Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай жыве выдатны, такі мілы нам беларускі рок!” (фота)


Радыё Свабода 18 сакавіка ў Менску каля плошчы Бангалёр прайшоў дазволены ўладамі гораду канцэрт-мітынг у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. На пляцоўцы вакол сцэны сабралася каля чатырох тысяч чалавек, у канцэрце ўзялі ўдзел шэраг вядомых і маладых калектываў і выканаўцаў. Да наведнікаў канцэрту з кароткай прамовай зьвярнуўся таксама адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

Канцэрт распачаўся а 17-й гадзіне з выступу гурта “Крама”. На пачатку выступу лідэр калектыву Ігар Варашкевіч сказаў: “Я нарадзіўся 15 жніўня 1960 году ў СССР. І больш туды вяртацца не хачу”. Затым гурт выканаў некалькі найбольш вядомых сваіх песень, эмацыйны зарад якіх перадаўся публіцы. Слухачы знаходзіліся на залітай талай вадой відоўні, што не перашкаджала ім разам з музыкантамі сьпяваць любімыя песьні. Нягледзячы на тое, што з часоў памятнага канцэрту на гэтай жа пляцоўцы ўлетку 2004 году многія калектывы і выканаўцы пазбавіліся радыё– і тэлеэфіру, магчымасьці даваць канцэрты, публіка — а гэта былі пераважна маладыя людзі — была добра знаёмая зь іх творчасьцю. Сярод слухачоў было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, сьцягоў Эўразьвязу, а таксама сьцягоў з выявай зубра. Міліцыі ж наогул практычна не было відаць.

Аляксандр Мілінкевіч зьявіўся на сцэне на пачатку 19-й гадзіны. У сваім кароткім выступе ён звярнуўся да будучыні Беларусі ў асобе тых маладых людзей, якія прыйшлі на канцэрт-мітынг. Згадаўшы шумна рэклямаваныя ўладаю канцэрты “За Беларусь”, ён адзначыў, што ёсьць і іншая музыка — музыка свабоды. Скончыў свой выступ кандыдат у прэзыдэнты словамі “Няхай жыве выдатны, такі мілы нам беларускі рок!”

У праграме канцэрту, апрача “Крамы”, бралі ўдзел паэт Андрэй Хадановіч, малады гурт “Парасон”, гурт “N.R.M.”, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, удзельнікі супольнага праекту “Партызанская школа” — навучэнцы і выпускнікі Беларускага гуманітарнага ліцэю, гурт “Нэйра Дзюбель”.

Канцэрт-мітынг сабраў вялікую колькасьць журналістаў, а таксама беларускіх музыкаў. Я пацікавіўся ў некаторых зь іх, ці могуць сапраўды такія канцэрты нешта зьмяніць у грамадзкім жыцьці. Вось некаторыя думкі. Андрэй Плясанаў, лідэр гурта “P.L.A.N.”.

(Плясанаў: ) “Яны ня здольныя зьмяніць, яны мяняюць! Бо гэта ж канцэрт за Беларусь, за нашу радзіму. Я думаю, што такія канцэрты, калі б яны праводзіліся кожны тыдзень на працягу ўсёй перадвыбарнай кампаніі і так на зьмену, “За Беларусь” сёньня па тэлебачаньню, а заўтра такі тут, то, напэўна, адбылася б такая зьмена, што — о-го-го! І ня трэба было б наогул праводзіць выбары, бо, я думаю, іншыя кандыдаты проста б разышліся, а той, каму гэта было б патрэбна, стаў бы прэзыдэнтам. І мы б проста зэканомілі на гэтым вельмі вялікія грошы!”

А вось думка Яраша Малішэўскага, які ў апошні час актыўна выступае разам зь Пітам Паўлавым:

(Малішэўскі: ) “На сытуацыю гэтыя канцэрты ўплываюць, таму што, безумоўна, на такія канцэрты прыходзіць збольшага моладзь, якая, натуральна, тут выхоўваецца, бо выхоўвацца ёй няма дзе. Ці не адзінай крыніцай навучаньня часам і застаюцца такія вось рок-канцэрты, дзе людзі, і ў першую чаргу маладыя, штосьці, можа ўпершыню ў жыцьці, разумеюць”.







Гл. таксама:

Канцэрт на Бангалёры: прыйшло каля 3 тысячаў чалавек

Мілінкевіч на плошчы Бангалёр: "У нас іншая музыка, музыка свабоды" (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG