Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вельмі хацелася б, каб таленавітыя адвакаты дапамаглі Аляксандру Казуліну пазьбегнуць турмы”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 12 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Судовы перасьлед былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, працэс над якім пачаўся на мінулым тыдні ў Маскоўскім судзе Менску, — адна з асноўных тэмаў пошты “Свабоды” ў апошнія дні.

Наша слухачка Галіна Яўменава з Магілёва ліст даслала ў разьліку на тое, што яго нейкім чынам здолее пачуць зьняволены палітык. Зьвяртаючыся да Аляксандра Казуліна, спадарыня Галіна піша:

“Да вашага зьяўленьня на тэлеэкране я нават уявіць сабе не магла, што ў Беларусі ёсьць такія адважныя й разумныя людзі. Я ніколі не галасавала за Лукашэнку, паколькі лічыла яго даволі хітрым чалавекам. Гэта — галоўная якасьць, з дапамогай якой ён трапіў у крэсла прэзыдэнта Беларусі. Асноўным вынікам ягонага прэзыдэнцтва я лічу тое, што Беларусь страціла дванаццаць гадоў у сваім разьвіцьці. І, на жаль, працягвае губляць магчымасьці. Вельмі шкада, што ўладзе ўдалося схапіць вас. У турме вас трымаюць незаконна — гэта зразумела кожнаму, хто здольны аб’ектыўна ацэньваць падзеі ў Беларусі. Пачула, што вам можа пагражаць да шасьці гадоў турмы. Гэта жахліва й несправядліва. Вельмі хацелася б, каб таленавітыя адвакаты на судовым працэсе дапамаглі вам пазьбегнуць такой долі. Я і многія іншыя людзі, зь якімі даводзілася размаўляць у гэтыя дні, шчыра падтрымліваем вас і жадаем выйсьці пераможцам у гэтым нялёгкім змаганьні”.

Ведаю, спадарыня Галіна, што вашы пачуцьці, перажываньні й пажаданьні падзяляюць вельмі многія людзі ў Беларусі, якія сочаць за судом над Аляксандрам Казуліным, якія ў свой час галасавалі за яго на прэзыдэнцкіх выбарах, якія хочуць бачыць сваю дзяржаву дэмакратычнай і cвабоднай.

Іншая рэч, што спадзяваньні на таленавітых адвакатаў у гэтым выпадку наўрад ці апраўданыя. Ва ўмовах, калі ў дзяржаве няма незалежнай судовай сыстэмы, магчымасьці нават самых вядомых прафэсійных адвакатаў у палітычных працэсах вельмі абмежаваныя. За апошняе дзесяцігодзьдзе было шмат сьведчаньняў таму — калі судзілі Міхаіла Чыгіра, Андрэя Клімава, Міхаіла Марыніча, Васіля Ляонава і многіх іншых апазыцыйных палітыкаў.

Наступны ліст — ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“Выйшаў я неяк са сваёй хаты на вуліцу — чую, сыгналіць машына. Спынілася. Выйшлі зь яе хлопцы і просяць: “Людзі добрыя, купіце курэй. А то так дагаспадарыліся, што на птушкафабрыцы зарплаты ня могуць выплаціць. Вось паслалі нас па вёсках езьдзіць ды гандляваць…” Давялося дапамагчы хлопцам хоць на 20 тысяч. Высьветлілася, што машына — зь Менскай вобласьці. “Усе нашы работнікі так гандлююць”, — паведамілі хлопцы. Нешта няладнае ў нашай гаспадарцы, калі такое адбываецца. Мільёны дзяржава выкідае на ня самыя патрэбныя рэчы, а тое, што сапраўды неабходна людзям — у заняпадзе.

Вось, напрыклад, у якім стане ў нас мэдыцына? У раёнах мэдычнае абсталяваньне — пяцідзесяцігадовай даўніны. Асабліва зубапратэзныя кабінэты. Толькі ўставіў зубы — праз год выпалі, зноў мяняй. …Увогуле, асабіста я адчуваю, што нам трэба рыхтавацца да цяжкіх часінаў. Разьлічваць на тое, што нехта з-за мяжы вырашыць нашы праблемы, асабліва не выпадае. Захад будзе заставацца назіральнікам, бо пакуль сам народ ня будзе гатовы да пераменаў — нічога ня зробіш. Павінна адбыцца так, як ва Ўкраіне. Я ганаруся тым, што быў удзельнікам кіеўскага Майдану. Гэта быў вялізны народны ўздым, усплёск, яднаньне людзей, якія мкнуцца да свабоды. Але ці адбудзецца ў нас так калі-небудзь?”

Сёньняшнія беларускія ўмовы ня надта падобныя на тыя, што былі паўтара году таму ва Ўкраіне, спадар Сац. Іншая сыстэма ўлады, іншае становішча апазыцыі, іншая сытуацыя са свабодай мэдыяў і грамадзкіх пратэстаў… Як вынік, менская Кастрычніцкая плошча ў сёлетнім сакавіку мела ня надта шмат агульных рысаў з кіеўскім майданам Незалежнасьці, якім той быў у лістападзе 2004-га. Магчыма, у Беларусі й ня будзе свайго Майдану, а зьмена ўлады адбудзецца якім-небудзь іншым чынам. Адно пэўна (і тут вы, спадар Сац, безумоўна, маеце рацыю): гэтых зьменаў павінна жадаць большасьць самога беларускага грамадзтва.

Аўтар наступнага ліста — Віктар Буто зь Менску. Шматгадовае змаганьне з чыноўнікамі за правы “чарнобыльца”-ліквідатара схіляе слухача да невясёлых высноваў і роздуму:

“Незаконна альбо несправядліва пакрыўдзіць добрага працаўніка і прыстойнага грамадзяніна ў нас можа нават самы дробны чыноўнік. А ўсё таму, што дамагацца абароны сваіх правоў і пакараньня начальніка-крыўдзіцеля ў беларускіх умовах — гэта цяжкая, небясьпечная й вельмі няўдзячная праца. Ахвяры не даюць дазволу на пікетаваньне ля ўваходу ў той будынак, дзе яе зьняважылі й прынізілі. Не запісваюць на асабісты прыём да вышэйшых службовых асобаў. Гадамі й нават дзесяцігодзьдзямі не даюць дакумэнтаў, альбо копіяў дакумэнтаў, якія табе патрабуюцца дзеля таго, каб адстаяць свае правы. Я пераканаўся, што многія чыноўнікі ў Беларусі пазбавіліся ад адказнасьці за свае дзеяньні перад уладай, і не адчуваюць ніякіх абавязкаў перад грамадзянамі. Пры гэтым яны прыкрываюцца словамі пра незалежнасьць ды іншымі гучнымі, але пустымі выказваньнямі”.

Адметна, спадар Буто, што пры гэтым у Беларусі на самым высокім дзяржаўным узроўні абвешчаная кампанія барацьбы зь бюракратызмам і фармалізмам. І трэба прызнаць: ёсьць прыклады, калі рознага кшталту начальнікі, дзейнасьцю якіх асабліва незадаволенае насельніцтва і піша з гэтай нагоды шмат скаргаў у розныя інстанцыі, падчас гэтай кампаніі сур’ёзна пацярпелі.

Але ў цэлым уся бюракратычная сыстэма ў Беларусі пабудаваная так, што змагацца зь ёй і перамагчы ў гэтым змаганьні шараговаму грамадзяніну надзвычай складана. Калі на Захадзе чалавек, не задаволены рашэньнем якога-небудзь чыноўніка, зьвяртаецца ў суд, то ў Беларусі ў аналягічнай сытуацыі грамадзянін можа разьлічваць толькі на добрую волю й ласку вышэйшага начальства. Многіх людзей такая сыстэма ператварае ледзь не ў прафэсійных скаржнікаў, суцяжнікаў, якія гадамі й дзесяцігодзьдзямі бясплённа ходзяць са сваімі скаргамі па шматлікіх установах і кабінэтах, і ўрэшце да такой ступені раздражняюць начальнікаў сваёй настойлівасьцю, што, здараецца, на высокім адміністрацыйным узроўні прымаюцца адмысловыя рашэньні: на скаргі й звароты гэтага грамадзяніна не рэагаваць. Пра грамадзянскія правы такіх людзей згадкі ў такіх дакумэнтах няма.

Адзін з такіх людзей, што падпалі пад гнеў і раздражненьне высокага начальства праз сваю настойлівасьць — былы настаўнік, інвалід Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Свае камунальныя праблемы стары настаўнік спрабуе вырашыць ужо дзесяць гадоў — і безвынікова. Жыве ён разам з калегамі ў васьмікватэрным настаўніцкім доме пры школе. Камунальныя беды для іх пачаліся ў далёкім ужо 1995 годзе. Цытата зь ліста:

“З надыходам восеньскіх халадоў спачатку, як у нас бывае, выйшла з ладу водазаборная сьвідравіна. А пазьней размарозілі ўсе батарэі ў школе. Лічы, усю зіму былі безь цяпла. Тым, хто пасьпеў змайстраваць печку, было лягчэй. А мне... Вада ў вядры ў кватэры перамярзала. Тройчы я наведваў адміністрацыю прэзыдэнта і Саўмін. Усё марна: там мае скаргі прапускалі міма вушэй. А ў райвыканкаме, каб зручней было адгаворвацца, склалі паперу, што ў маёй кватэры нібыта як “очаг обогрева” ўладкаваныя дзьве мэталічныя печкі. Былы старшыня райвыканкаму Віктар Будрэвіч называў іх “душагрэйкамі”. Гэта звычайныя печкі-“буржуйкі”. Але ніякага іхнага ўладкаваньня не было. Неяк прынесьлі са школы такую печку, паставілі ў кутку кватэры і пра ўладкаваньне забыліся”.

Далей у сваім лісьце настаўнік-пэнсіянэр Іван Цімафейчык падрабязна апісвае, як доўгі час гэтую печ не маглі змантаваць, як нарэшце змантавалі, але няправільна вывелі комін праз вэнтыляцыйныя шахты, у выніку чаго парушылася вэнтыляцыя, і ў кватэры стала занадта вільготна, сыра.

“З гэтай прычыны ў мяне пастаянныя бранхіты. І куды я толькі ні зьвяртаўся: у адказ — адны адпіскі. Скончылася ўсё тым, што губэрнатар Гарадзенскай вобласьці Саўчанка выдаў адмысловае распараджэньне ад 29 сьнежня мінулага году: на мае звароты не рэагаваць. Вось ён, клопат пра інвалідаў і састарэлых”.

Разам зь лістом Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну даслаў фатаздымкі свайго шматпакутнага жытла. Уражваюць у іх ня столькі брудныя пацёкі вільгаці на столі й сьценах, колькі выгляд мэталічнай печкі-буржуйкі ў інтэр’еры цеснай кухні тыпавога шматкватэрнага дому. Шматмэтровы комін печкі вужакай агінае ўсё памяшканьне й хаваецца ў адтуліне вэнтыляцыі. І гэта — у ХХІ стагодзьдзі, у сучаснай беларускай вёсцы, у якой нават трыццаць і сорак гадоў таму гэтыя дамы будавалі, прадугледжваючы ў іх сыстэмы цэнтральнага ацяпленьня й каналізацыі. Атрыбут галечы і грамадзянскай вайны зрабілі нормай. А чалавека, які імкнецца даказаць абсурднасьць, ненармальнасьць такой сытуацыі, запісалі ў суцяжнікі й на ўзроўні кіраўніка вобласьці забаранілі рэагаваць на ягоныя звароты й заявы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG