Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух “Хэзбала” ў Лібане: перадгісторыя й мэты


Юры Дракахруст, Прага Адзін з удзельнікаў, а магчыма й завадатараў цяперашняга канфлікту на Блізкім Усходзе – ісламскі рух “Хэзбала”. Што гэта за рух, якая яго перадгісторыя, у чым яго мэты?

“Хэзбала” на арабскай азначае “партыя Бога”. Гэтая вайсковая і палітычная арганізацыя ўзьнікла на пачатку 1980-х гадоў. Было шмат чыньнікаў яе стварэньня. Адзін зь іх – зьмены ў шыізьме – галіне ісламу, якія знайшлі сваё адлюстраваньне ў ісламскай рэвалюцыі ў Іране 1979 году. Іран ад пачатку быў і ўзорам, і натхняльнікам “Хэзбалы”. Яшчэ адным матывам яе стварэньня стала ізраільская апэрацыя ў Лібане ў 1982 годзе і акупацыя Ізраілем поўдня Лібану. Спыненьне акупацыі было галоўнай тактычнай мэтай “Хэзбалы”, і рух дасягнуў свайго – у 2001 годзе Лібан пакінуў апошні ізраільскі салдат.

Стратэгічная мэта “Хэзбалы” – ператварэньне Лібану ў тэакратычную дзяржаву кшталту Ірану і зьнішчэньне Ізраілю. Менавіта зьнішчэньне – “Хэзбала” не прызнае права Ізраілю на існаваньне ні ў якіх межах. Але што да палітыкі ўнутры краіны, тут “Хэзбала” дэманструе пэўную гнуткасьць: цяпер яна ўдзельнічае ў парлямэнцкіх выбарах, яе прадстаўнікі ўваходзяць ва ўрад. Паколькі палітыка ў Лібане носіць выразна канфэсійны характар, а шыіты складаюць траціну насельніцтва, то шыіцкая “Хэзбала” мае вялікую палітычную вагу. Прынамсі, рух мае свой тэлеканал.

У гэтыя дні “Хэзбала” абстрэльвае Ізраіль з “Кацюшаў”. 12 ліпеня ваеўнікі “Хэзбалы” забілі 8 ізраільскіх салдатаў і двух узялі ў палон. У 1983 годзе людзі, зьвязаныя з “Хэзбалой”, учынілі выбух казармаў амэрыканскай марской пяхоты ў Бэйруце, у выніку чаго загінуў 241 амэрыканскі салдат. У 2004 годзе Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая патрабуе раззбраеньня ваенізаваных груповак усіх палітычных сілаў Лібану. “Хэзбала” ігнаруе гэтае рашэньне. Захапіўшы ў палон ізраільцаў, “Хэзбала” хоча абмяняць іх на сваіх байцоў, якія ўтрымліваюцца ў ізраільскіх турмах.

Палітыкі і экспэрты гавораць аб шчыльных сувязях паміж “Хэзбалой” і Іранам ды Сырыяй. Тэгеран адмаўляе, што дае “Хэзбале” вайсковую дапамогу, хаця й не хавае, што яго сымпатыі на баку “Хэзбалы”. Раней іранскія вартавыя ісламскай рэвалюцыі адкрыта ўдзельнічалі разам з “Хэзбалой” у вайсковых апэрацыях у Лібане. Паводле зьвестак ізраільскага ўраду, іранскія вайскоўцы й цяпер прысутнічаюць у Лібане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG