Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы абяцае падтрымку беларускаму народу


Тацяна Поклад, Вільня Літва выказвае занепакоенасьць тым, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся ў атмасфэры страху і запалохваньня, не былі забясьпечаныя свабода слова і роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. МЗС Літвы ў адмысловым прэс-рэлізе адзначыла, што такія выбары нельга прызнаць дэмакратчынымі і свабоднымі. Тым часам у парлямэнце Літвы адбылася дыскусія “Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і стратэгія пасьля выбараў”. Парлямэнтары адзначылі, што галасаваньне 19 сакавіка ня было сапраўднымі выбарамі і што нелегітымна абраны кіраўнік краіны мусіць быць ізаляваны. Прэзыдэнт Літвы падкрэсьліў, што людзі Беларусі не застануцца бяз падтрымкі.

У дыскусіі за круглым сталом у Сойме бралі ўдзел вядучыя палітыкі і кіраўнікі Літвы.

Літоўскія парлямэнтары, якія былі ў складзе назіральнікаў місіі АБСЭ ў часе галасаваньня 19 сакавіка, заявілі, што іхныя ўражаньні цалкам супярэчаць афіцыйным заявам Менску. Яны распавялі пра шматлікія канкрэтныя факты грубых парушэньняў у часе выбараў.

Эўрапарлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс акцэнтаваў неабходнасьць для Эўразьвязу прытрымлівацца адзінай пазіцыі што да Беларусі, асуджаючай рэжым А.Лукашэнкі, паколькі дасюль былі і ваганьні, і спробы падзяліць Эўразьвяз у пытаньнях адносна беларускага рэжыму. В.Ладсбергіс заклікаў не называць галасаваньне 19 сакавіка ў Беларусі выбарамі, паколькі выбары азначаюць магчымасьць выбаіраць, а такой магчымасьці ў беларусаў ня было.

Лідэр парлямэнцкай апазыцыі, кіраўнік партыі кансэрватараў “Саюз Айчыны” Андрус Кубілюс таксама мяркуе, што выбары не адбыліся.

(Кубілюс: ) “82 працэнты А.Лукашэнкі выглядаюць сьмешна, як абсалютны анахранізм на Эўрапейскім кантыненце. Выбараў у Беларусі ня было, паколькі выбары – гэта ня толькі галасаваньне, але і ўся выбарчая кампанія, якую А.Лукашэнка пераўтварыў у кампанію тэрору супраць апазыцыі”.

Паводле А.Кубілюса, апанэнты А.Лукашэнкі ў такіх умовах дасягнулі сапраўднай перамогі, паколькі “апазыцыя зьядналася і мае сапраўднага лідэра – Аляксандра Міленкевіча”.

(Кубілюс: ) “Апазыцыі трэба падрыхтавацца да доўгай і цяжкай барацьбы з дыктатарскім рэжымам. І гэтая барацьба павінна пачацца ад гэтых самых дзён, не чакаючы, калі наблізяцца наступныя выбары”.

Юозас Олекас, старшыня фракцыі сацыял-дэмакратаў, якая належыць у парлямэнце да кіруючай бальшыні, адзначыў, што “сьмелая пазіцыя дэмакратычных сілаў у часе рэпрэсіяў”, а таксама мірны мітынг у дзень выбараў сьведчаць, што дэмакратычныя памкненьні саміх беларусаў значна павялічыліся. Паводле Ю.Олекаса, відавочна, што выбары 19 сакавіка не былі справядлівымі, і таму існуюць шматлікія доказы.

(Олекас: ) “У цэнтры Эўропы недэмакратчыная дзяржава ня можа ўтрымацца”.

Кіраўнік камітэту замежных справаў Сойму Літвы Юсьцінас Каросас адзначыў, што “прэзыдэнцкія выбары выявілі вялізарны страх рэжыму ўладаў А.Лукашэнкі і разам з тым – узмацненьне беларускай апазыцыі”.

Сьпікер Сойму Літвы Артурас Паўласкас сказаў, што “прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі арганізаваныя дзеля аднога чалавека, і гэты чалавек іх выйграў.”

Кіраўнік літоўскага парлямэнту нэгатыўна ацаніў і агітацыйную кампанію, і вынікі.

(Паўласкас: ) “Сапраўднымі выбарамі тое, што адбылося ў Беларусі, назваць нельга. Папросту адзін чалавек яшчэ раз застаўся на сваёй пасадзе на яшчэ адную кадэнцыю”.

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус адзначыў:

(Адамкус: ) “Мяне, як і ўвесь дэмакратычны сьвет, зьдзівіла колькасьць затрыманых грамадзянаў Беларусі – удзельнікаў выбарчай кампаніі, манаполія СМІ і прапаганда, запалохваньне з боку прадстаўнікоў улады. Хіба такім чынам абіраюцца кіраўнікі ў 21 стагодзьдзі?”

Прэзыдэнт Літвы выказаў надзею, што жаданьне мірных людзей Беларусі выбіраць і ствараць сваю грамадзянскую супольнасьць будзе пачутае.

(Адамкус: ) “Не сумняюся, што людзі Беларусі, якія хочуць жыць свабодна, дэмакратычна, мірна, у квітнеючай краіне, не застануцца адныя, ня будуць забытыя”.

Сьпікер Сойму Артурас Паўласкас таксама адзначыў, што гэтыя выбары паказалі, што грамадзкасьць Беларусі абуджаецца, людзі ўсё больш актыўна выказваюць сваю пазіцыю, пазбаўляюцца страху, асабліва ў Менску і іншых гарадох.

(Паўласкас: ) “Трэба і надалей падтрымліваць надзею, якая цепліцца, каб яна разгарэлася ў будучыні. Бо колькі б мы ні гаварылі, інфармацыя, якая можа прыходзіць са свабоднага сьвету, не даступная многім людзям у Беларусі”.

Паводле А.Паўласакаса, Літва можа ажыцьцявіць шырокую дзяржаўную праграму дапамогі Беларусі, пачынаючы ад дапамогі грамадзкім арганізацыям і сродкам інфармацыі, і да актыўных дачыненьняў з прадстаўнікамі апазыцыі, іх асьветы.

Што да далейшых дачыненьняў зь беларускай уладай, парлямэнтары пагаджаюцца на тым, што А.Лукашэнку трэба ізаляваць. Паводле А.Кубілюса, кіраўнік Беларусі павінен ведаць, што дыктатары ў нашыя часы найчасьцей заканчваюць на трыбунале ў Гаазе.

Міністэрства замежных справаў Літвы выказвае падтрымку людзям Беларусі, якія мірнымі сродкамі абараняюць свой выбар ісьці шляхам дэмакратчынага разьвіцьця. У адмысловым прэсавым паведамленьні МЗС Літвы паведамляе, што выбары ў Беларусі нельга прызнаць дэмакратчынымі і свабоднымі. Заклікаецца ўся міжнародная грамадзкасьць далучыцца да высілкаў па стварэньні адкрытай і свабоднай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Пра гэта гаварыў і міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс у панядзелак на сустрэчы рады Агульных справаў і зьнешніх дачыненьняў Эўрапейскага Саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG