Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: водгукі Зьм.Дашкевіча, В.Саўчанкавай


Радыё Свабода У аўторак 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Са зьместам кнігі, якая існуе пакуль ў электронным выглядзе, пазнаёміліся некаторыя чытачы, удзельнікі падзеяў.

Зьміцер Дашкевіч, удзельнік намётавага лягеру, лідэр маладафронтаўцаў:

“На Плошчы пачала фармавацца новая палітычная эліта Беларусі”

“Вельмі добрае выданьне, я рады, што пачынае зьяўляцца літаратура пра падзеі таго часу. Гэта добрая кніга, у якой разгорнутыя меркаваньні як журналістаў і ўдзельнікаў тых падзеяў, гэтак і людзей староньніх, што ўзаемадапаўняе адно аднаго і робіць дадзеную кнігу цікавай.

Самая галоўная выснова, якую я вынес з падзеяў, што адбываліся 100 дзён таму, гэта тое, што беларуская моладзь здолела ня толькі ўдзельнічаць у рэалізацыі палітычных рашэньняў, як гэта было ў мінулыя прэзыдэнцкія, парлямэнцкія выбары, але моладзь навучылася браць на сябе адказнасьць у фармаваньні гэтых рашэньняў. Як паказалі тыя падзеі, менавіта новае пакаленьне беларускай палітыкі ўзяло на сябе адказнасьць за краіну і бараніла Беларусь.

На Плошчы ў сакавіку ў Беларусі пачала фармавацца новая палітычная эліта, здольная браць на сябе адказнасьць, здольная ахвяравацца і ісьці да апошняга”.

Валерыя Саўчанкава, удзельніца намётавага лягеру, студэнтка БДУ:

"Плошча была толькі адпраўным пунктам. Яна толькі яшчэ больш аб’яднала людзей."

“Кніга надзвычай важная, таму што гэта шчыры аповед, запісаны са словаў сьведкаў – людзей, якія гэта рэальна перажылі. Чым яна нам усім можа дапамагчы? Паколькі ў нас існуе інфармацыйная блякада ў краіне, нашыя сябры нейкім чынам могуць прачытаць яе самі, параіўшы пры гэтым яе прачытаць сваім сябрам. І ўрэшце гэта пэўным чынам можа паўзьдзейнічаць на людзей, якія нават досыць далёкія ад гэтай тэматыкі.

Кніга актуальная, таму што Плошча была толькі адпраўным пунктам. Яна толькі яшчэ больш аб’яднала людзей, якія не спыняюцца, якія разгортваюць рух супраціву. І для нашай будучыні, для нашых дзяцей, я лічу, гэта таксама будзе важна. Таму што гэта частка гісторыі і нашыя нашчадкі павінны ведаць сапраўдную гісторыю, а не тую, якую спрабуюць за нас дзесьці зрабіць.

Тады, можа, яны адчуюць гонар за свой народ, за сваю Бацькаўшчыну, што, спадзяюся, прывядзе да чагосьці добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG