Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэмакратычная апазыцыя павінна ўступіць у змову з намэнклятурай”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 11 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” спрабуюць прааналізаваць пасьлявыбарчую палітычную сытуацыю ў Беларусі, выказаць уласныя погляды на тое, як дэмакратычная апазыцыя павінна дзейнічаць у новых умовах. Адзін з такіх лістоў даслаў наш даўні сябар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён лічыць, што цяпер апазыцыі варта наладжваць кантакты зь беларускай намэнклятурай.

“Зусім не выпадкова Лукашэнка ў сваім нядаўнім пасланьні парлямэнту засьцярог намэнклятуру ад стварэньня партыі ўлады з намёкам на парлямэнцкую рэспубліку кшталту Ўкраіны ці Расеі. Дык што гэта значыць? Думаю, у асяродзьдзі намэнклятуры пачаліся ўнутраныя хваляваньні з выхадам на пэрспэктывы расейскай і ўкраінскай мадэляў улады. Намэнклятура хоча жыць спакойна, карыстацца правам уласнасьці, а не залежаць, як у СССР, толькі ад таго, ці дадуць ім зьверху прывілеі. Вось тут ЗША, Эўразьвяз і беларуская апазыцыя павінна добра падумаць. Апазыцыянэры павінны стаць праваднікамі волі Захаду ў асяродзьдзі намэнклятуры, уваходзіць зь імі ў парытэтныя дамовы аб будучым падзеле ўлады ў постлукашэнкаўскай Беларусі. У саюзе з намэнклятурай апазыцыя можа многага для сябе дамагчыся”.

Высокапастаўлены чыноўнік, які ў цяперашніх беларускіх умовах адважыўся б на кантакты з апазыцыяй, вельмі многім рызыкуе. Сёньня — не 1994 год, калі кебічаўскія міністры ня надта і хаваючыся, вялі закулісны гандаль са штабам кандыдата Лукашэнкі супраць свайго шэфа. Аляксандар Лукашэнка зрабіў высновы з той гісторыі. Сёньняшняй намэнклятуры ня раз было прадэманстравана на канкрэтных прыкладах, што бывае зь міністрамі й генэраламі, якія наважваюцца весьці двайную гульню. Высокая пасада — далёка ня самае каштоўнае, што страчвае ў гэтым выпадку той, каго ўлада палічыць здраднікам. Усё гэта робіць кантакты паміж апазыцыяй і колькі-небудзь уплывовай часткай намэнклятуры справай малаверагоднай. Прынамсі, пакуль.

Ліст з Крычава, ад школьнага настаўніка, які падпісаўся (відавочна, псэўданімам) —Сямён Струмескі. Слухач разважае пра асабістыя якасьці міністра адукацыі, а таксама пра тое, якім шляхам цяперашняе кіраўніцтва Міністэрства адукацыі выхоўвае ў дзецях патрыятызм.

“Увогуле, падначаленыя й настаўнікі вельмі высока ацэньваюць свайго міністра за яго прастату, даступнасьць, дэмакратызм, павагу да людзей. Ён з павагай ставіцца да простага чалавека. Былыя міністры былі іншыя, і ў гэтым яму — ня роўня. Тыя паказвалі сябе чыноўнікамі ў меру. А Аляксандар Міхайлавіч разумее, што слова “міністар” на латыні азначае “служу”. А таму ён і імкнецца служыць народу. Іншая справа — якому: савецкаму альбо расейскаму?”

Далей у сваім лісьце аўтар распавядае пра тое, што міністар на пачатку гэтага году выступіў з ініцыятывай — правесьці Рэспубліканскую акцыю навучэнскай моладзі пад назвай “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

“Патрыятычная краязнаўчая акцыя — справа добрая. Аднак, як жа зьдзівіліся настаўнікі (асабліва сельскія, а таксама выкладчыкі беларускай мовы), калі даведаліся, што іх спагадлівы і чулы міністар зацьвердзіў расейскамоўную інструкцыю аб правядзеньні гэтай акцыі. Чым тут ганарыцца, калі міністар адукацыі й ягоны намесьнік адмаўляюць беларускай мове ў дзяржаўнасьці? Старт гэтай акцыі быў дадзены ў Крычаве 6—7 чэрвеня. Мясцовыя чыноўнікі доўга ламалі галаву, як зрабіць так, каб правесьці ўсё па-расейску, а з другога боку — каб і назьве яна адпавядала (а назва ж добрая: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. У выніку ва ўрачыстасьць уключылі некалькі беларускіх песень”.

Разам зь лістом слухач даслаў копію расейскамоўнай інструкцыі, складзенай у ведамстве Аляксандра Радзькова.

Быў час, калі Міністэрства адукацыі цалкам вяло ўсё справаводзтва па-беларуску. Але той час скончыўся ў 1995 годзе, пасьля травеньскага рэфэрэндуму. Думаю, адмыслова ніхто не забараняе ні міністру Радзькову, ні іншым міністрам выдаваць загады ды інструкцыі на беларускай мове — тым больш, тыя, што датычаць сфэры выхаваньня, культуры, гісторыі. Але ўсе чыноўнікі ведаюць, якая мова ў дзяржаве рэальна галоўная, на якой размаўляе першая асоба і як лёгка можна выклікаць падазрэньне, калі раптам перайсьці на беларускую мову. І не даводзіцца, спадар Струмескі, чакаць, што сярод міністраў у цяперашніх умовах раптам зьявіцца такі, што адважыцца кінуць выклік гэтай сыстэме і гэтай завядзёнцы.

Наш сталы слухач Багуслаў Унгур зь Іўя лічыць, што на Беларускай Свабодзе варта стварыць адмысловую перадачу для асуджаных і зьняволеных. Цытата зь ліста:

“Ведаю з уласнага досьведу, што сярод вязьняў ёсьць людзі, якія слухаюць і будуць слухаць Радыё Свабода. Асабіста я, у мінулым некалькі разоў асуджаны за крымінальныя злачынствы, пры першай жа магчымасьці настройваўся на вашу хвалю. Зьняволеныя ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы вельмі абмежаваныя ў атрыманьні інфармацыі. Дзейнічае цэнзура, няма магчымасьці падпісацца на тыя выданьні, на якія хочаш. Не хапае тэлевізараў і прыймачоў. Ёсьць і іншыя прычыны. Асабіста я, будучы за кратамі, некалькі разоў спрабаваў даслаць дзьве раздрукоўкі з сайту “Вясны” пра становішча асуджаных. Але ні ў турме СТ-1 Горадні, ні ў Мазырскай калёніі строгага рэжыму ПК-20 адміністрацыя не перадала іх маім знаёмым, якія хацелі іх прачытаць.

Я цьвёрда ўпэўнены, што грамадзтва павінна павярнуцца тварам да зьняволенага чалавека, бо ў месцах пазбаўленьня волі ў людзей вынішчаюць лепшыя чалавечыя якасьці. Жахлівае становішча асуджаных у Беларусі патрабуе неадкладных мераў. Перадача “Свабоды”, адрасаваная вязьням, магла б паказаць шлях да сапраўднага жыцьця тым асобам, якія сьвядома імкнуцца да яго”.

Дзякуй за цікавую прапанову, спадар Унгур. Часам мы атрымліваем зь месцаў пазбаўленьня лісты, якія сьведчаць пра тое, што ёсьць зьняволеныя, якія насуперак перашкодам знаходзяць і час, і магчымасьці, каб слухаць “Свабоду”. У нашым эфіры гучыць нямала інфармацыі пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх сьледчых ізалятарах, турмах, калёніях. Праўда, найчасьцей гэта зьвязана з расповедам пра лёсы людзей, якія трапілі ў няволю з палітычных прычынаў. У кожным разе, вашы, спадар Унгур, прапановы і пажаданьні мы пастараемся ўлічыць.

Наступны ліст даслаў нам Мікалай Шуміла з Кобрына. Ён успамінае пра мінулае беларускай вёскі, разважае пра яе сёньняшні дзень і спрабуе зазірнуць у будучыню. Цытата зь ліста:

“Пражыў я ўжо даволі — разьмяняў 90-ты год жыцьця. За гэты час многае пабачыў, пажыў пры розных валадарах. Як на мой розум, найбольш парадку і свабоды ў людзей, якія працуюць на зямлі, было ў нас, у Заходняй Беларусі, у 1920—1930-я гады. Бацька мой быў небагаты, наёмных работнікаў не выкарыстоўваў. Што меў? Каня, 12 гектараў зямлі, тры каровы, два бычкі па 400 кіляграмаў, 15 авечак, 3—4 сьвіней. Улетку я дапамагаў бацьку па гаспадарцы, а зімой хадзіў у школу.

Памятаю, у людзей тады быў вялікі інтарэс да працы, бо ўсё гэта было сваё ўласнае. О, гэта была дэмакратыя, свабода, уласнасьць. Вёска паступова будавалася, багацела. Беларусы сталі мець грошы, пачалі лепш апранацца. Куплялі ўласныя малацілкі, маторы — і гэта за сямнаццаць гадоў польскага кіраваньня. Бацька мой паставіў новы дом на чатыры пакоі. Гонтаю пакрыў. Ну, а потым вядома што сталася: прыйшлі ў 1939 годзе бальшавікі — і вызвалілі нас ад уласнасьці.

Што цяпер? Народ у разгубленасьці, ня ведае, куды пахіліцца. Моладзь — тая думае, што так у нас заўсёды было. А я ж ведаю, як было і як павінна быць. Вядома, парадак і добрае жыцьцё — за мяжой. Але ж родную хату і свае мясьціны шкада пакідаць. От каб тут, у нас штось такое зрабіць. Але ж гэты калгас жыцьця не дае. Што ў нас робіцца вясной з пасадкай бульбы! Два тыдні хадзі ды кланяйся, каб далі трактар пасадзіць гэты лапік, што выдзеліў табе калгас. Ты павінен прасіць і прыніжацца, нібы бярэш чужое. А ў цябе ж, у тваіх бацькоў адабралі дзясяткі гектараў. Як падумаю пра гэта — аж жыць ня хочацца”.

Напэўна, спадар Шуміла, многія з вамі паспрачаюцца: скажуць, што ідэалізуеце жыцьцё ў Заходняй Беларусі ў міжваенныя дзесяцігодзьдзі. Нагадаюць пра нацыянальную дыскрымінацыю беларусаў, пра цяжкую маламэханізаваную працу на зямлі... Усё гэта так. Але калі параўнаць з тым, як жылі тады беларусы на ўсход ад польска-савецкай мяжы, то вашы ўспаміны не выглядаюць ідэалізацыяй. Савецкія актывісты, якіх у 1939 годзе паслалі на захад Беларусі вучыць заходніх беларусаў калгаснаму жыцьцю, былі ашаломленыя: у заходнебеларускіх вёсках ня ведалі, што такое голад і хлеб зь мякінай; да прыходу бальшавікоў там не баяліся начнога стуку ў акно і былі ўпэўнены ў сваёй будучыні, бо мелі ўласную зямлю і маёмасьць, абароненую законам.

Гэтае адчуваньне гаспадара — магчыма, галоўнае, на чым стагодзьдзі трымаўся ўвесь вясковы лад жыцьця. Сёньня яно ў вёсцы амаль вынішчана. І ці магчыма вярнуць яго? Улада ў Беларусі цяпер ставіць перад сабой зусім іншыя мэты.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG