Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Адамовіч.26.6.1909, Менск — 12.6.1998, Нью-Ёрк


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Дзякуючы свайму дзядзьку, які выпісваў “Нашу Ніву”, менскі хлопчык Антось Адамовіч пазнаёміўся зь беларускім друкаваным словам вельмі рана. Ужо ў малодшых клясах ён разам зь сябрам заснаваў нелегальную суполку КРЫЮГ — Крыўская Юнацкая Грамада. Ягонымі наступнымі прыступкамі ў школе нацыянальнае сьвядомасьці былі: славутая Беларуская хатка, якой кіраваў Яўхім Кіпель; потым Пэдагагічны тэхнікум імя Ўсевалада Ігнатоўскага і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

У 1927-м Антон стаў сябрам літаратурнага згуртаваньня “Ўзвышша”, створанага Ўладзімерам Дубоўкам, Кузьмом Чорным, Зьмітраком Бядулем ды іншымі тады ўжо амаль мэтрамі прыгожага пісьменства. Побач з старэйшымі паплечнікамі 18-гадовы Адамовіч ня чуўся пачаткоўцам. Ужо праз год ён надрукаваў манаграфію аб творчасьці Максіма Гарэцкага, якую лічыў фактычным пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасьці.

Але грымнулі падзеі 1930 году: па справе “Саюзу Вызваленьня Беларусі” (СВБ) ГПУ арыштавала 108 чалавек. Дарэчы, канчатковага адказу на пытаньне — прыдумалі гэтую арганізацыю “органы” ці рэальныя парасткі супраціву ўсё ж існавалі? — дагэтуль няма. Паэт Міхась Кавыль пісаў ва ўспамінах пра сябе й сяброў: “Гэта былі неаглядныя мройнікі... Паверыўшы незваротнасьці сталінскай беларусізацыі, кінуліся гуляць з агнём. Чаго вартая хоць такая дурніца, якая, бадай, паслужыла ГПУ... Не памятаю, хто дадумаўся “перахрысьціць” СВБ, напісанае на значку Саюзу ваяўнічых бязбожнікаў, на Саюз Вызваленьня Беларусі. І кансьпірацыю прыдумалі: насіць значок не на штрыфелі пінжака, а пад штрыфелем”.

Аднак арышты й прысуды за гэтыя гульні былі сапраўдныя. Адамовіч вярнуўся з высылкі ў Расею толькі ў 1938-м.

У часе нямецкай акупацыі ён уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага навуковага таварыства, працаваў у рэдакцыі “Менскай (Беларускай) газэты”. Тады ім быў напісаны вядомы мастацкі твор “Каханы горад”, жанр якога Адамовіч вызначыў як “завязка раману”. Штуршком да яго нараджэньня былі ўражаньні ад дэманстрацыйнага, “сьвяточнага” і па-барбарску бязьлітаснага бамбардаваньня савецкай авіяцыяй пазбаўленага ўсялякіх ваенных аб’ектаў Менску ў ноч на 1 траўня 1943 году. У пасьляваенныя гады Антон Адамовіч рэдагаваў эміграцыйныя выданьні, у тым ліку газэту “Бацькаўшчына” і часопісы “Сакавік” і “Конадні”. Ён быў адным з стваральнікаў Мюнхэнскага інстытуту вывучэння СССР і кіраўнікоў беларускай службы Радыё Свабода.

Найбольш значныя літаратуразнаўчыя і гістарычныя свае працы ён напісаў у Нямеччыне і ЗША: “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” (1956), “Бальшавізм на шляхох устанаўленьня кантролю над Беларусьсю” (1954), “Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі” (1956)... У апошніх зробленая выснова, што бальшавіцкая ідэалёгія ня мела на беларускай зямлі каранёў і не карысталася тут падтрымкаю народу.

Сапраўднымі помнікамі Адамовічу-літаратуразнаўцу сталі выдадзеныя ўжо ў XXI стагодзьдзі ў Нью-Ёрку і Менску ягоныя кнігі: “Творы” (2003) і 1500-старонкавы зборнік “Да гісторыі беларускае літаратуры” (2005).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG