Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нясьвіжы пачалася рэканструкцыя Слуцкай брамы


Вячаслаў Кулік, Менск Старажытны помнік Нясьвіжа – Слуцкая брама, збудаваная яшчэ ў 16-м стагодзьдзі, будзе адноўленая ў першапачатковым выглядзе.

Былыя гарадзкія вароты Нясьвіжа – Слуцкую браму -- вобразна называюць бабуляй у вясельным убраньні. Як кажа карэнны месьціч Казімер Чыркун, лічыцца добрым, калі парачкі маладых не мінаюць яе 10-мэтровы калідор:

(Чыркун: ) “Так павялося. Я гэтак рабіў таксама. Жаніўся ў Нясьвіжы і на лёс не крыўдую. Чатырох унукаў дачакаўся”.

Беларускі гісторык Алег Трусаў нагадвае, што ў Нясьвіжы некалі, акрамя Слуцкай былі яшчэ тры брамы: Клецкая, Віленская і Замкавая. “У Беларусі, як удакладняе суразмоўца, такія збудаваньні былі тыповыя:

(Трусаў:) “У палове 16-га стагодзьдзя на Беларусь прыйшоў новы стыль рэнэсанс. Ён прынёс з Італіі сыстэму бастыённых умацаваньняў. У гэты час большасьць беларускіх гарадоў была абнесеная землянымі валамі. А ўваходы між валоў уяўлялі вялікія каменныя вежы – брамы. На жаль, засталося іх вельмі мала. Самая знакамітая – гэта славутая Вострая брама ў Вільні. На Беларусі, акрамя Слуцкай брамы, такіх практычна не засталося”.

Са словаў Алега Трусава, цяпер архітэктурны помнік далучаны ў ахоўны Сьпіс ЮНЭСКА разам зь іншымі каштоўнасьцямі Нясьвіжу. Паводле дырэктара гісторыка-культурнага музэю-запаведніку “Нясьвіж” Валеры Сталярчука, статус спадчыны ўсясьветнага значэньня абавязвае аднаўляць яго ў першапачатковым выглядзе:

(Сталярчук: ) “Праект рэканструкцыі ўзгоднены зь управай Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Усяго нам трэба асвоіць каля 210 мільёнаў рублёў”.

Валеры Сталярчук таксама паведаміў, што на двух паверхах Слуцкай брамы будуць замененыя дзьверы, лесьвіцы і вокны. Былыя памяшканьні для аховы і мытні будуць адкрытыя для наведнікаў. Як і раней тут будзе каталіцкая капліца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG