магло тут быць? Ніжняя частка нейкага жылога дому. Бо ў 16-ым стагодзьдзі й – асабліва – на пачатку 17-га ў Менску пачалі зьяўляцца цагляныя жылыя дамы. Прычым, вельмі часта ніжняе сутарэньне й першы паверх былі цагляныя, а другі паверх – драўляны. Магчыма, гэта падмурак – раз ён больш масіўны, чым астатнія, – нейкага культавага будынку. Можа, нейкі кляштар быў”.



Супрацоўнік Інстытуту гісторыі Юры Заяц зважае на наступную акалічнасьць.

(Заяц: ) “Я размаўляў з прарабам. Той кажа, што ўсё гэта будзе ўключана ў будынак галоўнага корпусу, і захаваецца пад лесьвіцай”.

(Трусаў: ) “Якім чынам яно захаваецца?”

(Заяц: ) “Папросту яны ня будуць гэта разьбіраць. Бачыце? – палямі агарадзілі. Гэта ўсе застанецца ўнутры. Пачысьцяць. Можа, падкансэрвуюць унутры”.

(Трусаў: ) “А тут раскопаў ніякіх не было. Усё бульдозэрам ускапалі…”



Алег Трусаў прапанаваў археолягам закласьці некалькі шурфоў, каб дасьледаваць культурны слой. Спадары Заяц і Вайцяховіч пагадзіліся: праўдападобна, на наступным тыдні гэтак і зробяць.



На думку вядомага археоляга, кандыдата гістарычных навук, аўтара дасьледаваньня “Старонкі мураванай кнігі” Алега Трусава, адпаведна з усясьветнай практыкай, цяпер трэба спыніць на пэўны час будаўнічыя работы й правесьці археалягічныя раскопы.

(Трусаў: ) “Ужо ясна, што пад слоем пасьляваеннага балясту пачаўся добры “культурны слой” 17-га, магчыма, канца 16-га стагодзьдзя. Робіцца раскоп да матэрыка, усе экспанаты вымаюцца. Потым зьбіраецца спэцыяльная камісія, якая вырашае лёс гэтых падмуркаў. Гэтак рабілася нават у савецкія часы. Усё залежыць цяпер ад актыўнасьці археолягаў Акадэміі навук і ад прадстаўнікоў праваслаўнай царквы”.



Пра пазыцыю беларускай праваслаўнай царквы, а таксама прадстаўнікоў Упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры што да археалягічынх знаходак у Верхнім горадзе – слухайце на хвалях “Свабоды” на наступным тыдні. А заўтра ў перадачы “Дом літаратара” свае меркаваньні на гэты конт выкажуць намесьнік старшыні Менскага гарадзкога таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў, былы галоўны дзяржаўны інспэктар у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга й кандыдат гістарычных навук, археоляг Алег Трусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG