Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доля ў разуменьні беларусаў (перадача другая)


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна Эфір 15 чэрвеня 2006 году

(Вячаслаў Ракіцкі:) “Чалавек жыве ў калектыве. Хай сабе ён адзін і імкнецца да абсалютнай аўтаноміі, але ўсё адно ён істота сацыяльная. І схавацца няма як і куды. Цывілізацыя, праўда, добра папрацавала на тое, каб яшчэ больш паглыбіць гэтую аўтаномію, але ж сетка тых нітак, што лучыць чалавека зь іншымі, усё такая ж густая. Між тым архаічны соцыюм паўставаў для сваіх шарагоўцаў ня толькі як супольнасьць эканамічная ці грамадзкая, але і як скарбніца, уладар калектыўнай долі. Мінулым разам мы падалі долю грамады як апэльсін – адзінае цэлае, што складаецца з асобных долек – доляў асобных індывідаў.”

(Тацяна Валодзіна:) “У сыстэме традыцыйных паглядаў доля – гэта пэўная частка дабрабыту, выдзеленая з агульнага, належнага ўсяму соцыюму шчасьця. Да таго ж кожны чалавек мае долю сваю, толькі яму належную, вылучаную Богам ці замоўленую ў яго сваякамі. Між тым цягам жыцьця доля мусіць пэўным чынам карэктавацца ці паднаўляцца. Сама логіка паказвае, што нараджэньне кагосьці ці сьмерць мусяць выклікаць пераразьмеркаваньне той агульнай калектыўнай долі. Канкрэтна гэта можна назіраць на сымбалічным атаясамленьні долі і хлеба, ежы. Мо, таму ёсьць і аб’ектыўныя прычыны, бо калісь доля кожнага і сапраўды вымяралася неабходнай яму колькасьцю харчаваньня.”

(Ракіцкі:) “Напачатку давайце канкрэтызуем, што ж укладвалі продкі беларусаў у само паняцьце “доля”?”

(Валодзіна:) “Доля можа быць добрая або лiхая, шчасная цi няшчасная, горкая, сьлезавая. Сярод розных “добрых” доляў найбольш важныя тры — «хлебавая», «грашавая» i «вянчальная», што азначала матэрыяльны дабрабыт i сямейнае суладзьдзе. Згадваюцца таксама долi «збожжавая», «багатырская», «свабодная», «здаравейка». У беларускiх праклёнах чалавеку маглі зычыць благой долі: «Каб табе лiхая доля!», «Хай яму горкая доля, як ён мяне напалохаў!» ды iншае. Такiм чынам, доля ўяўлялася амбівалентнай, магла быць добрай i благой.”

(Ракіцкі:) “Нездарма ж мы, як патрапім у які скрут, уздыхаем: такая мая доля! У той жа час можам сказаць: нядоля, бяздольле. Дзе ж між імі мяжа? І як вырашаецца гэты падзел у народных паданьнях?”

(Валодзіна:) “Часта як Доля завецца ўвасабленьне толькі шчасьлівага лёсу, нешчасьлівая ж доля асэнсоўваецца як самастойны пэрсанаж, у нас часьцей пад імёнамі Нядоля або Злыдня. Гэтая індывідуальная доля часта набывае пэрсаніфікаваны выгляд і можа паўставаць як двайнік таго чалавека, долю якога яна ўвасабляе. Кажуць, што доля шчасьлівага чалавека ходзіць у прыгожым адзеньні, доля селяніна мае выгляд здаровага чорнага мужыка. На Гарадзеншчыне верылі нават у Шчасьце – маленькага чалавечка з сумкай, у якой ён носіць розныя даброты.”

(Ракіцкі:) “А пэрсаніфікацыя нядолі? Відаць, яна ж таксама была?”

(Валодзіна:) “Безумоўна. Ці то жартам, ці то ўзур’ёз можна заўважыць, што нядолі гэтай столькі ў нашым жыцьці, што ўвасобілася яна ў цэлай множнасьці дробных дэманаў – Злыдняў. А ўжо пра іх расказваюць рознае – што гэта малыя гарбатыя, скурчаныя стварэньнi ў вялiзных ботах i шапках або касматыя, у выглядзе цi то катоў, цi то сабак. У хаце, на якую яны час ад часу нападаюць, усё перастае весьцiся. Яны заглядваюць ва ўсе гаршкi, у лепшую кашу падсыпаюць пяску, у самае тлустае малако налiваюць вады, псуюць у дзяжы хлеб, крадуць у курэй яйкi. Злыдні могуць узьнiкнуць без усялякае прычыны, а могуць таксама быць выклiканыя людзьмi, якiя маюць вялiкае жаданьне разбагацець.”

(Ракіцкі:) “Цікава, што народная этыка не ўхваляла прагі да хуткага ўзбагаценьня. Усё мусіць быць з працы і сумленным шляхам. Што ж яшчэ прыпісвае традыцыя гэтай самай Злыдні?”

(Валодзіна:) “Найперш набліжае яе да Чорта, што і ня дзіўна. У Себескім павеце было калісь запісанае паданьне, адкуль Злыдня ўзялася.”

“Злыдня -- то нябачная жанчына безь языка, вачэй і вушэй. Перш была яна зьмяёю, сядзела ў балоце. Пакуль не завітаў туды чорт. Абвіла яна шыю чорта, бы для пацалунка, і стала яго кусаць. Чорт у лямант. На крык чорта выйшаў “Люцыхвір” ды ў злосьці кінуў чорта са зьмяёй у пякельную смалу. Узьняўся смрад, Люцыхвір тады выцягнуў зьмяю, ударыў ёю сабе па азадку, і стала зьмяя Злыдняй. Замест душы ў яе чорт з гаршком, у якім і месьцяцца розныя мярзоты.”

У поўнай адпаведнасьці з народнай маральлю Доля дапамагае гаспадару ў розных працах, прыкладам, вяжа зь ім на полі снапы і нават (чаго не бывае?) – сьцягне для яго жменю-другую з суседняга загону. Беднасьць чалавека тлумачылі тым, што мае ён надта лянівую нядбайную Долю, якую належала добра за тое правучыць.”

(Ракіцкі:) “Дзеля называньня долі існуе ў беларускай мове і яшчэ адно слова – лёс. Наколькі блізкія гэтыя словы? Ці можа ёсьць што адрознае?”

(Валодзіна:) “Лёс -- тая ж доля, зьбег абставінаў. На думку этымолягаў, гэтае слова праз польскую мову запазычанае зь нямецкай – “доля, прызначэньне, жэрабя”. Менавіта жэрабя. На Смаргоншчыне нават лёсамі называлі паперкі з нумарамі, якія выцягвалі пры жараб’ёўцы. Такой акалічнасьцю як бы падкрэсьліваецца пэўная выпадковасьць шчасьця: «калі Бог дасьць».

(Ракіцкі:) “Такім чынам, доля – гэта жэрабя, выцягнутае кожным з нас… Наколькі ж пашыраным было ў беларусаў кіданьне жэрабя?”

(Валодзіна:) “У славянаў, і беларусаў у прыватнасьці, вельмі папулярнай была варажба якраз праз выкідваньне розных прадметаў са спэцыяльнай разьметкай. Нямецкiя хранiсты апiсваюць жэраб’і ў выглядзе нейкiх драўляных прадметаў, якiя кiдалi на зямлю. Археалягiчныя дадзеныя сьведчаць i пра iснаваньне касьцяных шасьцiгранных прамавугольнiкаў з разьметкай на асобных гранях. На малюнках Радзiвiлаўскага летапiсу падобныя прадметы бачым у руках кiяўлянаў: яны кiдаюць жэрабя на чалавека, якi будзе прынесены ў ахвяру. Шмат падобных костак сустракаецца ў дружынных пахаваньнях паганскiх часоў. Знойдзены яны i на тэрыторыi Беларусi, напрыклад, у Менску.”

(Ракіцкі:) “Такім чынам, слова “доля” мае ў беларусаў шэраг значэньняў: рок, фатум, жэрабя, удача… А яшчэ?”

(Валодзіна:) “Як доля ў беларусаў называецца хтосьці з сужонкаў. У адным з народных паданьняў апавядаецца пра чалавека, які пайшоў шукаць сваю долю.”

“Па дарозе сустрэў гэты падарожны чалавека, які зьвіваў клубочак. На пытаньне – што ты робіш? – ён адказаў, што зьвівае долю з доляю. І прадказаў, што доля падарожнага ляжыць сем год у пасьцелі хворая. У першым жа сяле ён зайшоў да дзяўчыны, што ляжала сем гадоў у ложку хворая і, напалохаўшыся такой долі, пырнуў ёй нажом у бок. Але тым ён адкрыў ёй гнойнік, што быў прычынаю хваробы, ды ўратаваў дзяўчыну. Неўзабаве яны ажаніліся.”

“Такое ж разуменьне долі як суджанага, жаніха назіраецца і ў варожбах, калі на Каляды дзяўчаты “клікалі долю”: позна ўвечары крычалі на ростаньках: «Доля, гу-у-у!», пасьля чаго прыслухоўваліся. Лічылася, што ў тым баку, адкуль пачуецца брэх сабакі, і жыве будучы жаніх-доля.”

(Ракіцкі:) “І, нарэшце, пытаньне самае важкае: ці можа чалавек на сваю долю хоць як ды ўзьдзейнічаць? Калі не зьмяніць, дык хаця б падправіць?”

(Валодзіна:) “Катэгарычнага адказу няма. У песьнях, скажам, дачка папракае маці, што пры нараджэньні дала ёй ліхую долю, ад якой няма як пазбавіцца. Хоча прадаць, «людзі знаюць, што ліхая, ня хочуць купляці»; хоча ўтапіць – на што доля кажа ёй: «як ты прыйдзеш хусты мыці, за рукаў я ўхаплюся».Аднак у апавядальных жанрах фальклёру разгортваецца матыў барацьбы з пэрсаніфікаванай доляй, бо паўстае яна там часам як лянівая ды безадказная, што з пункту гледжаньня народнай маралі больш чым кепска. У адным з апавяданьняў біўся-біўся бедны брат, каб хоць як пракарміцца, але “што робіць старэнна, то гіне штодзенна”. Ды толькі сустрэў ён аднойчы сваю Долю-Нядолю.”

“Падходзіць старая жабрачка, пытае, ці будзе падачка. Адрэзаў ён бабе апошняй кароўкі паўчвэрці, ды баба ня здолее перці. “Ды хто ж ты, старая?”, - ён бабу пытае. “Бяда я, саколік, ці е ў цябе волік?”. Схапіў ён тут бабу пад клешні, бы жабу, ды ў выжар глыбокі заціснуў пад бокі. Прайшла знаць часіна ліхая – нядоля дамоўку мінае…”

Але ж пазайздросьціў яму багаты брат ды выпытаў, як так сталася, адкуль ён браў такую ўдалую долю. А той вазьмі ды скажы: “У выжары, браце, у балоце, ёсьць доля, што ходзіць у злоце”. Так і перайшла Нядоля на сквапнага зайздросьлівага брата.”

(Ракіцкі:) “Ці не пацьвярджае ўсё ж гэтая няхітрая казачка тую нашу думку, зь якой мы і пачалі. Ёсьць запас доляў і нядоляў на пэўны соцыюм. Новых няма адкуль браць, доля выдаткоўваецца. Але ж, і пераможаная, у балоце ня тоне, а чакае, каб хто яе выбавіў. Важна для нас тое, што прычынаю занядбаньня называе народ сквапнасьць ды зайздрасьць. Дык няхай іх стане меней у нашым жыцьці!”

тэкст першай перадачы пра долю
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG