Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Мікола Цэлеш (25.7.1900, в. Зазер’е, Барысаўшчына — ?)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

“Бацька мой — Яўхім, маці — Барбара, абодвы — сяляне. У 1911 годзе скончыў вясковую школу. Настаўніца Ўладзіслава (пазьней жонка Янкі Купалы) дамаглася, каб мяне аддалі ў “Вышеначальное училище” за 17 вёрстаў...” Так пачынае Мікола Цэлеш жыцьцяпіс, зьмешчаны ў ягонай кнізе “Хмары над Бацькаўшчынай”, якая пабачыла сьвет у Нью-Ёрку ў 1995-м, калі аўтар ужо ня мог падпісаць яе сябрам і знаёмым.

Да 2-й усясьветнай вайны Цэлеш стала жыў у Менску, працаваў у часопісе “Паляўнічы Беларусі”, пасьпеў выдаць чатыры кніжкі прозы, першую зь якіх рэдагаваў Міхась Чарот.

Далейшы шлях Міколы Цэлеша густа ахутаны таямніцаю. Паводле адных зьвестак, ён на пачатку ваеннага ліхалецьця быў разам зь сям’ёю арыштаваны гестапа і вывезены ў Нямеччыну, паводле іншых — выехаў на Захад у 1944-м. Празь пяць гадоў пісьменьнік пасяліўся ў Нью-Ёрку, але трывалай сувязі зь беларускай эміграцыяй не падтрымліваў. Прычынаў было дзьве: замкнёны характар і кантакты з Максімам Танкам, якому Цэлеш нібыта дасылаў свае творы для публікацыі ў савецкім друку.

Апрача дынамічных, з добра распрацаваным сюжэтам апавяданьняў і нарысаў, яго пяру належалі таксама прафэсыйныя пераклады з вугорскай і ідыш. Але ў СССР наўрад ці маглі друкаваць аўтара, героі якога пакутвалі ў менскай “амэрыканцы” й калымскіх лягерах ды складалі вершы кшталту вось гэтага:

Усе чатыры стораны Для цябе адкрыты... Прыляцелі вораны, І кол ў магілу ўбіты...

З словаў жонкі Цэлеша вядома, што ў 1976-м пісьменьнік аднойчы не вярнуўся дадому, пасьля чаго ніхто ня бачыў яго ні жывым, ні мёртвым.

“Яшчэ адзін згублены для Бацькаўшчыны працаўнік, добразычлівец, патрыёт і пісьменьнік”,— напісаў пра яго ў сваіх успамінах дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG