Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны дзень сям’і — у сем’ях беларускіх палітзьняволеных


Ганна Соўсь, Менск Сёньня — Міжнародны дзень сям’і. Гэта сьвята было абвешчана ў 1994 годзе рашэньнем Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і з таго часу адзначаецца штогод 15 траўня. Чым жывуць сем’і беларускіх палітычных зьняволеных? Як падтрымліваюць сваіх родных? Як трымаюцца самі? Якія захоўваюць сямейныя традыцыі?

З усіх беларускіх палітвязьняў у Міжнародны дзень сям’і пашэнціла быць разам са сваімі роднымі, бадай, толькі моладзеваму лідэру Паўлу Севярынцу, які атрымаў дазвол правесьці некалькі дзён з бацькамі ў Віцебску. Я засьпела Паўла літаральна за некалькі хвілін да ад’езду ў Малое Сітна, дзе ён адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі” за арганізацыю вулічных акцый пратэсту.

(Севярынец: ) “Асаблівасьць нашай сям’і — калі зьбіраемся разам, падлічваем прыбаўленьне. У маіх дзьвюх сясьцёр ужо маленькія дзеці. Пашырэньне сям’і — таксама ж умацаваньне Беларусі. Для мяне як хрысьціяніна сям’я — гэта грунт любога грамадзтва. Быць у сям’і — значыць, быць у любові, духоўным і душэўным камфорце”.

Маці моладзевага актывіста Мікіты Сасіма Сьвятлана заўтра атрымае першае спатканьне з сынам за два месяцы ягонага зьняволеньня. Нагадаю, што некалькі дзён таму баранавіцкі суд пакараў Мікіту трыма месяцамі арышту.

(Сьвятлана Сасім: ) “Дык упершыню заўтра я яго абдыму. Я так хвалююся, прабачце. Толькі калі прывезьлі яго зь Менску да нас у шпіталь пасьля апэндыцыту, мне ўдалося прарвацца да яго праз ахову. Ён адзін у мяне, і я ў яго адна”.

Сьвятлана Сасім ганарыцца сваім сынам і пэўная, што яна й ейныя родныя выхавалі Мікіту ў традыцыях павагі й любові да людзей.

Паліна Астрэйка, жонка лідэра арганізацыі “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі ня бачыла свайго мужа з дня ягонага арышту 21 лютага.

(Паліна Астрэйка: ) “У нас маладая сям’я. Мы толькі тры дні пабылі ў шлюбе. Цяпер я чакаю дзіця. Для Мікалая гэта вельмі важна, і для мяне таксама, каб мы былі разам у гэты момант. Але гэтак усё складаецца, што такое немагчыма. Будзем змагацца й будзем чакаць. Гэта адзінае, што мы можам зрабіць на гэты момант”.

У паплечніка Мікалая Астрэйкі Цімоха Дранчука месяц таму нарадзіўся сын Платон, і бацька дагэтуль ня меў магчымасьці пабачыць яго.

У сям’і яшчэ адной зьняволенай актывісткі “Партнэрства” Эніры Браніцкай усталявалася традыцыя — на сьвяты раніцай ставіць ля ложку падарункі. Сёлета ў жніўні Эніры споўніцца 25 гадоў, і ейная маці спадарыня Віялета спадзяецца павіншаваць дачку адпаведна зь сямейнай традыцыяй.

(Віялета Браніцкая: ) “Хацела б ёй сказаць, каб яна трымалася, што мы яе любім — і сям’я, і сябры. І ўсе мы зь ёй. Мы ўсе верым, што яна добры чалавек, і нічога дрэннага для нашай краіны не зрабіла. Чакаем яе цярпліва”.

Ірына Казуліна ў мінулую суботу мела спатканьне з мужам — экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным у сьледчым ізалятары ў Жодзіне. Спадарыня Ірына бачыла мужа праз шкло й краты, і размаўлялі яны праз тэлефонную сувязь.

(Казуліна: ) “Галоўнае, што я яго бачыла. Ён па-ранейшаму ўпэўнены ў сабе. У яго мноства плянаў. Адзінае, што мяне хвалюе, — што ўжо ўнук пачаў забываць яго. Таму на наступнае спатканьне паедзе старэйшая дачка з унукам. Я спадзяюся, што найбліжэйшым сьвятам будзе дзень, калі мой муж выйдзе з-за кратаў”.

Як азначыў Генэральны сакратар ААН Кофі Анан, “калі парушаюцца асноўныя правы адной сям’і, то адзінства ўсёй чалавечай сям’і знаходзіцца пад пагрозай”. Сем’і беларускіх палітычных зьняволеных — Аляксандра Казуліна, Мікалая Астрэйкі й Аляксандра Шалайкі, Паўла Севярынца й Андрэя Клімава, Сяргея Скрабца й Міколы Статкевіча, Цімафея Дранчука й Мікалая Аўтуховіча, Мікіты Сасіма й Эніры Браніцкай чакаюць сваіх родных дамоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG