Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастрыца і яе слаўны жыхар


Зьміцер Бартосік, Кастрыца, Барысаўскі раён Сярод мноства беларускіх вёсак многія становяцца вядомыя й заўважныя дзякуючы аднаму жыхару. Таму жыхару, незалежна ад яго ўзросту й адукацыі, дастаткова заняць актыўную грамадзкую пазыцыю, каб ягонае імя загучала, а непрыкметны дагэтуль пункт на беларускай мапе пачаў прыцягваць увагу. Вёска Кастрыца Барысаўскага раёну “праменіць” ужо некалькі гадоў — дзякуючы публікацыям у “Нашай Ніве” Зьмітра Панкаўца, колішняга навучэнца Барысаўскага пэдкаледжу й сёньняшняга студэнта пэдунівэрсытэту.

(Зьміцер: ) “Адкуль гэта ўсё пачалося? Неяк выпадкова гэта ўсё пачалося. Я цікавіўся гісторыяй з чацьвертай клясы. Кнігі розныя пачаў чытаць. Ужо пачаў разумець, што мы — не расейцы. А пасьля пачуў, што ёсьць такое Радыё Свабода. У 2000 годзе пачаў лавіць “Свабоду”.

На фота: Зьміцер Панкавец (у цэнтры) разам зь сябрамі

Зь нядаўняга часу Зьміцер яшчэ й палітвязень. Яго арыштавалі сярод дзясяткаў іншых маладзёнаў у ноч на 24 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы. (Зьміцер: ) “Там было народнае адзінства, на той плошчы. Людзі пачуваліся адным маналітам. Настрой быў ва ўсіх узьнёслы. Усе былі ўпэўненыя ў правільнасьці таго, што яны робяць. Я не пашкадаваў ні хвіліны, што я паехаў туды”.

У сям’і Зьміцер не пачуваецца белай варонай. Яго падтрымлівае ня толькі родная сястра, таксама менская студэнтка, ня толькі сябры, але і маці, Ірына Панкавец.

(Ірына: ) “Рэпрэсіі ўжо пачаліся. Я працую ў горадзе, у бальніцы. Мяне ўжо папярэдзілі, што кантракту са мною ўжо ніхто не заключыць. Ужо апошні год адпрацоўваю. І на працу я ўжо наўрад дзе ўладкуюся ў Барысаве. На працы са мной ніхто не размаўляе. Таму што баяцца. У вочы гавораць, што дачка таксама была на гэтых палатках, і займалася там любоўю ў палатках. Проста ў вочы такое гавораць. А пра сына — дык увогуле. Такім чынам, дысыдэнтка я ўжо таксама”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць хоць адзін чалавек з калегаў, хто падтрымлівае вас?”

(Ірына: ) “Адзін чалавек. І тое цішком. Афіцыйна не распаўсюджвае. А так, у асноўным… Адна прыходзіць на працу пасьля 25-га і мне: “Ой, вы бачылі, што там у Менску рабілася?” “А што там рабілася?” “Ой, мальцаў жа нашых пабілі?” “Якіх мальцаў?” “Ды салдацікаў”. “А хто іх, — кажу, — пабіў? Немцы, амэрыканцы?” “Дык гэтыя, адмарозкі”. Дык кажу: “Адкуль столькі адмарозкаў? Сем ці дзесяць тысяч адмарозкаў сабралася?” “Ой, дык гэта ж наркаманы. Гэта ж алькаголікі”. І гэтак далей. І вось такое выслухоўваеш”.

Адрозна ад гарадзкіх цётак, вяскоўцы руку Зьмітру падаваць не перасталі. А для некаторых ён стаў чалавекам паважаным. Зрэшты, ня толькі для аднасяльчан. Працягвае спадарыня Ірына:

(Ірына: ) “Дзіму забралі з чацьвярга на пятніцу. У нядзелю мяне выклікаюць. “Да цябе прыйшлі зь міліцыі”. Выходжу. “Ну, вы ведаеце, дзе ваш сын?” Кажу: “Ведала, пакуль вашыя органы не забралі. Цяпер ня ведаю”. “А як вы да гэтага ставіцеся? Яго ж выганяць з інстытуту”. “Ну, выганяць. Для гэтага ёсьць Польшча, ёсьць Вільня. Яшчэ малады чалавек. Дзе-небудзь давучыцца”. “А вас жа з работы выганяць”. “І я — ня зломак. Знайду работу. Лукашэнка — ня вечны. Некалі гэтая хамская ўласьць памяняецца. Прыйдзе нармальная”. Гэты міліцыянт слухаў, слухаў. Урэшце ён са мной загаварыў па-беларуску. Пачаў пра сваё набалелае казаць: “Мая жонка робіць у школе настаўніцай, дык ёй жа забараняюць зь дзецьмі па-беларуску гаварыць. Во, — кажа, — выбралі на сваю галаву чорта”.

Едучы ў Кастрыцу, я наўіна меркаваў, што Зьміцер Панкавец — адзіны й непаўторны “адмарозак” ва ўсім навакольлі. Тым прыемней было пераканацца ў адваротным. Разгаварыўшыся на кастрыцкай вуліцы са спадаром гадоў пяцідзесяці пра палітыку, я задаў банальнае пытаньне: “За каго вы галасавалі?” І сьпярша нават падумаў, што спадар мяне не дачуў. Але высьветлілася, што са слыхам у майго візаві ўсё ў парадку. Як і з пачуцьцём гумару. Бо галасаваў спадар за Пятра Машэрава.

(Машэравец: ) “Я проста за камуністычны лад мінулага. Як былы камуніст. Я чыста сымбалічна. Я ўсіх выкрасьліў, а ўнізе напісаў “Машэраў Пётар Міронавіч”. І ўсё. Я да выбараў гаварыў, што толькі за Машэрава буду галасаваць. Таму што Беларусь не жыла так добра, як пры Машэраву. Якога ты году? Ты яшчэ слаба помніш, як Машэраў кіраваў”.

На пытаньне, ці ёсьць хто ў вёсцы з галасавалых за Мілінкевіча, верны машэравец паказаў рукою:

(Машэравец: ) “Вунь дом зялёны, два вакны. Ён дакладна за Мілінкевіча галасаваў”.

У зялёным акуратным дамку я, шчыра прызнацца, чакаў убачыць якога мясцовага інтэлігента, настаўніка, чытача “Народнай Волі” й слухача нашага радыё. Але карціна за дзьвярыма нямала зьбянтэжыла. За сталом, застаўленым усялякай разнастайнай закусьсю, сядзела кампанія мужыкоў, чый узрост, з-за бурага колеру твараў, не паддаваўся ніякаму вызначэньню. Ад 35 да 60. Было відаць, што мужыкі ўжо нямала прынялі на грудзі, але ніякіх бутэлек на стале не было. Ня выключана, што кампанія толькі з учорашняга дня пачала цьверазець і закусваць. Каля печы сядзела бабулька з жывенькімі вачыма.

Спадар, які аддаў свой голас Мілінкевічу, як мог распавёў мне пра свае палітычныя прыхільнасьці. Як я зразумеў, на такі крок яго прымусіла пайсьці зусім не сымпатыя да адзінага кандыдата.

(Селянін: ) “А якая мне розьніца? Мне розьніцы няма. Я рабочы чалавек. Я скажу. Я супраць Лукашэнкі! Супраць Лукашэнкі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Апазыцыянэр: ) “А таму, што ён дурак, бля”.

(Старая: ) “Сьціхні!”

(Апазыцыянэр: ) “Таму, што ён дурак, бля. Дурак!”

(Старая: ) “Ты дурак сягоньня”.

(Карэспандэнт: ) “А кажуць, што падымае сельскую гаспадарку. Аграгарадкі”.

(Апазыцыянэр: ) “А што аграгарадок? У мяне вуліца… У нас непадсыпленая вуліца. Засыпаны дзярэўні”.

(Старая: ) “Вуліца ў нас гразная. Лукашэнка не глядзіць. Я вам скажу адкрыта. Ва ўсіх сёлах асфальціраваныя вуліцы. А ў нас увосень прыйдзі, вясной. Во — па калена”.

Сьмелая старая мела рацыю. Зусім апошнім часам не глядзіць Лукашэнка за кастрыцкімі вуліцамі. Сухім траўнем тут хадзіць яшчэ можна. А вось восеньню, напэўна, без рыбацкіх ботаў тут цяжкавата. Зрэшты, ня толькі вуліцы засталіся без нагляду. Слова Зьмітру Панкаўцу:

(Зьміцер: ) “Там знаходзіцца калгасны стан. Яшчэ гадоў дзесяць назад там віравала жыцьцё. Цяпер у калгасе няма нікога. І вынік можна бачыць. Няма ніводнага трактара, ніводнай машыны, ніякай жалезіны няма”.

Я даўно заўважыў, што ў прыродзе не бывае тыповых вёсак. Кастрыца, напрыклад, прыкметная тым, што ў страшную эпоху калектывізацыі тут не было ніводнага арыштаванага ці сасланага. І гэта адчуваецца па тым, як на вас тут глядзяць і размаўляюць. Няма насьцярожанасьці.

(Зьміцер: ) “Можна лічыць, што людзі тут незайздросьлівыя. Няма ніякіх даносаў, няма сварак у вёсцы, ніхто нічога ня крадзе. Нават быў адзін, ён у гэтай хаце жыў, ён мог адзіны красьці. Калі што кралі, дык гэта сто працэнтаў было, што гэты чалавек скраў. Памёр ад раку”.

Адкрытасьць кастрыцкіх жыхароў я меў мажлівасьць адчуць у наступнай размове. Зь Сяргеем Макавеем, самым майстравітым мужыком у вёсцы. Я ўжо не зьдзівіўся таму, што й гэты селянін ня мае сантымэнтаў да галоўнага начальніка.

(Карэспандэнт: ) “Якая асноўная праблема ў Кастрыцы?”

(Макавей: ) “Хочацца выпіць, а няма за што купіць”.

(Карэспандэнт: ) “А народ любіць Лукашэнку?”

(Макавей: ) “А што ён мне? Дзядзька, ці кум, ці сват, ці брат? Такі ж самы, як Мілінкевіч, як… Хто там трэці быў. Аднолькавыя. Хай бы яны зь віламі пайшлі на фэрму, альбо пайшлі гной дапамаглі пакапаць. Вывезьці”.

У словах пра капаньне Мілінкевічам гною я не ўлавіў і ценю гумару. Адным словам, зусім ня проста ўсім нашым палітыкам заваяваць сэрцы кастрычанаў. Лукашэнку трэба засыпаць вуліцы, Мілінкевічу гной пакапаць. Вось толькі Машэраву працы ня знойдзецца.

Я ледзь ня ўзрадаваўся, калі напаткаў прыхільніка першага прэзыдэнта РБ. А то ўжо хвалявацца пачаў. 53-гадовы Антон, расеец, які прыжыўся на беларускай зямлі, былы ліквідатар наступстваў чарнобыльскай аварыі сёньня працуе на фэрме. Гаспадарку далучылі да аднаго з барысаўскіх заводаў, што падняла заробкі ў разы — гэта значыць, з 50 да 350 тысяч. Антону ёсьць з чым параўноваць свой сёньняшні дзень. Пра падзеі 20-гадовай даўніны Антон згадваць ня любіць.

(Антон: ) “Гэта было дваццаць гадоў таму назад. Мне было 34 гады. Канечне, і ногі баляць. Здароўе ня моцна добрае, і ня надта кепскае. Многіх з тых, хто са мной быў, ужо няма. У мяне, можа, мацнейшае здароўе было. Але адчуваньне радыяцыі на зоне, там, дзе яна ёсьць, яе адразу адчуваеш. Ежа ўся робіцца салодкай. Адчуваньне салодкага ў роце”.

А скончыць гэтую перадачу я хачу байкай ад Зьмітра Панкаўца. Хай яна падыме настрой. Бо, можа, гэта зусім і ня байка...

(Зьміцер: ) “Калі сядзелі на Акрэсьціна, дык разам за мной сядзеў мужык, прадпрымальнік з Салігорску. І вось расказваў гісторыю такую. Што перад выбарамі пайшоў у краму, каб набыць прыймач “Акіян”. І побач дзед — таксама пытаецца “Акіян”. Мужык пытаецца: “Навошта табе “Акіян”, дзед?” Дзед кажа: “Ну як навошта? “Свабоду” слухаць!” Дзеду гадоў за восемдзесят. Пра Лукашэнку кажа, што, маўляў, на гэтых выбарах Лукашэнка пераможа. Але яго ўжо да жніўня ня будзе. “Адкуль ты ведаеш, дзед?” “Ты мяне яшчэ ўспомніш, мае гэтыя словы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG