Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні Альбом: "дыплямат"


Вінцэсь Мудроў, Полацак Калі я вучыўся на апошніх курсах інстытуту, францускае слова “дыплямат” набыло новае сэнсавае значэньне. Ім сталі называць прастакутную, восем сантымэтраў шырынёй, валізку. Немудрагелістая рэч. Па-сутнасьці, абцягнутая дэрмацінам фанэрная скрынка. А дэфіцыт страшэнны.

У нас на курсе быў у аднаго, дык сябры-вяскоўцы прасілі пазычыць на час вакацыяў: каб прайсьціся з форсам па роднай вёсцы. Фарсілі, праўда, нядоўга, бо ўгледзелі, што ва ўжытковым пляне “дыплямат” нікуды ня варты. Пляшку ў яго не ўпіхнеш, бохан хлеба таксама. Пачак пяльменяў, каб пстрыкнуў замок, трэба з двух бакоў сплюшчыць. Ну не насіць жа ў ім, сапраўды, канспэкты з падручнікамі? І толькі праз колькі гадоў, адгукаючыся на просьбы студэнцтва, у продажы зьявіліся шырокія плястмасавыя “дыпляматы”, у якіх свабодна зьмяшчаліся ня толькі паўлітроўкі, але й “фугасы” ёмістасьцю 0,7 літраў.

Першыя дэрмацінавыя дыпляматы каштавалі 12 рублёў. Па іх езьдзілі ў Маскву і Рыгу. Потым зьявіліся за 18, нарэшце, за 36 рублёў. Апошнія былі з фактурнага скурзаму, з абабітымі мэталёвымі бляшкамі кутамі і з двума замкамі. Яны ўжо вольна прадаваліся ў аддзелах галянтарэйных тавараў. Дзеля саліднасьці ў верхні кут налеплівалі каляровы знак якой-небудзь заходняй фірмы. Існавалі культавыя рэчы, якія, у нашым разуменьні, можна было насіць толькі ў “дыплямаце”. Напрыклад, кружэлкі біт- і рок-гуртоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG